Пра гэта «Мэдыязоне» паведамілі ў прэс-службе суду.
Мусаеву адправілі ў СІЗА да 1 красавіка па частцы 2 артыкула 318 КК РФ (прымяненьне да сілавіка гвалту, небясьпечнага для жыцьця або здароўя).
«Адвакаты, накіраваныя „Камітэтам супраць катаваньняў“, не былі дапушчаныя да Зарэмы Мусаевай. Яе сваякам ніхто не падаваў інфармацыю ні пра крымінальную справу, ні пра арышт», — падкрэсьлілі расейскія праваабаронцы.
Па вэрсіі МУС, сьцьвярджала выданьне, Мусаеву даставілі ў аддзел паліцыі ў Грозным пасьля затрыманьня ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Участковы па Ахматаўскім раёне гораду стаў складаць на яе пратакол, калі Мусаева «правай рукой схапіла яго за левую шчаку і пры спробе адцягнуць разадрала твар».
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, які першы паведаміў аб тым, што здарылася, сьцьвярджаў, што Мусаева «напала на супрацоўніка паліцыі і ледзь не пазбавіла яго вачэй». Імя пацярпелага паліцыянта і характар траўмаў не ўдакладняліся.
- Жонку былога фэдэральнага судзьдзі Чачні Сайдзі Янгулбаева Мусаеву затрымалі ў Ніжнім Ноўгарадзе 20 студзеня. Яе сілком даставілі на допыт у Грозны па справе аб махлярстве — Мусаева праходзіць па ім сьведкай.
- На наступны дзень Кадыраў расказаў, што Мусаева падчас затрыманьня напала на сілавіка; затым стала вядома пра яе арышт на 15 сутак. Улады сьцьвярджаюць, што арыштантка з цукровым дыябэтам адчувае сябе «нармальна». Чачэнскі амбудсмэн апублікаваў два відэа — на адным ён тэлефануе ў спэцпрыёмнік і цікавіцца яе здароўем, на другім відаць сама Мусаева.
- Суд у Грозным завочна арыштаваў апазыцыйнага блогера і праваабаронцу Ібрагіма Янгулбаева, сына Зарэмы Мусаевай. Сваякі затрыманай пакінулі Расею, пасьля таго як Кадыраў абвінаваціў іх у тэрарызьме і заклікаў затрымаць.
- Кадыраў публічна пагражаў сямʼі былога фэдэральнага судзьдзі: «З гэтага часу сямейцы прыйдзецца жыць азіраючыся, уздрыгваць ад любога стуку ў дзьверы. Наш народ настолькі закрануты гнюсным і гістэрычным словаблудзьдзем Янгулбаевых, што першы ж чачэнец зь імі разьбярэцца, як толькі заявіцца такая магчымасьць. Нашае жыцьцё прысьвечана Ісламу, і мы толькі шчасьлівыя памерці ў барацьбе супраць такіх вераадступнікаў і адмарозкаў», — напісаў Кадыраў «УКантакце», куды таксама выклаў запіс жывога эфіру.