Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Грозным завочна арыштаваў апазыцыйнага блогера


Ібрагім Янгулбаеў (справа) з братам Байсангурам
Ібрагім Янгулбаеў (справа) з братам Байсангурам

Суд у Грозным завочна арыштаваў апазыцыйнага блогера Ібрагіма Янгулбаева, сына Зарэмы Мусаевай, выкрадзенай людзьмі кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава з Расеі ў Чачню.

Аб гэтым паведамляецца на сайце МУС Чачні.

Рашэньне аб арышце суд прыняў у рамках крымінальнай справы паводле артыкула аб публічных закліках да тэрарызму. Ібрагім Янгулбаеў знаходзіцца ў фэдэральным вышуку.

20 студзеня невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі паліцыі, уварваліся ў кватэру судзьдзі Вярхоўнага суду Чачні ў адстаўцы Сайдзі Янгулбаева ў Ніжнім Ноўгарадзе. Між сабой нападнікі гаварылі па-чачэнску.

Яны паказалі пастанову аб прыводзе Сайдзі Янгулбаева і яго жонкі Зарэмы Мусаевай у якасьці сьведак у крымінальнай справе аб махлярстве. Сайдзі ў выніку не кранулі, бо ён мае судзейскую недатыкальнасьць, але яго жонку павезьлі невядома куды.

Толькі празь нейкі час Зарэма Мусаева знайшлася ў Грозным. Яе арыштавалі на 15 сутак нібыта за напад на паліцыянта.

Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў абвінавачвае сям’ю Янгулбаевых у датычнасьці да тэлеграм-каналу «1adat», дзе крытыкуюць выкраданьні людзей і катаваньні ў Чачні. «Гэтую сямейку чакае месца ці ў турме, ці пад зямлёй», — напісаў Кадыраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG