1996. Першы Ўсебеларускі сход і зьмена Канстытуцыі
У 1996 годзе сярэдні заробак у Беларусі складаў у пераліку 81 даляр. У 2001, калі канчалася заплянаваная пяцігодка, — 89 даляраў.
Першы Ўсебеларускі сход прайшоў у Менску ў кастрычніку 1996 году. Гэта быў адказ Лукашэнкі на палітычны крызіс і супрацьстаяньне паміж ім і Вярхоўным Саветам. Якраз 4740 дэлегатаў сходу нібыта ўхвалілі варыянт Канстытуцыі, прапанаваны Лукашэнкам, які пераўтвараў Беларусь з парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі ў прэзыдэнцкую.
Таксама на гэтым сходзе ўхвалілі пляны на пяцігодку: разьвіцьцё гандлю, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва жыльля. Экспарт павінен быў забясьпечыць эканоміку замежнай валютай, а падтрыманьне сельскай гаспадаркі — гарантаваць харчовую бясьпеку.
2001. Другі УНС — і зноў пра харчовую бясьпеку
У 2001 годзе сярэдні заробак складаў у пераліку амаль 90 даляраў. У 2006-м, калі канчалася пяцігодка, — набліжаўся да 300 даляраў.
Другі Ўсебеларускі народны сход правялі ў траўні 2001 году, за тры месяцы да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Нейкіх рэвалюцыйных рашэньняў дэлегаты сходу не абмяркоўвалі. Гучалі стандартныя тэзісы, як і на першым сходзе, пра разьвіцьцё экспарту, будаўніцтва жыльля, патрэбу ў інвэстыцыях і інавацыях.
Таксама ставілася задача стварыць у Беларусі сучасныя дасьледчыя цэнтры і ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу мэдыцыны.
2006. Трэці УНС і ода беларускай мадэлі
У 2006 годзе сярэдні заробак у Беларусі набліжаўся да 300 даляраў, а ў 2010-м, напрыканцы пяцігодкі, складаў крыху больш за 400 даляраў.
Трэці Ўсебеларускі народны сход прайшоў перад выбарамі прэзыдэнта 2006 году. Адзін з альтэрнатыўных кандыдатаў Аляксандар Казулін спрабаваў трапіць на гэты сход, але быў пабіты сілавікамі.
Што да самога сходу, то ён зацьвердзіў прапанаваную ўладамі праграму на пяцігодку, у якой увага аддавалася павышэньню якасьці жыцьця шляхам «інавацыйнай скіраванасьці прамысловасьці», адраджэньню вёскі, разьвіцьцю рынкавай інфраструктуры прадпрымальніцтва, удасканаленьню падаткаабкладаньня.
«Таксама быў прыняты зварот, у якім падкрэсьліваецца, што выпрацаваная і апрабаваная за гады дзьвюх пяцігодак беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця паказала сваю эфэктыўнасьць», — адзначала тады прэс-служба Лукашэнкі.
2010. Чацьвёрты сход: «Ня ўсе паказчыкі выконваюцца»
У 2010-м сярэдні заробак крыху перавысіў 400 даляраў, а ў 2016 годзе, калі канчалася пяцігодка, — зноў склаў 370 даляраў (на чэрвень, калі праходзіў сход). Да гэтага прычыніліся дэвальвацыі ў 2011–2014 гадах.
Чацьвёрты Ўсебеларускі сход прайшоў у сьнежні 2010 году, таксама напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Дэлегаты традыцыйна ўхвалілі прапанаваныя ўладамі пляны на пяцігодку.
У якасьці плянаў заяўляліся: рост дабрабыту і паляпшэньне ўмоваў жыцьця насельніцтва праз удасканаленьне сацыяльна-эканамічных стасункаў, інавацыйнае разьвіцьцё і павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі. Галоўнай задачай пяцігодкі называлася стварэньне прынцыпова новых вытворчасьцяў, прадпрыемстваў і галінаў, якія выпускаюць экспартаарыентаваную, высокатэхналягічную прадукцыю, фармаваньне новага аблічча беларускай эканомікі.
Тады ж улады прызналі, што ня ўсе задачы, пастаўленыя папярэднімі сходамі, выконваюцца.
2016. Пяты сход, які адбыўся пасьля выбараў
У чэрвені 2016 году сярэдні заробак у Беларусі складаў у пераліку 370 даляраў. У лютым 2021 году, калі праходзіў чарговы сход, — 491 даляр.
УНС 2016 году прайшоў ня перад прэзыдэнцкімі выбарамі, а праз год пасьля іх. Як звычайна, сход зацьвердзіў асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на пяцігодку — на 2016–2020 гады. Важнымі вэктарамі замежнаэканамічнай дзейнасьці называлася аднаўленьне прысутнасьці на традыцыйных рынках, рост экспарту ў Эўразьвяз, асваеньне новых рынкаў. У пятай пяцігодцы заплянавалі закласьці падмурак новай эканомікі — эканомікі ведаў і паслуг. Пры гэтым вырашана захаваць усе дзейныя захады падтрыманьня маладой сям’і.
Рэзалюцыя сходу прадугледжвала інвэстыцыі для росту прадукцыйнасьці працы, стварэньня новых працоўных месцаў і фармаваньня цэнтраў апераджальнага рэгіянальнага разьвіцьця.
Пры гэтым на сходзе прызнавалі, што з рэалізацыяй задачаў на мінулую пяцігодку ня ўсё добра: «праз шэраг нэгатыўных вонкавых і ўнутраных фактараў асноўныя прагнозныя паказьнікі не былі дасягнутыя. Агульныя тэмпы разьвіцьця краіны да канца пяцігодкі склаліся ніжэйшыя, чым заплянаваны ўзровень».
2021. Шосты сход — і зноў зьмена Канстытуцыі
Апошні Ўсебеларускі сход прайшоў у Менску ў лютым 2021 году пад лёзунгам «Адзінства. Разьвіцьцё. Незалежнасьць». Падчас сходу Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на апанэнтаў улады. Дэлегаты ж падтрымалі ініцыятыву Лукашэнкі зьмяніць чарговым разам Канстытуцыю і надаць дэлегатам сходу паўнамоцтвы. Рэзалюцыя сходу, сярод іншага, уключала такія пляны:
- «Забесьпячэньне ўдзелу шырокіх слаёў насельніцтва ў распрацоўцы і рэалізацыі найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, прызнаўшы Ўсебеларускі народны сход найвышэйшай формай народнага прадстаўніцтва з заканадаўчым замацаваньнем яго асаблівага прававога статусу;
- стварэньне канстытуцыйнай камісіі, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай грамадзкасьці, розных галінаў эканомікі і сацыяльнай сфэры. Гэтай камісіі ў 2021 годзе даручаецца распрацаваць прапановы па зьмяненьні Канстытуцыі Беларусі для іх далейшага вынясеньня на ўсенароднае абмеркаваньне і рэспубліканскі рэфэрэндум».
Што да плянаў на пяцігодку, то, як і на ранейшых сходах, гаварылі пра паляпшэньне жыцьця насельніцтва, рэгіянальнае разьвіцьцё, мадэрнізацыю прамысловасьці ды іншае.
Якія паўнамоцтвы хочуць надаць Усебеларускаму сходу
- Усебеларускі народны сход зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь;
- прапануе зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.