Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Качанава настойвала на 80 працэнтах, а Шэйман прапаноўваў 60 і прызнаць паразу Лукашэнкі ў Менску», — былы супрацоўнік Адміністрацыі


Анатоль Котаў
Анатоль Котаў

Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў у вялікім інтэрвію расказвае, пра што думалі і як паводзілі сябе чыноўнікі ў жніўні 2020 году, заяўляе, што Лукашэнка задавальняў Захад, які бачыў у новых кандыдатах «руку Крамля», і тлумачыць, чаму Лукашэнка заўсёды возьме расейскі мільярд замест заходніх трох мільярдаў.

Анатоль Котаў працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, дарадцам па зьнешняй палітыцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта, амбасадзе Беларусі ў Польшчы, Нацыянальным Алімпійскім камітэце, Дырэкцыі Эўрапейскіх гульняў. Зь лютага 2020 году — у Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, адказваў за рэалізацыю замежнаэканамічных праектаў. У жніўні 2020 году напісаў заяву аб сыходзе. Ад верасьня 2020 да лістапада 2021 году быў прадстаўніком Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва па замежнай палітыцы. Цяпер працуе над уласным праектам — «Усходнеэўрапейскім стратэгічным форумам».

Сьцісла:

  • Зьнешняя палітыка да 2020 году акрэсьлівала пэўныя чырвоныя лініі ва ўнутранай палітыцы.
  • Нават калі б Захад прапанаваў на сваіх строгіх умовах 3 мільярды, Лукашэнка выбраў бы расейскі мільярд, які можна патраціць на што заўгодна.
  • Нехта з Расеі ў жніўні 2020-га падказаў, што сытуацыю трэба трошкі адпусьціць, бо справа можа дайсьці да вялікай крыві.
  • У чыноўнікаў была надзея, што, як у 1990-я гады, амаль усе застануцца пры сваіх пасадах і працягнуць працаваць, але ўжо на новую ўладу.
  • Узгадайце хоць аднаго прэм’ер-міністра, які мог бы стаць маральным аўтарытэтам для намэнклятуры.
  • Нават Захад бачыў у новых кандыдатах «руку Крамля».
  • Сытуацыя відавочная. Калі беларусам даць свабодны выбар — яны ніколі ня пойдуць у Расею.

Цяпер рэжым вельмі баіцца, што ўнутры апарату акапалася шмат ворагаў

— Як становяцца супрацоўнікамі Адміністрацыі прэзыдэнта?

— Я скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». Пасьля інстытуту трапіў у Міністэрства замежных спраў Беларусі, дзе працаваў 5 гадоў, пасьля чаго паехаў у камандзіроўку ў беларускую амбасаду ў Польшчы. У пэўны момант Адміністрацыя прэзыдэнта шукала маладых пэрспэктыўных беларускіх дыпляматаў — я падаў заяўку, прайшоў гутарку і быў прыняты на працу, у 2010 годзе.

— Людзі, якія цяпер сталі апанэнтамі рэжыму, сваю працу ў дзяржаўных структурах тлумачаць па-рознаму. Адны заяўляюць, што былі апалітычнымі і да нейкага часу ня бачылі нейкіх нэгатыўных праяваў дзеяньняў уладаў. Іншыя кажуць, што заўсёды былі гатовыя сысьці, але імкнуліся да апошняга выкарыстаць магчымасьць на гэтым месцы зрабіць нешта карыснае для краіны. Маўляў, лепш мы на гэтай пасадзе, чым цемрашалы. Які ваш варыянт?

— Пытаньне вельмі складанае, і, магчыма, у 2010 годзе я б на яго адказаў ня так, як у 2020 годзе. Наколькі я назіраў, шмат людзей, якія працавалі ў апараце, карысталіся падыходам, што чым болей ва ўладзе будзе нас, адукаваных і прагрэсіўных, тым хутчэй у краіне адбудуцца неабходныя перамены. І якраз цяпер рэжым вельмі баіцца, што ўнутры апарату акапалася шмат ворагаў.

Было адчуваньне, што калі прыйдзе шмат адукаваных новых людзей, калі на працу ў дзяржаўныя структуры прыйдуць маладыя людзі, якія атрымалі адукацыю на Захадзе і мелі досьвед працы ў буйных міжнародных структурах, — тады колькасьць пяройдзе ў якасьць. І мы неяк асэнсавана і спакойна падыдзем да пераменаў, без рэвалюцыяў і ўзрушэньняў, і апынёмся там, дзе нашае месца — у Эўропе.

— Гэтае вашае адчуваньне было чыста тэарэтычнае і абстрактнае — альбо вакол вас было дастаткова людзей менавіта з такімі ж прынцыпамі і падыходамі?

— Ведаеце, Міністэрства замежных спраў — гэта асаблівае месца ў беларускім дзяржаўным апараце. Там немагчыма эфэктыўна працаваць, калі ты жывеш у мінулым. Трэба мець адукацыю, ведаць замежныя мовы, умець падтрымліваць дыскусію. Я таксама быў зьдзіўлены, калі прыйшоў у Адміністрацыю прэзыдэнта, тым, што там прынамсі замежнапалітычная група мае тыя самыя каштоўнасьці.

Існаваў такі канцэпт, які канчаткова зламаўся толькі ў 2020 годзе, — што зьнешняя палітыка акрэсьлівала пэўныя чырвоныя лініі ва ўнутранай палітыцы. Нельга было захопліваць самалёты, арыштоўваць тысячамі ўласных грамадзян, мець тысячы палітзьняволеных, руйнаваць незалежныя СМІ.

— То бок дыпляматы на чале з Макеем сапраўды стрымлівалі апэтыты і выбрыкі сілавікоў? Як, напрыклад, у 2017 годзе, калі быў разгон 25 сакавіка і «справа патрыётаў», калі арыштавалі дзясяткі чалавек, якіх потым вызвалілі без прад’яўленьня абвінавачаньняў.

— МЗС адказвае за экспарт і прыцягненьне інвэстыцый. І гэтую задачу немагчыма выконваць ва ўмовах санкцый і рэпрэсій. У 2015 годзе пасьля выбараў было адчуваньне, што мы ўсё ж рухаемся ў бок цывілізаваных дзяржаў, улады мірыліся з існаваньнем грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы.

— То бок МЗС пісала нейкія дакладныя запіскі на імя Лукашэнкі, што рэпрэсіі, напрыклад, супраць удзельнікаў Маршаў недармаедаў, ці «справа патрыётаў», могуць нашкодзіць нашаму экспарту, і Лукашэнка адмяняў рэпрэсіўныя захады?

— Было і так. Але было і наадварот, калі зьверху было сказана — «сілавікі, не зьвяртайце ўвагі на гэтых дыпляматаў, яшчэ невядома, на каго яны працуюць». І здаралася, што быў заплянаваны візыт на высокім узроўні, які рыхтаваўся 2 гады — але верх бралі сілавікі, і візыт адмяняўся. Чэмпіянат сьвету па хакеі, Эўрапейскія гульні паказалі, што можна наладжваць вялікія міжнародныя мерапрыемствы і што пэўная свабода нічым не перашкаджае, а наадварот, заахвочвае людзей.

Нават калі б Захад прапанаваў на сваіх строгіх умовах 3 мільярды, Лукашэнка выбраў бы расейскі мільярд, які можна патраціць на што заўгодна

— У 2018–2019 годзе было пару момантаў, калі Лукашэнка не паехаў на заплянаваныя і падрыхтаваныя замежныя візыты, у тым ліку на саміт «Усходняга партнэрства». Ён баяўся рэакцыі Расеі?

— Наконт саміту «Ўсходняга партнэрства» — так, гэта быў уплыў Расеі. Ён кожны раз узважваў плюсы і мінусы. Але гэтыя шалі даволі прымітыўныя, усё абапіралася на грошы. Расея можа даць крэдыт на мільярд даляраў. А Эўразьвяз дасьць нейкія 30 мільёнаў на разьвіцьцё інфраструктуры.

— Дык калі б Захад прапаноўваў Лукашэнку ў гэтыя гады лібэралізацыі больш сур’ёзныя грошы — дык ён бы плюнуў на Расею і больш актыўна ішоў бы на Захад? Уся справа ў тым, што не прапанавалі дастаткова грошай?

— Не, усё больш глыбока. Тут мае значэньне ня толькі сума грошай — важна і тое, якім чынам яны трапляюць у краіну. Расейскі мільярд адмініструецца празь дзяржаўны бюджэт, самім Лукашэнкам, і ён можа пускаць яго на што захоча. А заходнія грошы прадугледжваюць больш строгі кантроль і ідуць на канкрэтныя праекты — памежная інфраструктура, дарогі.

Мала хто зьвяртаў увагу, што большасьць інвэстыцый у Беларусі ў інфраструктуру паходзіла пераважна з заходніх крыніцаў. І цяпер, калі Сусьветны Банк спыніў супрацоўніцтва зь Менскам, пачаліся актыўныя праблемы з дарожным будаўніцтвам.

Таму расейскі мільярд менш карысны для Беларусі, чым эўрапейскія 300 мільёнаў, што накіроўваліся на канкрэтныя праекты, якія прайшлі папярэднюю ацэнку і прынясуць прыбытак і акупнасьць. І выбар быў такі — альбо расейскі мільярд, які ідзе фактычна ў кішэню, альбо 300 мільёнаў, якія пойдуць нейкім прыватнікам. Нават калі б Захад прапанаваў на такіх умовах 3 мільярды, рэжым выбраў бы расейскі мільярд, які можна патраціць на што заўгодна.

Мы ж памятаем, што ў 2010 годзе незадоўга да выбараў у Менск прыяжджалі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны Сікорскі і Вэстэрвэле, якія якраз прапанавалі 3 мільярды на розныя праекты разьвіцьця.

— Падчас працы ў Адміністрацыі прэзыдэнта вы працавалі з рознымі кіраўнікамі Адміністрацыі. Падзяліцеся сваімі ўражаньнямі.

— У апараце не пасада мае ўплыў на палітыку, а прозьвішча, асоба. Калі кіраўніком Адміністрацыі быў Макей, яму найперш цікава было займацца зьнешняй палітыкай, разьвіцьцём культуры. Калі мы будуем незалежную зьнешнюю палітыку, то Беларусь павінна мець сваю ідэнтычнасьць, адрозьнівацца ад суседзяў, лічыў Макей.

Яму на зьмену прыйшоў Кабякоў, якога цікавіла фактычна толькі эканоміка. Адміністрацыя ператварылася ў альтэрнатыву ўраду. Уся эканамічная стратэгія пры ім выпрацоўвалася ў Адміністрацыі — а ўрад нібыта ні пры чым.

Цяперашні кіраўнік, Сергеенка, які прыйшоў на пачатку 2020 году, першыя паўгода займаўся намацваньнем свайго месца ўнутры апарату. Гэта нават было відаць па нейкіх нарадах, калі Лукашэнка часьцей зьвяртаўся не да яго, а да Качанавай. Нельга казаць, што вось прыйшоў сілавік Сергеенка, і гэта адразу азначала нейкі сілавы паварот. Умоўныя сілавікі Нявыглас ці Макей стваралі на гэтай пасадзе такую атмасфэру працы, якія ніяк не нагадвала войска — акурат наадварот.

— За што вы адказвалі, працуючы ў Адміністрацыі?

— Я адказваў за каардынацыю працы МЗС і іншых структураў у пабудове палітыкі зь неэўрапейскімі краінамі. Было вельмі цікава адкрываць для сябе новыя кірункі — Кітай, Паўднёвую Карэю. Але потым вяртаесься «на зямлю», дзе табе будуць навязваць, як разьвіваць адносіны з гэтымі краінамі — хоць ты ведаеш нашмат больш за тых, хто прымае гэтыя рашэньні.

— Чаму правалілася стаўка на «астатні сьвет» — не Расею і не Эўразьвяз? Столькі візытаў, столькі абвешчаных «прарываў» — але ўсё сыходзіць у нікуды, рэальных прарываў няма. Чаму?

— Бо палітыка адносна гэтых краін грунтуецца на ўяўленьнях пра іх 30-гадовай даўнасьці, якія пануюць у беларускай намэнклятуры. Уяўленьні, нібыта мы можам іх нечаму навучыць і адарыць іх сваімі тэхналёгіямі. «Што той Кітай? Вось у нас МАЗы, якія мы 40 гадоў вырабляем, у нас „Інтэграл“», і гэтак далей. Не было разуменьня, што гэтыя краіны даўно зьмяніліся.

— Напярэдадні выбараў 2020-га вы ўжо працавалі ў Кіраўніцтве спраў Адміністрацыі прэзыдэнта. Што там адбывалася ў выбарчы пэрыяд?

— Усе чакалі, што выбары пройдуць па стандартнай схеме. То бок выбары — тэхнічны працэс, які нічога ў краіне не вырашае, мэханізм адпрацаваны так, каб выключыць усялякія сюрпрызы. Ніхто ад пачатку не зьвярнуў увагі, што вылучаюцца кандыдаты, якія не былі ўзгодненыя. Не заўважылі, што краіна зьмянілася, грамадзтва зьмянілася, стала больш здольным да самаарганізацыі.

2020 год пачаўся з ковіду, з эканамічнага крызісу, а беларуская дзяржава — амаль адзіная ва ўсім сьвеце — абвяшчала, што дапамагаць нікому ня будзе.

Калі ўсё пачалося 9 жніўня каля стэлы, калі зьявіліся гранаты, — то, як я пазьней даведаўся, гэта быў сьвядомы загад — запалохаць. Але нешта пайшло ня так, не па пляну ўладаў. Улады не чакалі такога супраціву ў наступныя дні.

— Што здарылася 13–14 жніўня, калі пасьля трох дзён зьверстваў яны вырашылі ўсё спыніць, сілавікі зьніклі з вуліц? Хто прыняў гэтае рашэньне, як яны вырашылі адступіць, каб потым зноў пачаць рэпрэсіі?

— Цяжка сказаць. Я сумняваюся, што гэтае рашэньне было прынятае ўнутры беларускай сыстэмы. Нехта разумнейшы з Расеі падказаў, што сытуацыю трэба трошкі адпусьціць, бо справа можа дайсьці да вялікай крыві, якая пераверне сытуацыю. І потым балёнікі і кветачкі дазволілі стварыць ілюзію, што мірны пратэст можа перамагчы.

Жнівень 2020 году ў дзяржаўным апараце — гэта быў час чаканьня, цішыні і надзеі

— Што адбывалася ўнутры сыстэмы ў гэтыя дні?

— Гэта быў час чаканьня, цішыні і надзеі. Чаканьня таго, што сытуацыя можа разьвярнуцца і вырашыцца на працягу тыдня ці двух, што ў краіне адбудуцца перамены. Але мала хто пра гэта казаў услых. Надзеі былі на тое, што праз тыдзень-два можна будзе без крыві апынуцца ў іншай краіне. Усе стаміліся жыць у апараце, у сыстэме, у якой ты ня можаш адчуваць сябе проста чалавекам. І была надзея, што ўсё гэта зьменіцца, і, як у 1990-я гады, амаль усе застануцца пры сваіх пасадах і працягнуць працаваць, але ўжо на новую ўладу.

— То бок чыноўнікі чакалі, што гэта ўсё само неяк адбудзецца, што нехта скіне Лукашэнку, але самім нешта зрабіць для гэтага ў галаву не прыходзіла? Тое, што не адбыўся моцны раскол намэнклятуры, многія аналітыкі называюць адной з галоўных прычынаў, чаму перамены ў жніўні 2020-га не перамаглі.

— Існуе праблема адсутнасьці аўтарытэту сярод чыноўнікаў. Узгадайце хоць аднаго прэм’ер-міністра, які мог бы стаць маральным аўтарытэтам для намэнклятуры. Калі нават нехта і сыходзіў зь сярэдніх, нізавых пасадаў — гэта не выклікала эфэкту даміно. А тым, хто бліжэй, было цяжэй выйсьці з гэтай сыстэмы — ёсьць што губляць, кампрамат і гэтак далей.

— А як вы прынялі сваё рашэньне сысьці?

— Фактычна я прыняў гэтае рашэньне 10 жніўня 2020 году. Я яшчэ праз пэўныя абставіны думаў дапрацаваць пару тыдняў, але вельмі хутка стала зразумела, што адбыўся разварот да немагчымасьці нармальнага разьвіцьця. Кожны дзень я вяртаўся з працы, праходзіў каля Пушкінскай, бачыў, што адбываецца ў горадзе. У панядзелак 17 жніўня, пасьля самага масавага маршу, я напісаў заяву.

У аднаго з маіх калегаў пабілі сына, які апынуўся на вуліцы даволі выпадкова, — і ён нічога ня мог зрабіць. Іншы калега, чалавек цынічны, немалады, сказаў мне — «гэта ўсё цемрашальства». І я зразумеў, што нават такія людзі разумеюць, што гэта ўсё перайшло межы разумнага.

— Гучалі зьвесткі, што сярод кіраўніцтва была дыскусія, колькі працэнтаў «маляваць Лукашэнку».

— Так, дыскусія была, і перамагла лінія Натальлі Качанавай, што трэба напісаць 80 працэнтаў.

— А нехта выступаў за 50 працэнтаў?

— За 50 не было нікога. Але Віктар Шэйман прапаноўваў напісаць 60 і нават дапусьціць, што ў Менску Лукашэнка прайграе. Гэта выглядала б натуральна і дазволіла б супакоіць людзей, прадухіліць масавыя пратэсты.

Праблема ў тым, што гэтая прага народнай любові ёсьць ва ўсіх дыктатараў, гэта праблемы мадэлі, якая застаецца закладніцай самой сябе.

— Зь некаторых публікацый размоваў ад Кібэрпартызанаў вынікае, што загад на самы жорсткі разгон даваў менавіта сам Лукашэнка. У вас няма на гэты конт сумневаў?

— Сумневаў няма, бо калі б ня так, то былі б нейкія разборкі і пакараньні, што нешта перагнулі і трэба адкруціць назад. Але была прынятая тактыка, што «мы тут улада, робім што хочам, нам не да законаў, сваіх не здаём».

Можа і добра, што ўсё адбылося менавіта так. Бо бязь нейкіх пакутаў і цяжкасьцяў цяжка збудаваць нешта, што будзе цаніцца.

Нават Захад бачыў у гэтых новых кандыдатах «руку Крамля»

— Для Захаду Лукашэнка быў прадказальны і зразумелы. А ў новых кандыдатах бачылі небясьпеку і руку Крамля.

— Захад бачыў?

— Так. Я памятаю некалькі размоваў з замежнымі дыпляматамі наконт гэтага. Гэта той самы міт, якім вельмі ўдала спрабавалі палохаць Захад, — «рукой Расеі». Маўляў, яны прыйдуць, і вы прачняцеся, як Беларусь апынецца ў Расеі.

— Гэта міт запусьціла беларуская ўлада?

— Вядома, запусьціла ўлада. Патлумачце мне, калі Бабарыка — кандыдат ад Крамля, чаму тады ўвесь холдынг «Газпром-мэдыя» ніяк яго не падтрымаў? Аднаго залпу НТВ было б дастаткова, каб зьявіліся новыя «Хросныя бацькі». Калі Бабарыка — кандыдат Крамля, чаму Крэмль ня можа яго дастаць з турмы, чаму Крэмль дапусьціў фактычны рэйдэрскі захоп банку?

— Ці лічыце вы рэальнай магчымасьць, што Захад і Масква могуць прыйсьці да кансэнсусу наконт Беларусі і разам прыйдуць да згоды наконт зьмены ўлады?

— Гэты варыянт нельга выключаць, але ён мае свае абмежаваньні. Да кансэнсусу наконт таго, што трэба мяняць Лукашэнку, Захад і Масква могуць дайсьці, альбо ўжо дайшлі. Але ж самае галоўнае — што рабіць зm Беларусьсю.

Сытуацыя вельмі відавочная. Калі Беларусі даць свабодны выбар — яна ніколі ня пойдзе ў Расею. Таму Крэмль падазрае Захад у няшчырасьці, калі Захад кажа — «давайце дадзім беларусам свабоду выбару, хай самі выбіраюць, куды ім ісьці». Бо ўсе ведаюць, што гэты выбар будзе на Захад.

Найперш таму, што ўсе бачаць, што цяпер адбываецца ў Расеі. Я калегам у Расеі кажу: «Вы разумееце, што за апошнія паўтара года вы зруйнавалі той сантымэнт, які быў у многіх беларусаў да Расеі? Вы зруйнавалі яго падтрымкай Лукашэнкі. Вы проста страцілі ўсялякую прывабнасьць». Нават працоўная міграцыя за апошнія гады зьмянілася, беларусы і без палітыкі галасуюць нагамі — у бок Захаду. Праблема таго, што беларусы ня хочуць у Расею, — у непрывабнасьці самой Расеі. Хоць стартавыя пазыцыі пасьля развалу СССР, безумоўна, былі на карысьць Расеі.

Таму кансэнсусу паміж Расеяй і Захадам дасягнуць вельмі цяжка. Лукашэнка Крамлю не патрэбны, але як захаваць Беларусь у сфэры ўплыву Расеі? У Расеі няма часу і ўменьня, каб будаваць сваю «мяккую сілу».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG