Традыцыйная навагодняя цырымонія падзеньня крыштальнага шара на нью-ёрскай Таймс-сквэр пакуль застаецца ў сіле, але яе маштабы істотна скарочаныя. Каб забясьпечыць сацыяльную дыстанцыю, на плошчу дапусьцяць толькі 15 тысяч чалавек замест звычайных 60 тысяч.
Галоўны амэрыканскі экспэрт у барацьбе з каранавірусам Энтані Фаўчы заклікаў суайчыньнікаў адклікаць запрашэньні на навагоднія вечарыны, накіраваныя невакцынаваным, у сувязі з распаўсюдам інфэкцыі па ўсёй краіне.
У Нью-Ёрку, Джорджыі, Фларыдзе, Тэхасе назіраецца ўсплёск новых выпадкаў COVID-19, колькасьць за апошнія два тыдні вырасла ўдвая. Паводле сайту FlightAware, ад Калядаў адменена каля 7 тысяч авіярэйсаў.
Падобная сытуацыя і ў Эўропе. Заплянаваная навагодняя імпрэза на лёнданскай Трафальгарскай плошчы адмененая праз ковід, напісаў у твітэры мэр гораду Садзік Хан.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц аб’явіў, што ягоны ўрад забароніць навагоднія мерапрыемствы. Гэта азначае, што ў Бэрліне і іншых буйных гарадах ня будзе масавых гуляньняў з фаервэркамі.
У Грэцыі сёлета ня будзе фаервэркаў над Акропалем, паведаміў міністар здароўя Танас Плеўрыс.
Таксама скасоўваюцца ўрачыстасьці і ў Рыме і шэрагу іншых італьянскіх гарадоў.
Навагоднія зборы з удзелам вялікай колькасьці людзей адмянілі ў Індыі, дзе да далейшага апавяшчэньня забароненыя ўсе палітычныя, грамадзкія, культурныя мерапрыемствы.
А як у Менску?
А вось у Беларусі абмежаваньняў з нагоды пандэміі каранавірусу ня будзе. Паводле ўладаў Менску, у сталіцы Беларусі сьвяточныя імпрэзы заплянаваныя на 22 пляцоўках. Публіку будуць весяліць артысты, прадугледжаная праца перасоўных пунктаў грамадзкага харчаваньня. Але салюту ў Менску ня будзе.