Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі з Канстытуцыі прыбяруць тэзіс аб нэўтралітэце. Тлумачыць былы дыплямат


Вайсковыя расейска-беларускія вучэньні "Захад-2017". Архіўнае фота.
Вайсковыя расейска-беларускія вучэньні "Захад-2017". Архіўнае фота.

Прызнаньне Крыму расейскім, вайсковыя базы Расеі, удзел у вайсковых канфліктах на баку Расеі, страта незалежнасьці — былы дыплямат Павал Мацукевіч тлумачыць, што можа адбыцца, калі з Канстытуцыі выдаляць тэзіс аб імкненьні да нэўтралітэту ў вонкавай палітыцы.

Новы праект Асноўнага Закону, які будзе, сярод іншага, уключаць у сябе такую папраўку, неўзабаве можа быць вынесены на рэфэрэндум. Гэта і паслужыла Цэнтру новых ідэй нагодай для дасьледаваньня«Ці магчымы нэўтралітэт Беларусі», пра якое расказвае старшы дасьледчык цэнтру Павал Мацукевіч.

Глядзіце размову на відэа цалкам

«У выпадку Беларусі панятак нэўтралітэту — гэта панятак незалежнасьці»


— Якую небясьпеку нясе для Беларусі адмова ад нэўтральнага статусу, замацаванага ў Асноўным Законе, у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве?

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

— У выпадку Беларусі панятак нэўтралітэту — гэта панятак незалежнасьці, і імкненьне да нэўтралітэту — гэта імкненьне да незалежнасьці. Нават тыя нешматлікія праявы так званага сытуацыйнага нэўтралітэту, калі Беларусь не прызнавала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, не прызнавала Крым расейскім, — гэта насамрэч былі праявы незалежнасьці, самастойнасьці, прынамсі ў вонкавай палітыцы Беларусі. Цяпер мы адыходзім ад абароны нацыянальных інтарэсаў, фактычна губляем уласную вонкавую палітыку і паступова здаём беларускую незалежнасьць.

Зразумела, што дэклярацыя ў Канстытуцыі і сам пункт мала што вырашае. Важна, які сэнс дзяржава ўкладае ў тыя ці іншыя крокі і якую палітыку рэалізуе на практыцы. А гэта антыбеларуская палітыка.

— Якім чынам праводзілася ваша дасьледаваньне? Якія яго асноўныя высновы?

— У нас атрымалася нават не дасьледаваньне, а ў пэўнай ступені стратэгія ці плян, як зрабіць Беларусь нэўтральнай дзяржавай. Мы прыйшлі да высновы, што імкненьне Беларусі да сувэрэнітэту — не сыгнал часу, а адвечны шлях, гэта выцякае з нашага геаграфічнага, геапалітычнага становішча, з нашай складанай супярэчлівай гісторыі. Беларусь перажыла ўсе больш-менш значныя канфлікты і войны ў Эўропе, і пацярпела ў іх больш, чым хто іншы на эўрапейскай мапе. Мы пастараліся сфармуляваць нэўтралітэт як доўгатэрміновую мэту Беларусі і прапанавалі свае варыянты дзеяньняў, каб гэтай мэты дасягнуць.

«І пры Лукашэнку фіксаваліся яркія праявы нэўтралітэту»

— Наколькі пасьлядоўна ў гісторыі незалежнай Беларусі праводзілася палітыка нэўтралітэту ў вонкавай палітыцы, як у першыя тры гады незалежнасьці, так і ў часы кіраваньня Лукашэнкі?

— Імкненьне да нэўтралітэту суправаджае нашу краіну з моманту атрыманьня незалежнасьці. Гэты пункт узьнік у Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, зь якога і пачынаецца незалежнасьць Беларусі. Гэты радок увайшоў у Канстытуцыю 1994 году і ёсьць там дагэтуль. Але «часам не да законаў» і не да Канстытуцыі. Ужо ў 1993 годзе Беларусь парушыла задэкляраваны нэўтральны статус, калі ўступіла ў АДКБ, мы далучыліся да ваеннага блёку. З прыходам Аляксандра Лукашэнкі галоўную ролю пачынае адыгрываць інтэграцыя з Расеяй.

Аднак і пры Лукашэнку фіксуюцца яркія праявы нэўтралітэту — пачынаючы з 2008 году, калі Беларусь не прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, потым 2014 год — Крым, потым калі Менск становіцца пляцоўкай для міжнародных перамоваў па сытуацыі на Данбасе. Уся гісторыя заканчваецца фальсыфікацыяй выбараў у жніўні 2020 году і разваротам на ўсход. Беларусь становіцца фарпостам эўразійства, які першы прымае, па вэрсіі ўладаў, «удар падступнага Захаду».

З пункту гледжаньня доўгатэрміновых інтарэсаў Беларусі і з пункту гледжаньня гісторыі Беларусі гэта ненатуральнае рашэньне. Таму мы спрабуем сфармуляваць нейкую разумную альтэрнатыву.

«На дадзеным этапе немэтазгодна ставіць пытаньне аб выхадзе з АДКБ»

— Ці азначае палітыка нэўтралітэту для Беларусі адмову ад геапалітычных, эканамічных і вайсковых саюзаў? Як саюзу з Расеяй, як АДКБ, як ЭўрАзЭС, так і патэнцыйнага сяброўства ў NATO і ЭЗ?

— У беларускім выпадку, напэўна, не. Мы гаворым пра нэўтралітэт як доўгатэрміновую мэту. Гэта можа быць праз 10, 20 ці 30 гадоў. У выпадку Беларусі мы не прэтэндуем на клясычнае разуменьне самой гэтай ідэі. А выходзіць ці ўступаць у саюзы і блёкі трэба зыходзячы з прагматычных інтарэсаў.

Калі сёньня Беларусі выгадна заставацца ў АДКБ і гэтая арганізацыя не ўяўляе для яе пагрозы, а выхад зь яе будзе прадстаўляць пагрозу, пагоршыць адносіны з Расеяй, створыць дадатковыя рызыкі, то, напэўна, на дадзеным этапе немэтазгодна ставіць пытаньне аб выхадзе з АДКБ.

Сёньня для Беларусі важней «падцягнуць» адносіны зь іншымі краінамі. Усё, што не зьвязана з Расеяй, бо Расея дамінуе ў сьпісе партнэраў Беларусі, на Расею прыпадае 50% вонкавага гандлю, гэта на 100% крыніца энэргарэсурсаў. Мы залежым ад Расеі практычна ва ўсіх сфэрах. У такіх умовах нават няважна, хто ва ўладзе — Аляксандар Лукашэнка ці новы дэмакратычны ўрад: рэалізоўваць самастойную вонкавую палітыку ва ўмовах такой залежнасьці ад Расеі не атрымаецца.

Першая задача — нейкім чынам зьнізіць гэтую залежнасьць, але ня так, каб адмовіцца ад Расеі, бо такая адмова можа выклікаць вельмі нэгатыўную рэакцыю ўсходніх партнэраў, а так, каб падцягнуць іншыя вэктары вонкавай палітыкі, каб адносіны з Захадам дацягвалі да ўзроўню беларуска-расейскіх адносінаў. І тады, магчыма, мы будзем застрахаваныя ад такога крызісу, як цяпер, калі заходнія краіны ня маюць рычагоў уплыву на Беларусь, акрамя санкцыйных, і тыя санкцыйныя рычагі прыводзяць не да тых мэтаў, якія ставяцца.

Трэба, каб у Беларусі быў не адзін партнэр, а многа. А цяпер задача — ня даць разьвіцца большай залежнасьці ад Расеі, ня даць адкрыцца ў Беларусі вайсковым базам, бо ёсьць нейкія пункты незвароту, якія паставяць крыж і на палітыцы нэўтралітэту, і на незалежнасьці Беларусі як самастойнай дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG