Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей прапанаваў адмовіцца ад «нэўтралітэту» ў Канстытуцыі Беларусі. Яго падтрымаў прадстаўнік Генштабу


Уладзімер Макей.
Уладзімер Макей.

Міністар замежных спраў Беларусі заявіў аб прыярытэце Расеі ў замежнай палітыцы краіны.

Выступаючы на Ўсебеларускім народным сходзе, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў аб прыярытэце Расеі ў замежнай палітыцы краіны:

«На ўзаемадзеяньне з Расеяй будзе накіраваны асноўны вэктар нашага разьвіцьця».

Макей выступіў і з прапановай аб зьменах у Канстытуцыі.

«Замацаванае ў Канстытуцыі імкненьне Беларусі да нэўтралітэту не адпавядае бягучай сытуацыі. Прапануецца ўлічыць дадзены аспэкт у працы над папраўкамі да Асноўнага Закону нашай краіны.

Мы знаходзімся на геапалітычным разломе паміж Усходам і Захадам. Нэўтралітэту ў клясычным выглядзе больш не існуе. Таму Беларусь павінна трымацца прынцыпу шматвэктарнасьці. Хоць гэта і не адмаўляе нейкага канкрэтнага вэктару. У нас гэты прыярытэт выпакутаваны жыцьцём — Расея застанецца галоўным партнэрам», — адзначыў Уладзімер Макей.

Асобна міністар спыніўся на «апазыцыянэрах-уцекачах» за мяжой, якія патрабуюць чарговых санкцый супраць Беларусі.

«Гэта як трэба ненавідзець свой народ, заклікаючы зьнішчыць яго эканамічна?» — задаўся ён пытаньнем.

На яго перакананьне, цяперашнія мэтады насаджэньня шляху для Беларусі выклікаюць паралелі з новым парадкам у адной вядомай краіне.

«Аддаць краіну ў рукі фашыствуючай дэмакратыі нельга», — зазначыў Макей.

Наступным выступаў намесьнік начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Павал Муравейка, які падтрымаў тэзіс Макея аб тым, што трэба прыбраць імкненьне да нэўтралітэту з Канстытуцыі:

«Сёньня ўмовы, якія забясьпечваюць нэўтральны статус нашай краіны, пакуль ня створаны. Да іх дасягненьня выбар калектыўнай абароны ў якасьці стратэгічнага арыенціру зьяўляецца неабходным і патрабуе замацаваньня ў Канстытуцыі. Гэта закладзе моцны прававы фундамэнт доўгатэрміновых і эфэктыўных праектаў па забесьпячэньні бясьпекі краіны, надасьць імпульс у супрацоўніцтве з дружалюбнымі краінамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG