Па дадзеных на 22 кастрычніка ў чаце «Клюб аматараў песень Цоя» было ўсяго чатыры ўдзельнікі, паведамляе карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Кацярына Пракоф'ева. Пасьля рашэньня МУС многія адпісаліся ад супольнасьці. Як ім, так і тым, хто застаўся, пагражае крымінальнае пакараньне, згодна зь нядаўнім рашэньнем уладаў прыцягваць да крымінальнай адказнасьці беларусаў за ўдзел у прызнаных экстрэмісцкімі тэлеграм-каналах. Па дадзеных МУС, максымальнае пакараньне для ўдзельнікаў чата — да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
Ждановічы — невялікі пасёлак, які месьціцца за менскай кальцавой дарогай. «Клюб аматараў Цоя» — тыповы раённы чат, дзе людзі звычайна абмяркоўваюць штрафы за хуткасьць, зьніклых сабак, нарошчваньне павек і, між іншым, нагадваюць, што 25 кастрычніка — Міжнародны дзень барацьбы жанчын за мір.
Аднак раённы чат, у назве якога ёсьць імя Віктара Цоя, прызнаны экстрэмісцкім па палітычных матывах. Песьня «Перемен!» групы «Кіно» — адна з галоўных пратэстных песень у Беларусі, яе сьпявалі на вуліцах і ў дварах на працягу ўсіх дзён масавых дэманстрацый, якія пачаліся летась пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам быў аб’яўлены Аляксандр Лукашэнка.
Першае абвінавачаньне за выкананьне песьні «Перемен» зьявілася яшчэ ў жніўні 2020 года, незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў. Тады на адной з пляцовак, выдзеленых для перадвыбарнай агітацыі, якую беларускія ўлады вырашылі выкарыстаць для «Дня адчыненых дзьвярэй устаноў дадатковай адукацыі», двое дыджэяў, Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі, уключылі папулярную песьню Віктара Цоя. Калі з калёнак загучала музыка, людзі сталі крычаць «Перамен!», «Сьвета!», «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!». Да пульта дыджэяў тады падышоў кіраўнік адміністрацыі раёна і выклікаў міліцыю. Галанава і Сакалоўскага судзілі па артыкуле «Дробнае хуліганства» і арыштавалі на 10 сутак. Пасьля вызваленьня яны пакінулі краіну.
Пасьля гэтых падзеяў у цэнтры Менску ў двары дома на вуліцы Чарвякова зьявілася так званая Плошча пераменаў (гэта яе народная, не афіцыйная назва). Падчас пратэстаў у жніўні 2020 года там зрабілі мурал з партрэтамі Галанава і Сакалоўскага. Гэты мурал увесь час зафарбоўвалі, але яго аднаўлялі ізноў і ізноў. Цяпер людзі запалоханыя нагэтулькі, што мурал зьнік, ён зафарбаваны. Аднаўляць яго зараз баяцца: за гэта можа пагражаць крымінальны перасьлед.
Яшчэ да пачатку пратэстаў у Беларусі ў пераходах мэтро стала сьпявалі песьні Цоя. Працягваюць гэта рабіць да гэтага часу, але зараз міліцыя рэагуе на такое «самавольства» імгненна. Становіцца небясьпечнай нават такая нявінная рэч, як выкананьне песьні «Група крыві» ў падземным пераходзе ў цэнтры Менску. Але бывае і гэта не палохае тух, хто прыходзіць з гітарай спяваць для мінакоў.
Цяпер у экстрэмісты запісалі нявінны беларускі местачковы клюб аматараў песень Цоя. Адзін з удзельнікаў гэтага тэлеграм-чата Антон Дубынін адказаў на пытаньні Радыё Свабода:
— Я даведаўся пра гэты чат крыху раней, чым зьявілася навіна аб тым, што ён прызнаны экстрэмісцкім. Я зайшоў, каб падтрымаць хлопцаў, і даведацца, наколькі добра сілавікі Беларусі ўмеюць працаваць агэнтурна. Цяпер адсутнасьць мэдыякантэнту і адмінаў кажа пра поўны разгром супольнасьці.
— Вы з групы не выдаліліся, значыць, не асьцерагаецеся, што вас могуць абвінаваціць у экстрэмісцкай дзейнасьці за падпіску на гэты канал?
— Я — прафэсійны айцішнік, сетка — гэта мая праца, відавочна, што я магу дазволіць сабе раскошу не баяцца (у нейкіх межах), а тэлеграм выдатны ў пляне бясьпекі і неаднаразова пацьвердзіў, што яму можна давяраць, калі змагаешся з дыктатарскім рэжымам.
— Як астатнія ўдзельнікі гурта (я гляджу, іх няшмат) паставіліся да прызнаньня гэтага чату экстрэмісцкім? Наколькі гэта сурʼёзна?
— Усе, хто засталіся пасьля рашэньня МУС, па маіх назіраньнях, або тролі, або паліцэйскія, або рускамоўныя людзі ь іншых краін. Карэннага беларуса, які б ведаў бягучую павестку на мясцовасьці, я хіба што аднаго бачыў, і тое мімаходзь. Праваахоўнікі Менску мяне бянтэжаць: з аднаго боку, яны не праяўляюць дзёрзкасьці і рашучасьці, з другога — паказваюць поўную тэхналягічную неадукаванасьць, што выліваецца ў стральбу з гарматы па верабʼях.
— А як вы разумееце, хто ў чаце з МУС або КДБ?
— Калі вы чытаеце перапіску, то перад вамі ўзьнікае сцэна і пэрсанажы. Можна разглядзець характэрныя рысы паводзінаў, калі параўнаць аднаго і таго ж пэрсанажа ў розных дыялёгавых сытуацыях. Некаторыя агрэсіўна супраць або за, некаторыя ўніклівыя, некаторыя няшчырыя. Навошта няшчыраму чалавеку тырчаць у фанацкай групе? Выснова: гэта агент.
— Па якой прычыне, як вы думаеце, беларускія ўлады зацікавіліся такім маленькім чатам, ды яшчэ і прызначылі ў тэрарысты клюб з такой нявіннай назвай?
— Гэта альгарытм працы беларускага дзяржаўнага апарату. Калі ўладар патрабуе знайсьці змоўшчыкаў, сыстэма спрабуе чэрпаць інфармацыю аб рэпрэсаваных усярэдзіне самой сябе. Унутры сыстэма пустая і састарэлая, а ціск на супрацоўнікаў выявіў іх асабістыя прыхільнасьці. Бо Цой — гэта вельмі старая і ня самая папулярная музыка (хоць і вельмі добрая), гэта нішавы рэсурс, здабыты сілавікамі выпадкова, але расьпіяраны ў мэдыях.
— Тое, што адбылося, прызнаньне чату экстрэмісцкім, напалохала людзей ці, наадварот, спрыяла папулярызацыі чату?
— Усе ў паніцы зьбеглі. Гэта адназначна.
— Як вы ў цэлым ацэньваеце сытуацыю з перасьледам іншадумцаў на сёньняшні дзень у краіне?
— Тут няма чаго асабліва ацэньваць. Лукашэнка быў зусім бездапаможны, але пасьля інструкцыі з Крамля стаў прымяняць расейскія мэтады прыгнечаньня. Аднак жвавасьці ў яго больш, а досьведу менш, што прыводзіць да перагібаў на месцах.
— Як думаеце, чаму менавіта песьні Цоя сталі сымбалям пратэсту? Ёсьць шмат новых песень новых гуртоў, больш актуальных.
— Лукашэнка закансэрваваў кавалачак СССР у сваім фяодзе, народ ня здолеў знайсьці сьвежых чыстых і адначасова агульнапрызнаных гаворачых сымбаляў, таму прыйшлося адкаціцца ў памяці ў далукашэнкаўскія часы, каб знайсьці нешта агульнанацыянальнае і пасуючае да моманту. Цалкам магчыма, што новыя сымбалі нацыянальнага адзінства хутка зьявяцца, гэта бачна хаця б па шалёнай папулярнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.