Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глуханямы паедзе ў калёнію за камэнтары ў тэлеграм-чаце


Дзьмітры Заломскі
Дзьмітры Заломскі

22 кастрычніка Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу 30-гадовага Дзьмітрыя Заломскага, інваліда па слыху, на рашэньне суду Чыгуначнага раёну Гомля. За камэнтары ў закрытым telegram-чаце Дзьмітрыя пакаралі пазбаўленьнем волі на 2 гады. Абласны суд пакінуў рашэньне раённага ў сіле.

Самога Дзьмітрыя на абскарджаньне ў абласны суд не прывозілі. Ахвотных трапіць на паседжаньне не пусьцілі. У скарзе Дзьмітры прасіў спыніць перасьлед па адным артыкуле і прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, паводле іншых артыкулаў, улічваючы ягоныя станоўчыя характарыстыкі, інваліднасьць, стан здароўя.

Абласны суд да гэтых довадаў не прыслухаўся.

Дзьмітры практычна ня чуе. Калі яго ўзялі пад варту пасьля суду першай інстанцыі, то забралі слыхавы апарат.

Генэральная пракуратура ў верасьні паведаміла, што 30-гадовага жыхара Гомля судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненьні да судзьдзі».

Дзьмітры працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «Віпра». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомлі, якое дае працу людзям з парушэньнем слыху. Зь лютага ў Дзьмітрыя былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.

«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максымум „хімію“ і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калёніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — казалі сваякі асуджанага.

Родныя ня ведаюць, што канкрэтна Дзьмітры пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «Віпра» — за тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманьні адбываліся ў траўні 2021 году. Людзі былі вельмі напалоханыя, выдалілі ў тэлефонах Telegram і іншыя мэсэнджары.

У пракуратуры заявілі, што Дзьмітры «з дапамогай асабістага кампутара і іншых прылад на адным з telegram-каналаў разьмясьціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая зьмяшчае яго нэгатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеяньняў у кастрычніку 2020 году апублікаваў у telegram-канале паведамленьне з абразай прадстаўніка ўлады, а ў лютым 2021 году — паведамленьне з заклікам да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да намесьніка старшыні суду аднаго з раёнаў Менску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG