Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У кожнага ёсьць шанец усё зьмяніць». Дыджэй пераменаў падрабязна расказаў, што адбывалася летась 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры


Кірыл Галанаў
Кірыл Галанаў

Летась 6 жніўня Кірыл Галанаў разам з Уладам Сакалоўскім уключыў «Перемен» Цоя на гарадзкім сьвяце ў Менску. Пра тое, як яны прынялі гэтае рашэньне, ён напісаў на DW.

Жнівень 2020 году. Да гэтага часу я ўжо восем гадоў працаваў у event-індустрыі: рабіў live-гукарэжысэрам на мерапрыемствах рознага ўзроўню, гастраляваў з музычнымі гуртамі, а таксама афіцыйна рабіў гукарэжысэрам у менскім Палацы дзяцей і моладзі — палітыка была далёкая ад маіх інтарэсаў. Тым ня менш усё тое беззаконьне, якое адбывалася, мяне абурала, як і сотні тысяч іншых беларусаў. І тут важна тое, што калі нехта супраць таго, што законапаслухмянага чалавека могуць пабіць ці пасадзіць за краты, бо ён нязручны чыімсьці інтарэсам ці проста ў рамках дэманстрацыі ўсёдазволенасьці і беспакаранасьці, — гэта не палітычная пазыцыя. Гэта пазыцыя маральна здаровага чалавека.

Мерапрыемства не для дзяцей

6 жніўня 2020 году ў Менску чакаўся апошні мітынг абʼяднанага штабу. За тры дні да гэтага наш начальнік з Палацу дзяцей і моладзі папярэджвае, што 6 жніўня будзе «нейкае дзіцячае сьвята», паведамляе лякацыю і час пачатку і заканчэньня сьвята — з 15:00 да 19:00. Я папярэджваю свайго калегу Ўлада Сакалоўскага пра будучую працу. Лякацыя — адно зь месцаў, афіцыйна адведзеных для перадвыбарчых агітацыйных мітынгаў. Я не надаю гэтаму значэньня, бо мітынгі праходзілі на буйнейшай пляцоўцы, дый а 19:00 мы заканчваем, а, як правіла, акурат на 19:00 абʼяднаны штаб анансаваў пачатак сваіх мітынгаў. Але раптам напярэдадні ўвечары мне тэлефануе начальнік і паведамляе, што заўтра а 9:00 абсталяваньне павінна ўжо быць усталяванае на пляцоўцы і павінна граць фонавая музыка. Падазрэньні пра тое, што будзе, закрадваліся ўжо ў той момант.

6 жніўня, 9:00. Нашае абсталяваньне ўжо на пляцоўцы каля кінатэатра «Кіеў». На лесьвіцы кінатэатра стаяць калёнкі, а на ходніку павінны выступаць артысты.

Нават візуальна пляцоўка выглядала дзіўна. Вольную плошчу намагаліся хоць нечым заняць. Па змоўчаньні гэтая задача была ўскладзена на непрацоўны фантан. У гэтым яму дапамагалі два палівачныя МАЗы і арганізаваная «выстава карцін ВАВ». На мальбэртах былі замацаваныя фатаграфіі карцін, але якасьць фатаграфій была такой пасрэднай, што гэта хутчэй была выстава мальбэртаў.

Зраньня мы сустрэлі прадстаўніка штабу Ціханоўскай. Яна сказала, што дзіўна, што ў афіцыйным месцы для агітацыі будзе дзіцячае сьвята. А калі яна сышла, пабег дужы мужчына з рацыяй і спытаўся, ці бачылі мы, куды. Дарэчы, мужчына з рацыяй увесь дзень, разглядаючыся, патруляваў вакольную тэрыторыю і ўвесь час размаўляў па тэлефоне.

Першы выступоўца прыехаў празь дзьве гадзіны пасьля таго, як мы былі гатовыя. Паводле яго, яму толькі што патэлефанавалі і сказалі тэрмінова ехаць і гадзіну сьпяваць. Уласна, ён роўна гадзіну і прасьпяваў. Гледача, натуральна, ніводнага не было. Адкуль была пасьпешлівасьць, здаровым глуздам не зразумець.

З Telegram я даведваюся, што тэхнічнай камандзе абʼяднанага штабу забараняюць мантаж абсталяваньня, бо ў тым месцы сёньня будзе ніколі не адзначанае сьвята ў гонар няіснай арганізацыі — чыгуначных войскаў. Адразу пасьля гэтага, вельмі акуратна, да нас прыходзіць інфармацыя, што пасьля 19:00 трэба будзе «фонавую музычку гадзіну пакруціць». Самыя горшыя здагадкі пацьвярджаюцца, сытуацыя становіцца відавочнай.

На пляцоўку прыбываюць яшчэ некалькі чалавек з начальства. Я тлумачу, што тут адбываецца. Кажу, што ад гэтага Палац потым не адмыецца, а тое, што мы ўдзельнічаем у такім «брудзе», прыкрываючыся дзецьмі, толькі ўзмацняе нашую адказнасьць. У адказ на гэта чую толькі тое, што гэта нашая праца, мы нічога не вырашаем і г. д.

Ужо недзе 14:00. Начальнік паведамляе нам пра тое, што і заўтра, і пазаўтра мы тут будзем працаваць на гэткім жа мерапрыемстве з раніцы да вечара. Да таго ж заўважаем, што за кінатэатрам стаіць аўтобус, поўны людзей у міліцэйскай форме. Мы з Уладам разумеем, што знаходзіцца тут ня можам. Увогуле ўвесь той дзень рабілі дэталі. Кожныя 10 хвілін адбывалася нешта, з чым зьмірыцца было нельга. Калі прыехалі дзіцячыя калектывы, я кожнаму кіраўніку тлумачыў, што дзецям тут ня месца, і прасіў проста пазваніць і паведаміць пра гэта бацькам. Ніводзін з кіраўнікоў гэтага не зрабіў.

15:00 У навінах зьяўляецца інфармацыя пра тое, што штаб адмяняе мітынг, каб пазьбегнуць правакацыі, і заклікае ўсіх наведаць «дзіцячае сьвята». Супрацоўнікі міліцыі пачынаюць разыходзіцца па ўсім пэрымэтры пляцоўкі. Нашае цярпеньне лопаецца, і я кажу начальніку, што мы ня можам тут знаходзіцца. Ён кажа: «Хочаш, дырэктару гэта скажы». «Хачу», — адказваю я. Ён набірае дырэктара, працягвае мне тэлефон. Я тлумачу, што мы з Уладам не асацыяльныя людзі, што ў нас ёсьць дзяўчаты, сябры, блізкія, што супрацоўнікі міліцыі наўрад тут для гарантыі «хэпі-энду», улічваючы, што адбывалася апошнія месяцы ў краіне, а па сваіх маральных поглядах мы павінны быць зь іншага боку барыкадаў. Прапаную варыянт: сёньня мы працуем, як плянавалася, да 19:00, працуем у дзень выбараў — гэта нашая праца, а заўтра і пасьлязаўтра — бяз нас. Мы гатовыя напісаць заявы за свой кошт ці звольніцца проста сёньня. Дырэктар абяцае перазваніць.

Саўндчэк ужо павольна пераходзіць у канцэрт. Дзеці выступаюць на ходніку. Тых, хто толькі чакае сваё выступленьне, просяць пабыць гледачамі. Выпадковыя мінакі пачынаюць паводзіць сябе больш актыўна, здымаюць, што адбываецца, на тэлефон — і сыходзяць. Супрацоўнікаў міліцыі нашмат больш, чым простых сьмяротных. Яны агароджваюць пляцоўку і арганізоўваюць КПП.

Пытаюся ў начальніка, ці тэлефанавала дырэктар. Ён адказвае: «Так, заўтра і пасьлязаўтра вам увесь дзень працаваць ня трэба. Можаце працаваць паасобку. Адзін — у першую палову дня, а іншы — другую». Нашую праблему, натуральна, гэта ўвогуле не вырашае.

Давай «Перемен»

Мы ня ведаем, як правільна зрабіць, стан поўнай безвыходнасьці. І вось я чытаю навіны, дзе штаб прапануе ўсім, хто прыйдзе на нашую пляцоўку, роўна а 19:00 падняць рукі ўверх зь белымі стужкам на знак салідарнасьці адзін з адным, каб усе пабачылі, каго бальшыня. Прапаную Ўладу разам з усімі падняць рукі ўверх. Вырашаем, якім чынам гэта зробім. І тут Улад кажа: «Як што ў нас ёсьць гук, можа, нешта ўключым?» «Перемен?» — пытаюся я. Выдатны варыянт «павітацца» зь людзьмі, у якіх аднялі іх законнае права, вырашаем мы.

18:30 Гледачоў ужо некалькі тысяч. Падыходзіць, каб перадаць фанаграмы, баяніст, які павінен выступаць наступным. Некалькімі днямі раней ён выпусьціў кліп, дзе ўслаўляў дзейнага на той час прэзыдэнта, называў яго сваім бацькам і супэргероем. Я разумею, што 19:00 выпадзе на час ягонага выступленьня. Прафэсійная этыка не дазваляе мне сарваць яго. Вырашаем, што, толькі калі я выведу артыста з сцэны, Улад уключыць песьню.

19:00 У мяне не было хваляваньняў за тое, што будзе далей. Я думаў толькі пра тое, што гэта ўсё адбываецца і я маю да гэтага дачыненьне. Людзі пачынаюць падымаць рукі, а артыст акурат заканчвае сваю песьню. Я падбягаю да яго і выводжу яго з сцэны. Улад уключае «Перемен», мы падымаем рукі, праходзіць сэкунда — і раптам людзі пачынаюць пляскаць, радавацца, нас абступаюць рэпартэры, фатографы, проста гледачы.

Нехта сілай вырывае провад з калёнкі і рве яго. Такім жа мэтадам выключаюць другую калёнку. Два чалавекі ў пінжаках пачынаюць вырываць усе запар правады зь мікшэрнага пульта. Увесь гэты час я гляджу на фэйдэр (паўзунок гучнасьці), які рэгулюе гук песьні. Зь першай сэкунды мы гатовыя былі яе выключыць на просьбу каго-хаця. І вось усё, што можна было, выдзернута, а выключыць ніхто так і не папрасіў. Песьня ў выніку прагучала каля дзьвюх хвілінаў.

Праз гадзіну нас затрымаюць супрацоўнікі АМАПу, мы выйдзем на волю праз 10 сутак. За час свайго зьняволеньня станем сьведкамі яшчэ большага беззаконьня, а праз тое, што раскажам пра гэта, будзем вымушаныя пакінуць краіну.

Асноўная прычына беларускай трагедыі

Я дакладна ўпэўнены, што ў той дзень зрабіў усё магчымае для таго, каб спыніць тое варʼяцтва ці хаця б ня быць часткай яго. І веру, калі ўва ўсе абставіны таго дня паставіць не мяне і Ўлада, а іншых выпадковых людзей з адэкватным успрыманьнем падзеяў — вынік быў бы вельмі падобным. І калі быць абʼектыўным, то ўсе, з кім я ў той дзень гаварыў, разумелі, што адбываецца, і ніхто браць у гэтым удзелу не хацеў. Але кожны перакладаў адказнасьць на кагосьці і быў упэўнены, што нічога не вырашаць — гэта іхная асноўная задача, без залежнасьці ад займанай пасады.

Зразумела, шмат што мяне не задавальняла ў Беларусі і да таго дня, але я з гэтым жыў і, як і шмат хто, адаптаваўся. Але часта працуючы на чарговым бюджэтным мерапрыемстве, якое не патрэбнае ні арганізатару, ні гледачам, ні артыстам, адчуваў нават нейкую радасьць ад таго, што я магу ўсё гэта назіраць. Гэта не магло дажыць да 21-га стагодзьдзя ні паводле законаў эканомікі, ні паводле сацыяльных правілаў, ні паводле законаў здаровага сэнсу. Але гэта ўсё пастаўлена на паток, а я жывы сьведка гэтага абсурду.

Ёсьць вельмі шмат прычынаў, чаму ў Беларусі ўсё прыйшло да глябальнай трагедыі, якая цяпер толькі павялічваецца. Але галоўная, базавая прычына — гэта пачуцьцё безадказнасьці. Абсалютна кожны чалавек на сваім месцы ўплывае на тое, што адбываецца. Можна гэтаму супраціўляцца, займацца самападманам, але абсалютна ў кожнага ёсьць шанец усё зьмяніць, ці быў гэты шанец, ці яшчэ будзе… ці гэты шанец можна стварыць самому. І здаецца, што нічога не вырашаць — спосаб унікнуць той самай адказнасьці. Але бязьдзеяньне з такой жа сілай уплывае на вынік, як і дзеяньне. Кошт маўчаньня — гэта тысячы чужых лёсаў, за якія нясеш адказнасьць, а кошт дзеяньня — гэта тыя ж тысячы лёсаў, толькі яшчэ і ўласны.

Гэты тэкст напісаў для DW Кірыл Галанаў, адзін з двух дыджэяў, якія ўключылі «Перемен» у Кіеўскім сквэры 6 жніўня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG