Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрце «Кино» падчас песьні «Перемен» разгарнулі афіцыйныя сьцягі. Незадаволенага забраў АМАП


Менск-арэна
Менск-арэна

17 чэрвеня ў «Менск-арэне» прайшоў канцэрт знанага расейскага гурту «Кино», на якім здарыўся інцыдэнт, зьвязаны з афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам, паведаміў БелаПАН.

Падчас выкананьня песьні «Хочу перемен!», якая карысталася вялікай папулярнасьцю падчас масавых пратэстаў у Беларусі, адзін з гледачоў у фан-зоне разгарнуў афіцыйны беларускі сьцяг, чым выклікаў незадаволенасьць некалькіх іншых прысутных. Яны пачалі спрачацца.

Пад канец выкананьня песьні чырвона-зялёныя сьцягі разгарнулі яшчэ трое гледачоў у сэктары справа ад сцэны. Падчас наступнай кампазыцыі, «Кукушка», некалькі чалавек уступілі зь імі ў кантакт, адзін зь іх спрабаваў перашкодзіць выкарыстаньню сьцягоў.

У выніку як мінімум аднаго з гледачоў, якія выказалі незадаволенасьць, вывелі з залі апамаўцы ў форме.

Нацыянальнай ці іншай пратэставай сымболікі сярод публікі заўважана не было.

Гурт «Кино» зьявіўся ў 1982 годзе. У 1986 лідэр гурту Віктар Цой напісаў песьню «Хочу перемен!». Цяпер канцэрты гурту праходзяць зь відэапраекцыяй Цоя, які загінуў у 1990 годзе.

Песьня «Хочу перемен!» стала адным з гімнаў беларускага пратэсту 2020 году. 6 жніўня 2020 году гэтую песьню нечакана запусьцілі двое дыджэяў на дзяржаўным мерапрыемстве, якое зладзілі ўлады ў Кіеўскім сквэры Менску, куды выбарнікі прыйшлі, каб сустрэцца з кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай.

Дыджэяў Кірыла Галанава і Ўлада Сакалоўскага арыштавалі, пазьней яны зьехалі з краіны.

Адзін з двароў на вуліцы Чарвякова, непадалёк ад Кіеўскага сквэру, жыхары назвалі «плошчай Пераменаў». У ім на трансфарматарнай будцы стварылі і некалькі разоў аднаўлялі мурал «Дыджэі Свабоды».

15 верасьня на «плошчы Пераменаў» затрымалі Сьцяпана Латыпава, які патрабаваў ад людзей, якія прыехалі зьнішчыць мурал, назвацца. 1 чэрвеня 2021 году на судзе Латыпаў зрабіў спробу суіцыду.

11 лістапада 2020 году ў гэтым двары людзі, якія прыехалі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, пабілі Рамана Бандарэнку, які на наступны дзень памёр у лякарні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG