Арганізатары праекту перадусім зьвяртаюць увагу на кантэкст плякатаў Уладзімера Цэсьлера, калі мастацтва застаецца сродкам культурнага супраціву і рэакцыяй на сучасныя працэсы ў Беларусі.
«Мастацтва Цэсьлера — гэта яскравы камэнтар да палітычнай і грамадзкай сытуацыі ў Беларусі: часам забірае надзею на дэмакратыю і перамены, каб зноў вярнуць яе чарговым моцным вобразам, — гаворыцца ў прэс-рэлізе выставы. — І гэтая пэрспэктыва здаецца ідэальнай, каб размаўляць пра Беларусь, інтэграваць людзей, якія ўцякаюць ад рэжыму. У выніку масавых пратэстаў, нечуванага маштабу арыштаў і адтоку з краіны звыш 100 тысяч чалавек дзейнасьць мастака набыла новае вымярэньне».
Сам Уладзімер Цэсьлер прыляцець у Варшаву ня здолеў — ён цяпер на Кіпры, аднак арганізатары на адкрыцьці прэзэнтацыі зьвязаліся з мастаком празь відэасувязь.
Уладзімер Цэсьлер сказаў, што мастацтва ў ягоным выпадку выконвае сваю функцыю, хоць згуляць вырашальную ролю ў цяперашнім становішчы ў Беларусі ня можа.
«Калі б я прымаў кожную сваю працу так блізка да сэрца, дык у мяне не хапіла б сілы далей ствараць. Я лічу, што плякатная творчасьць настолькі ўнівэрсальная, што мае працы ня трэба тлумачыць словамі, іх значэньне адразу бачнае», — сказаў Цэсьлер.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародным супрацоўніцтве Францішак Вячорка зазначыў, што мае ў творчасьці мастака любімыя творы. Гэта плякат з самалётам зь відавочнай адсылкай да пасаджанага ў Менску 23 траўня борту Ryanair і плякат з жоўтай зоркай і надпісам «23.34».
«Плякат нумар адзін для мяне — балаклава. Арганізацыя такой выставы яшчэ раз дэманструе шчыльныя сувязі палякаў і беларусаў. Беларусы цяпер ва ўсім сьвеце, і нам трэба гартаваць сілы, бо надыдзе час, калі нам усім трэба будзе вярнуцца на Радзіму. Мастацтва Цэсьлера паказвае нам тое, што нам, беларусам, нельга мірыцца з тымі падзеямі, што адбываюцца ў нашай краіне. Мастацтва — адзін са спосабаў змаганьня. Самалёт на іншай рабоце мастака нагадвае мне больш за 9 мільёнаў беларусаў, якія разам лятуць у нейкім напрамку, а за штурвалам сядзіць адзін пілёт-вар’ят».
У рамках выставы заплянаваная вялікая суправаджальная праграма. Шэраг імпрэзаў пройдуць ня толькі ў офлайн-фармаце, але будуць трансьлявацца ў жывым эфіры.
Праект «Мастацтвам па рэжыме — Беларусь на плякатах Уладзімера Цэсьлера» рэалізаваны ў супрацы з Фондам імя Гэнрыха Бёля ў Варшаве.