Васілевіч агітуе за вакцынацыю
Сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандар Васілевіч за кратамі ўжо звыш 14 месяцаў.
У лісьце на волю палітвязень расказаў, як вакцынаваўся ад каранавірусу.
«Прышчапіцца нам прапаноўвалі некалькі разоў. Апошні — нават на выбар, альбо „Спутникам“, альбо кітайскай. Але я прышчапіўся яшчэ раней. Прычым зрабілі гэта толькі „палітычныя“, астатнія моўчкі праігнаравалі. Зрэшты, рэч добраахвотная», — напісаў ён.
Сам Аляксандар разумее, што прышчэпкі не даюць стопрацэнтнай гарантыі, бо хварэюць і тыя, хто перастрахаваўся. Але статыстычна хвароба пераносіцца значна лягчэй, спасылаецца ён на мікрабіёлягаў: з адным разам сядзіць, а другі піша сябру з ЗША.
«Вакцынацыя зьніжае рызыкі — гэта як пераходзіць вуліцу па пешаходным пераходзе супраць таго, як перабягаць дзесьці кальцавую дарогу. Іншымі словамі, нязначная рызыка і велізарная», — параўноўвае палітычны зьняволены.
Летась Аляксандра Васілевіча затрымлівалі двойчы. Першы раз 28 ліпеня, калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня прэтэндэнту ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Тады заяўніка пакаралі 14 днямі арышту — нібыта «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу» і патрабаваў свабоды вязьню.
Паўторна схапілі 28 жніўня прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. У кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, адбыліся ператрусы.
4 верасьня Аляксандру Васілевічу выставілі абвінавачаньне. З прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва дакладна не вядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу ён праходзіць. У якасьці падазраванай застаецца і ягоная жонка Надзея Зелянкова.
Увесь гэты час палітвязень утрымліваецца ў менскім СІЗА № 1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік.
Чапюк за кратамі самаадукоўваецца
Андрэй Чапюк доўга працаваў на фабрыцы «Галантэя», але праз анархічныя погляды ўзьнікала шмат праблемаў, таму ён вырашыў звольніцца. Амаль год перад затрыманьнем навучаўся новай ІТ-спэцыяльнасьці.
«Некаторыя з нашых знаёмых, якія пачыналі займацца зь ім, ужо даўно кінулі, а ён працягвае нават у СІЗА. Туды нельга перадаваць вучэбную літаратуру, але ў бібліятэцы маюцца кнігі аб праграмаваньні — не па тых мовах, якія ён вывучаў, але бярэ ўсё карыснае з таго, што ёсьць. Пісаў, што яму ўдалося замовіць адну такую кнігу і ён цалкам яе заканспэктаваў — атрымаліся тры агульныя сшыткі», — падзялілася ягоная дзяўчына Алена.
Да затрыманьня Андрэй захапляўся тайскім боксам, хадзіў у трэнажорную залю, а таксама практыкаваўся ў ворк-аўце. Спортам займаецца і цяпер.
«Праўда, цяпер застаўся толькі ворк-ін, — усьміхаецца Алена. — Ён вучыцца прысядаць на адной назе, ужо можа адціскацца на адной руцэ. Таксама на шпацырах ёсьць турнікеты, да таго ж прыстасоўваецца да ўмоваў і выкарыстоўвае спадручныя для заняткаў сродкі: напрыклад, падцягваецца на ложку».
У СІЗА Андрэй прачытаў больш за паўсотні кніг — як па праграмаваньні, так і сусьветную клясыку.
Зь ліставаньнем пэрыядычна здараюцца праблемы, але цяпер Алена атрымлівае ад яго 2-3 допісы на тыдзень. Піша, што адчувае падтрымку ад знаёмых і незнаёмых людзей, вельмі прыемна, калі прысылаюць пасылкі. Адзін чалавек напісаў карціну і адмыслова для яго даслаў у СІЗА.
Андрэя Чапюка затрымалі летась 2 кастрычніка ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіК. Праз тыдзень яму выставілі абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.
Сёлета ў студзені стала вядома, што супраць яго і палітвязьняў Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Аляксандра Францкевіча і некаторых іншых пачатая справа на падставе ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу.
Падтрымаць палітвязьняў лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.