Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўручылі прэмію, прысуджаную зьняволеным беларускім праваабаронцам


Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца
Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца

Чэская грамадзкая арганізацыя «Чалавек у нядолі» (People in Need) узнагародзіла прэміяй Homo Homini чатырох сябраў беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» — Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу.

Цырымонія адбылася традыцыйна ў дзень адкрыцьця фэстывалю дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі «Адзін сьвет».

Сёлетнія ляўрэаты зазналі перасьлед за адсочваньне затрыманьня пратэстоўцаў, дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека і аказаньне дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту.

Усе чацьвёра застаюцца ў зьняволеньні як падазраваныя ва ўчыненьні крымінальных злачынстваў у справах, заведзеных пасьля масавых пратэстаў. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі за законную праваабарончую дзейнасьць. Прэмію за іх атрымала іхная калега зь «Вясны» Натальля Сацункевіч, уручыў яе мэр Прагі Здэнек Гржыб.

Уручэньне прэміі Homo Homini 2021
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00

Перад уручэньнем прэміі Здэнек Гржыб, сярод іншага, сказаў:

«Прага — адкрыты лібэральны горад, які выступае ў падтрымку свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, і гэтая падтрымка ў Празе мае два ўзроўні. Першы — дэклярацыйны ўзровень, калі напрыклад у сувязі з падзеямі ў Беларусі вы асьвятлілі Пэтршынскую аглядную вежу ў колеры беларускага гістарычнага сьцяга, а таксама вывесілі беларускі сьцяг на нашай ратушы, дзе ён вісіць і да сёньня. Мы таксама рыхтуем выставу мастацкіх працаў, натхнёных гэтымі падзеямі, яна адкрыецца ў ратушы ў траўні.

І ёсьць узровень чыста практычны, калі сталічная гарадзкая рада ўхваліла выдзяленьне шасьці кватэр людзям, якія пацярпелі або зазналі перасьлед з боку беларускага рэжыму, мы таксама выдзяляем ім пэўную падтрымку пры засяленьні і абсталяваньні кватэры».

Пасьля цырымоніі Радыё Свабода пагаварыла з Натальляй Сацункевіч.

— Што значыць для вас сёньняшняя падзея?

Гэта вельмі каштоўная ўзнагарода і ясны пасыл уладам Беларусі аб тым, што масавыя парушэньні правоў чалавека мусяць быць неадкладна спыненыя. Прыемна і важна атрымаць гэтую ўзнагароду тут, бо прадстаўнікі Чэхіі аднымі зь першых, вельмі хутка прапанавалі дапамогу ў жніўні. Асабліва гэта тычыцца ахвяр катаваньняў. Такая падтрымка вельмі важная і дае сілы працаваць далей.

— Праваабаронцы зь «Вясны» ўжо ня першы раз становяцца ляўрэатамі гэтай узнагароды. Пра што гэта сьведчыць?

— Так, у 2005 годзе гэтую ўзнагароду атрымала «Вясна» і наш кіраўнік Алесь Бяляцкі. Мінула 16 гадоў, але з тых часоў мала што памянялася: быць праваабаронцам у Беларусі, абараняць і прасоўваць правы чалавека — гэта ўсё яшчэ злачынства з пункту гледжаньня ўладаў.

У 2005 годзе ўзнагароду ўручаў Вацлаў Гавэл — вялікі сябар беларускага народу. Алесь Бяляцкі расказваў, што апошнія лісты Гавэл напісаў беларускім палітвязьням. Карыстаючыся нагодай, я заклікаю кожнага і кожную — пісаць палітвязьням, падтрымліваць. Гэта проста, але неверагодна важна.

Натальля Сацункевіч
Натальля Сацункевіч

— У якіх умовах сёньня даводзіцца дзейнічаць беларускім праваабаронцам?

— Ад мінулага жніўня тысячы чалавек у Беларусі зазналі катаваньні, мы праводзім складаную працу дакумэнтаваньня злачынстваў з боку праваахоўных органаў. У Беларусі не распачатая ніводная крымінальная справа па факце катаваньняў. Маштабы рэпрэсій растуць, я дагэтуль проста магу паверыць у гэтыя лічбы. Больш за 1000 чалавек сутыкнуліся з крымінальным перасьледам, 371 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі, сотні чалавек ужо атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны за ўдзел у мірных пратэстах.

— Пра што вы думаеце цяпер, трымаючы ў руках гэтую ўзнагароду?

— Я захапляюся мужнасьцю і сілай маіх калегаў, якія ў турме сьмела выносяць невядомасьць, дрэнныя ўмовы жыцьця, абсурдныя крымінальныя абвінавачаньні, хваробы і сьмерць блізкіх, інфармацыйную блякаду, іншыя выпрабаваньні.

Я зь нецярпеньнем чакаю дня, калі змагу абняць Марфу, Андрэя, Леаніда і Тацяну на волі, пасьмяяцца і паплакаць разам зь імі, побач зь імі. Расказаць ім пра прэмію асабіста і перадаць гэтую ўзнагароду з рук у рукі.

  • Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк дапамагалі рэпрэсаваным і іх сем’ям, удзельнічалі ў дакумэнтаваньні катаваньняў удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Марфа каардынавала працу з валянтэрамі, ладзіла маніторынг мірных сходаў і выбараў.
  • Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца дапамагалі людзям абскардзіць рашэньні судоў, а таксама зьвяртацца ў Камітэт ААН у правах чалавека зь індывідуальнымі скаргамі. У 2018 Судаленку ўзнагародзілі прэстыжнай прэміяй Францускай Рэспублікі «Свабода-Роўнасьць-Братэрства». У 2019 годзе ён стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Абаронца году».
  • Натальля Сацункевіч, працуе ў Грамадзкай прыёмнай «Вясны», ажыцьцяўляе дапамогу ахвярам парушэньняў правоў чалавека. Займаецца грамадзкім кантролем: назіраньнем за мірнымі сходамі і маніторынгам свабоды сходаў у Беларусі.
  • Прэмія «Чалавек чалавеку» (Homo Homini) — прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэскай няўрадавай арганізацыяй «Чалавек у нядолі». Прысуджаецца асобам, якія ўнесьлі «значны ўклад у прасоўваньне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных мэтадаў вырашэньня грамадзка-палітычных канфліктаў». Уручаецца падчас штогадовага кінафэстывалю дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі «Адзін сьвет».
  • За час свайго існаваньня прэмія была ўручаная двум дзясяткам праваабаронцаў і дысыдэнтаў з розных краінаў сьвету. У 2005 годзе ёю ўганаравалі беларускага праваабаронца, старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Прэмію тады ўручаў вядомы грамадзкі дзеяч і палітык Вацлаў Гавэл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG