Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі пачалі кампанію за вызваленьне правабаронцаў «Вясны». Акцыі салідарнасьці ў сьвеце

абноўлена

Праваабаронцы з чэскай арганізацыі «Чалавек ў нядолі» (Člověk v tísni) удзельнічаюць у кампаніі за вызваленьне праваабаронцаў «Вясны»
Праваабаронцы з чэскай арганізацыі «Чалавек ў нядолі» (Člověk v tísni) удзельнічаюць у кампаніі за вызваленьне праваабаронцаў «Вясны»

23 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай у гадавіну пачатку рэпрэсій супраць беларускага праваабрончага цэнтру «Вясна».

Яны абвясьцілі пра пачатак кампаніі з патрабаваньнем вызваліць 7 зьняволеных правааабаронцаў «Вясны», а таксама «прыцягнуць увагу да пакутаў сотняў іншых, каго перасьледавалі і зьняволілі выключна за ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду сходаў і свабоду выказваньняў».

17 верасьня ў розных гарадах ў сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны».

Акцыя салідарнасьці ў Літве

Удзельнікі ацыі ў Вільні з партрэтамі зьняволеных праваабаронцаў
Удзельнікі ацыі ў Вільні з партрэтамі зьняволеных праваабаронцаў

Акцыя салідарнасьці ў Грузіі

Аліна Стэфановіч, жонка палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча на акцыі салідарнасці ў Батумі.

Акцыя салідарнасьці ва Ўкраіне

Удзельнікі акцыі ў Кіеве трымалі партрэты праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзімера Лабковіча, каардынатаркі валантэрскай службы Марфы Рабковай, кіраўніка Гомельскай філіі Леаніда Судаленкі, валянтэраў Андрэя Чапюка і Тацяны Ласіцы.

Акцыя салідарнасьці ў Нідэрляндах

Хэльсынскі камітэт Нідэрляндаў далучыўся да кампаніі #FreeViasna. Праваабаронцы патрабавалі вызваленьня зьняволеных.

Акцыя салідарнасьці ў Швэцыі

Акцыя салідарнасьці ў Чэхіі

У падтрымку праваабаронцаў Вясны выступіла чэская праваабарончая арганізацыя «Чалавек у нядолі». Больш за 400 супрацоўнікаў арганізацыі зрабілі групавую фатаграфію, патрабуючы неадкладнага вызваленьня ўсіх сямі праваабаронцаў «Вясны». У суботу, 18 верасьня, больш за 20 супрацоўнікаў і прыхільнікаў «Чалавека ў нядолі» прабягуць паўмаратон у падтрымку «Вясны» ў чэскім горадзе Усьці-над-Лабэм.

Акцыя ў падтрымку «Вясны» ў Францыі

У Парыжы Святлана Ціханоўская наведала Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH) і далучылася да кампаніі #FreeViasna.

Ціханоўская адзначыла, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка і іншыя праваабаронцы павінны быць вызвалены неадкладна і без аніякіх умоваў.

На акцыю салідарнасьці ў Парыжы прыйшоў падтрымаць зьняволеных праваабаронцаў «Вясны» намесьнік кіраўніка дэпартамэнта мэрыі па правах чалавека і барацьбы з дыскрымінацыяй

17 верасьня ў Парыжы Amnesty International France і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) зладзілі акцыю салідарнасьці са зьняволенымі праваабаронцамі «Вясны». Сярод удзельнікаў былі Саша Кулаева (старэйшая экспэртка па правах чалавека і грамадзянскай супольнасьці), Сільві Брыго (дырэктарка Amnesty International France) і Жан-Люк Рамэра-Мішэль (намесьнік кіраўніка дэпартамэнта мэрыі па правах чалавека і барацьбы з дыскрымінацыяй).

Акцыя салідарнасьці ў Фінляндыі

Падобныя акцыі салідарнасьці пройдуць у розных гарадах сьвету:

  • Варшава, 18:00, ulica Krakowskie Przedmieście, каля помніка Мікалаю Каперніку;
  • Вільня, 18:00, Lukiškių g., на Лукіскай плошчы;
  • Тбілісі, 18:30, вуліца Шота Руставэлі, 8 (Парлямэнт Грузіі);
  • Батумі, 18:30, порт Батумі;
  • Адэса, 19:30, вуліца Прыморская (пешаходны мост Цешчын).

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

У заяве праваабаронцаў адзначаецца, што перасьлед вясноўцаў — гэта толькі частка шырэйшых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў сфэры правоў чалавека і неадкладна вызваліць вясноўцаў.

Праваабарончы цэнтар запусьціў асобную старонку, прысьвечаную кампаніі салідарнасьці з затрыманымі сябрамі і валанцёрамі "Вясны" .

Заяву падпісалі прадстаўнікі наступных арганізацый:

  1. Артыкул 19 (Article 19)
  2. Міжнародная Амністыя (Amnesty International)
  3. Беларускі Хэльсынскі камітэт
  4. Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава
  5. Абаронцы правоў чалавека (Civil Rights Defenders)
  6. Эўрапейская плятформа за дэмакратычныя выбары
  7. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH)
  8. Freedom House
  9. Front Line Defenders
  10. Хэльсынскі фонд правоў чалавека (Helsinki Foundation for Human Rights)
  11. Фонд «Дом правоў чалавека» (Human Rights House Foundation)
  12. Human Rights Watch
  13. Міжнароднае партнэрства за правы чалавека (International Partnership for Human Rights)
  14. Libereco — Партнэрства за правы чалавека
  15. Хэльсынскі камітэт Нідэрляндаў
  16. Нарвэскі Хэльсынскі камітэт
  17. Усясьветная арганізацыя супраць катаваньняў (OMCT)
  18. Östgruppen — Швэдзкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека
  19. Чалавек ў нядолі (Člověk v tísni, Чэхія)
  20. Міжнародная абарона (Protection International)
  21. Рэпартэры бязь межаў
  22. Праваабарончы цэнтар Right Livelihood
  23. Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG