З захаду і поўначы, на ўсім пэрымэтры дзяржаўнай мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй ідзе шпаркае будаўніцтва гіганцкай агароджы з калючага дроту. Адны пачалі гэтае будаўніцтва на пачатку лета, іншыя — трохі пазьней.
Літоўцы зьбіраюцца ўсьлед за калючай агароджай усталяваць яшчэ і больш надзейны стацыянарны плот вышынёй каля чатырох мэтраў: 152 мільёны эўра на гэта ўжо знайшлі. Палякі, якія пазьней сутыкнуліся з масавым наплывам мігрантаў, а адпаведна пазьней пачалі адгароджвацца ад Беларусі, пакуль абмяжоўваюцца толькі дротам — з трох калючых сэкцыяў, вышынёй два з паловай мэтры.
Рэпартажы пра тое, як вядзецца будаўніцтва, колькі кілямэтраў калючай перашкоды ўжо пракладзена і дзеля чаго гэта робіцца — штодня ў галоўных выпусках навінаў польскіх тэлеканалаў, у загалоўках газэт і часопісаў у гэтыя дні.
Нешта падобнае адбываецца і ў Латвіі, хоць яе адрэзак мяжы зь Беларусьсю ня надта працяглы — 173 кілямэтры.
Плот даўжынёй 1250 кілямэтраў
Даўжыня гіганцкай па працягласьці агароджы, якая аддзеліць Беларусь ад дэмакратычнай Эўропы, можа скласьці 1250 кілямэтраў: такая агульная працягласьць беларускіх межаў з трыма суседнімі краінамі Эўразьвязу.
Зрэшты, у рэальнасьці яна будзе крыху карацейшай. Для прыкладу, наўрад ці магчыма ўсталяваць суцэльную агароджу на ўсім вялізным амаль 700-кіламетровым абшары беларуска-літоўскай мяжы — ад сапоцкінскіх пагоркаў да браслаўскіх азёраў. Дзяржаўнай мяжы ў гэтай мясцовасьці не было ніколі на працягу тысячагадовага суіснаваньня беларусаў і літоўцаў на тутэйшых землях — ні пры ВКЛ, ні пры Рэчы Паспалітай, ні ў складзе Расейскай імпэрыі.
Адміністрацыйныя межы паміж БССР і ЛССР, адвольна акрэсьленыя сталінскімі памагатымі ў 1939-1940 гадах, былі чыстай умоўнасьцю. Дзе дакладна пралягала тая мяжа на багністых берагах Котры, наўкол якіх на многія дзясяткі кілямэтраў — ні вёскі, ні хутара, ні нармальнай дарогі — не маглі з пэўнасьцю сьцьвярджаць, напэўна, нават мясцовыя сельсаветы і лясьніцтвы. І грыбнікі з рэдкіх навакольных вёсак, заблукаўшы ў неабсяжных змрочных лясах, часам самі ня ведалі, ці яны яшчэ ў Беларусі, ці ўжо ў Літве.
Ёсьць у гэтых краях мясьціны, дзе ўвогуле немагчыма ўкапаць хоць якія слупы — правалісься ў багну. Сэнсу ў тым, каб ставіць тут агароджу, ніякага.
Сымбаль апошняй дыктатуры Эўропы
Зусім магчыма, што з часам гэты тысячакілямэтровы плот стане адным з сымбаляў лукашэнкаўскага рэжыму. Падобна, як сымбалем халоднай вайны на працягу трыццаці апошніх гадоў існаваньня СССР быў бэрлінскі мур. З той толькі розьніцай, што сьцяну ў Бэрліне ўзводзіў сам таталітарны рэжым, на сваю ініцыятыву і за свае грошы.
А цяпер вялікае адгароджваньне Эўропы ад Беларусі праводзіцца на грошы краінаў Эўразьвязу. Але сутнасьці справы гэта не мяняе: сапраўдны стваральнік і натхняльнік узьвядзеньня цыкляпічнага плоту на беларускіх межах ня ў Вільні, не ў Варшаве і не ў Рызе — у Менску. Не было б штучна распачатага і сплянаванага Менскам міграцыйнага крызісу, не было б і гэтага плоту.
Ва ўяўленьні і памяці людзей старэйшага веку мяжа ў выглядзе бясконцай паласы калючага дроту — гэта найперш мяжа савецкая. Савецкі Саюз пасьля Другой сусьветнай вайны хоць і абгарадзіў сябе санітарным кардонам паслухмяных марыянэткавых «краін сацыялістычнага лягеру», але ставіўся да саюзьнікаў зь недаверам. І памежная інфраструктура на межах зь нібыта сяброўскімі рэжымамі была грунтоўная, цалкам у духу прапагандысцкіх фільмаў пра легендарнага савецкага памежніка Карацупу, які лавіў і бязьлітасна зьнішчаў на мяжы сотні шпіёнаў, кантрабандыстаў і дывэрсантаў.
Сяржант памежных войскаў Аляксандар Лукашэнка, які служыў на савецка-польскай мяжы ў сярэдзіне 70-х гадоў, без сумневу, быў добра знаёмы з той мяжой савецкага ўзору. На адным з архіўных фатаздымкаў, разьмешчаным на афіцыйным сайце кіраўніка беларускай дзяржавы, дваццацігадовы Лукашэнка ў салдацкім кажуху і шапцы-вушанцы, з аўтаматам за плячыма, якраз побач з агароджай з калючага дроту — ці то папраўляе слуп, ці правярае напятасьць дроту. Сымбалічны фатаздымак. Асабліва на тле рэаліяў 2021 году.
Сучасная дзяржаўная мяжа Беларусі ўвогуле ўсё больш нагадвае савецкую — з рэжымам памежнай зоны, з практыкай няштатных інфарматараў зь ліку мясцовых жыхароў. Праўда, апошнім часам, са зьяўленьнем у Беларусі тысяч прывезеных сюды самалётамі «турыстаў» з Блізкага Усходу, гэтыя інфарматары моцна дэзарыентаваныя.
Для прыкладу, убачыў такі добраахвотны памочнік уладаў у ваколіцах сваёй вёскі цэлую плойму падазроных асобаў азіяцкай зьнешнасьці, тэлефануе па звычцы на заставу, а ў адказ у тэлефоннай трубцы замест падзякі і каманды «Застава, в ружьё!» — паблажлівая ўсьмешка і парада не зьвяртаць на гэта ўвагі і супакоіцца.
Мяжа цывілізацый
Добра памятаю час на пачатку 90-х гадоў, калі маладыя постсавецкія дзяржавы ператваралі колішнія адміністрацыйныя межы паміж былымі саюзнымі рэспублікамі ў межы рэальныя, дзяржаўныя.
Правілам добрага тону і паліткарэктнасьці для любога чыноўніка любой краіны, якія вялі тады перамовы пра дэлімітацыю і дэмаркацыю мяжы, было асабліва акцэнтаваць увагу: межы будуць празрыстымі, ні пра які калючы дрот і кантрольна-сьледавыя палосы размова весьціся ня можа; мяжа мусіць ня столькі падзяляць, колькі аб’ядноўваць суседнія краіны. Калючы дрот на мяжы тады ўспрымаўся як рудымэнт і сымбаль халоднай вайны. Праз трыццаць гадоў усё гэта ўспамінаецца як нешта амаль нерэальнае.
Цывілізацыйнае аддаленьне Беларусі ад заходніх суседзяў адбывалася цягам усіх 27 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Але ніколі раней гэтае адмежаваньне не набывала такіх знакавых формаў. Цяпер падарожнік даведваецца, што пакідае тэрыторыю сучаснай эўрапейскай цывілізацыі, ня толькі ўбачыўшы дарожны паказальнік з надпісам «Рэспубліка Беларусь». Мяжа сучаснай Эўропы — гэта яшчэ і тысячакілямэтровыя скруткі калючага дроту, які ва ўсе часы і для ўсіх народаў быў відавочным знакам: за калючым дротам пачынаецца несвабода.
Кажуць, афіцыйныя геральдысты, якім летась было даручана мадыфікаваць сучасны дзяржаўны герб, доўга спрачаліся, якой павінна быць выява контуру Беларусі ў цэнтры герба. Урэшце сёлета ў студзені дайшло да зацьвярджэньня новай выявы герба: колер абрысаў Рэспублікі Беларусь быў зьменены зь зялёнага на залаты. На рэальнай зямной паверхні больш як траціна гэтых абрысаў ужо ў хуткім часе будзе накрэсьлена колерам сталі з вострымі лёзамі. Магу сабе ўявіць, якую прастору для фантазіі адкрывае гэты факт для тых, хто займаецца палітычнай карыкатурай.
У гісторыі Эўропы былі пэрыяды, калі яна была перарэзаная сотнямі кілямэтраў інжынэрных збудаваньняў з калючага дроту. Калі я пішу гэтыя радкі, мне ўспамінаецца верш Максіма Багдановіча, створаны ў год, калі пачалася Першая сусьветная вайна:
Нязьмерны вольныя прасторы
Сьвятой зямлі, — а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,
І жыў пужліва сам-адзін,
Дрыжачы, як лісьцё асін;
Зласьлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы.
Вакол яго — платы, мяжы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
Тыя свае межы і платы дэмакратычная Эўропа пакінула ў ХХ стагодзьдзі. Яны даўно разбураныя і заараныя, на іх месцы палі, дарогі, гарады і вёскі.
Але вось дзіўным чынам цені трывожнага мінулага паўсталі і матэрыялізаваліся ў 2021 годзе на тых рубяжах, дзе пачынаецца Беларусь — ля Берасьця і Сьвіслачы, пад Горадняй і Воранавам, за Ашмянамі і Браславам. Беларусь, аперазаная скруткамі калючага дроту, нібы вяртаецца ва ўласнае мінулае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.