Прапануем асноўныя тэзісы з інтэрвію.
Пра літоўскіх вайскоўцаў, якія нясуць службу на памежных тэрыторыях
— Задзейнічалі дастатковую колькасьць вайскоўцаў, для таго каб памежная ахова магла б дзейнічаць, адчуваючы за сабой падтрымку арміі. Вайскоўцы будуць прадпрымаць такія ж дзеяньні, што і пагранічнікі. Калі не выконваюцца патрабаваньні, то прымяняюцца спэцыяльныя сродкі для затрыманьня. Пакуль паток нелегальных мігрантаў ня быў спынены 3 жніўня, вайскоўцы таксама ўдзельнічалі сумесна з памежнікамі ў затрыманьні нелегалаў, якія былі ўжо на літоўскай тэрыторыі. Усяго затрымана каля 4 тысяч чалавек, і большасьць зь іх — за апошнія два месяцы.
Пра будаўніцтва загароды з калючым дротам на мяжы
— Штодня працягласьць загароды павялічваецца больш як на паўкілямэтра. І будуецца яна ў вельмі складаных умовах — тарфянікі і балоты, месцы, доступ да якіх нават для памежнай службы быў даволі абмежаваны, гэтыя ўчасткі менш кантраляваліся і тэхнічнымі сродкамі. І патруляваць гэтыя ўчасткі было даволі складана.
Пра рэсурсы Мінабароны дзеля спыненьня нелегальнай міграцыі
— Мы выкарыстоўвалі свае рэзэрвы. Кожнае падразьдзяленьне як мела, так і мае ў сваім распараджэньні і палаткі, і калючы дрот, і ўсё, што патрабуецца для выкананьня іх задач. Ёсьць яшчэ і пэўная гуманітарная дапамога з боку саюзьнікаў у выглядзе тых самых намётаў, электрагенэратараў. Усім саюзьнікам і партнэрам мы дзякуем за прадстаўленую дапамогу. Гэтая гуманітарная дапамога была ўжо выкарыстана для тых 4 тысячаў чалавек, якія цяпер жывуць у Літве ў спэцыяльных месцах. Сапраўды, вельмі хутка нам спатрэбіліся і ложкі, і рознага роду бытавыя прылады. 16 краінаў далі для Літвы такую вельмі своечасовую, патрэбную дапамогу.
Пра капкан, у які трапіў сам Лукашэнка
— З нашага боку мы можам сказаць, што сытуацыя сапраўды стабілізавалася. Цяпер нашы інстытуцыі займаюцца тымі нелегаламі, якія жывуць у Літве. Гэта значыць, што нам трэба вызначыцца зь іх далейшым знаходжаньнем, міграцыйная служба афармляе дакумэнты, правярае іх, праходзяць усе прадугледжаныя для такой сытуацыі працэдуры. А вось з боку Беларусі я б не сказаў, што сытуацыя стабілізавалася, таму што некалькі тысяч — каля чатырох-пяці тысяч нелегалаў — дагэтуль блукаюць па лясах Заходняй Беларусі, пражываюць у гасьцініцах, іх грошы, мы ведаем, заканчваюцца. Беларускі бок прымусова — супрацоўнікі праваахоўных органаў — вязуць іх на мяжу, прымушаюць іх пераходзіць мяжу зь Літвой. Мы, вядома, гэтага не дазваляем. Але, ва ўсякім разе, мы бачым, што ў той капкан, які Лукашэнка будаваў для краін Эўразьвязу, трапіў ён сам.
Пра гібрыдную атаку
— Мы ведаем, што іншы бок можа выкарыстаць і выкарыстоўвае людзей як шчыт. Уся гібрыдная атака рэжыму Лукашэнкі і пабудаваная на тым, каб гэтых нелегалаў, якіх яны завабілі ў сваю краіну, выкарыстоўваць менавіта як інструмэнт... Мяркуючы па ўсім, гэта была не апошняя правакацыя, на жаль.