Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўрапарлямэнту паабяцаў Літве дапамогу ва ўмацаваньні бясьпекі мяжы зь Беларусьсю і сустрэўся зь Ціханоўскай


Дэвід Сасолі
Дэвід Сасолі

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

Старшыня Эўрапарлямэнту (ЭП) Дэвід Сасолі падкрэсьліў, што Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў як сродак палітычнага ціску. «Мяжа паміж Літвой і Беларусьсю — гэта мяжа Эўропы. Рэжым Лукашэнкі на самай справе выкарыстоўвае няшчасных людзей, мужчын і жанчын. Выклікае абурэньне, калі памежнікі выштурхваюць людзей за мяжу. Гэта пытаньне чалавечнасьці, але таксама гэта і пытаньне аховы мяжы Эўразьвязу», — заявіў Сасолі на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні.

Прэм’ер Літвы Інгрыд Шыманіце адзначыла на прэсавай канфэрэнцыі, што Літва вельмі сурʼёзна ацэньвае інцыдэнт на мяжы зь Беларусьсю, калі ў аўторак 12 беларускіх памежнікаў, выштурхваючы мігрантаў у Літву, самі перасеклі мяжу і зайшлі на тэрыторыю Літвы. Яна лічыць, што зафіксаваная сытуацыя даказвае ўдзел сілавых структураў Беларусі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі.

«Службовыя асобы Беларусі бяруць удзел у злачынных дзеяньнях», — падкрэсьліла Шыманіце.

Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі эфэктыўныя, яны маглі б быць узмоцненыя, заявіў старшыня ЭП Сасолі.

«Мы не адмовімся ад санкцыяў. Мы патрабуем вызваленьня палітвязьняў, каб не было такіх агрэсіўных фактаў, як захоп самалёта Ryanair і Рамана Пратасевіча. Ён пад хатнім арыштам, аднак ён быў пастаўлены ў прыніжальнае становішча. Мы хочам, каб гэтае прыніжэньне было кампэнсаванае», — заявіў кіраўнік ЭП.

Таксама Дэвід Сасолі сустрэўся ў Вільні са Сьвятланай Ціханоўскай. Як паведамляе яе тэлеграм-канал, падчас гутаркі Ціханоўская выказалася супраць гандлю палітзьняволенымі, на які можа пайсьці Лукашэнка, а таксама прапанавала знайсьці фармат удзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга партнэрства з улікам таго, што рэжым адмовіўся ад удзелу. Ціханоўская прапанавала замарозіць транш у адзін мільярд даляраў ад МВФ, альбо, калі гэта немагчыма, пракантраляваць, каб сродкі пайшлі на вакцынацыю і апараты штучнага дыханьня, а не на рэпрэсыўны апарат. Дасягнутая дамоўленасьць пра візыт Ціханоўскай у Эўрапарлямэнт у верасьні.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG