Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў.
Выканаць праект даручана групе кампаніяў EPSO-G, якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні Міністэрства энэргетыкі Літвы.
«Фізычная перашкода неабходная для адбіцьця гібрыднай атакі беларускага рэжыму супраць Літвы і ўсяго Эўразьвязу, — заявіла на пасяджэньні прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце. — Для будаваньня гэтага абʼекта дзяржаўнай важнасьці выбралі кампанію, якая мае досьвед рэалізацыі праектаў такога маштабу. Празрыстасьць і хуткасьць — галоўныя прыярытэты пры ўзьвядзеньні фізычнага барʼеру».
Згодна з праектам, вышыня мэталічнай агароджы мусіць быць сама меней 3 мэтры, яна павінна быць устойлівай да зьменлівых умоваў надворʼя. Папярэдні кошт праекту складае 152 мільёны эўра.
«Пабудаваць плот як мага хутчэй — наш прыярытэт, — заявіла кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце. — Гэта ня проста плот, гэта ахоўны мур для нас і ўсяго Эўразьвязу. Прыняты адпаведны закон, прызначаны выканаўца праекту, мы выдаткуем столькі грошай, колькі будзе трэба. Мяжу будзем уладкоўваць разам з арміяй, Саюзам стралкоў, бізнэсам. Калі спатрэбіцца, літоўскі народ дапаможа. Мы будзем абараняцца разам».
У сувязі з павелічэньнем патокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю. Паводле зьвестак Дэпартамэнту статыстыкі Літвы, з пачатку году беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты), у асноўным грамадзяне Іраку.
З пачатку міграцыйнага крызісу Літва ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю. На дапамогу літоўскім памежнікам накіравалі прадстаўнікоў іншых ведамстваў, армію, акрамя таго ў краіну прыбылі супрацоўнікі Эўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex), а таксама памежных службаў Эстоніі і Аўстрыі. У якасьці адной зь мераў абароны мяжы ад парушальнікаў у Літве ўздоўж мяжы зь Беларусьсю пачалі расьцягваць загароду з калючага дроту.