Прабуджэньне беларускай палітычнай нацыі
Беларускі палітычны крызіс, які ўзьнік адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і які характарызаваўся беспрэцэдэнтным узроўнем палітычнай мабілізацыі і сацыяльнай салідарнасьці беларускай грамадзянскай супольнасьці, стаў вынікам шэрагу абʼектыўных і субʼектыўных фактараў і прычын, якія сьпелі на працягу апошніх пяці-дзесяці гадоў.
Калі гаварыць пра абʼектыўныя прычыны, то, перш за ўсё, істотна зьмяніліся структурныя сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі беларускага грамадзтва, а таксама яго каштоўнасныя арыентацыі.
Можна сьцьвярджаць, што беларускае грамадзтва за апошняе дзесяцігодзьдзе зьдзейсьніла своеасаблівы фазавы пераход — ад грамадзтва, над якім панаваў сьветапоглядны груз савецкай спадчыны, да «пост-постсавецкай» супольнасьці, у якой каштоўнасныя ўстаноўкі на свабоду, канкурэнцыю, зьніжэньне ролі дзяржавы ў вырашэньні надзённых праблемаў, асабістую адказнасьць за ўласны лёс і дабрабыт пачалі пераважаць традыцыйныя патэрналісцкія арыентацыі, характэрныя для пэрыяду 1990-х — пачатку 2000-х гадоў.
За гэты час беларускае грамадзтва стала яшчэ больш адкрытым і сучасным ня толькі дзякуючы падключэньню Беларусі да працэсаў глябалізацыі, пераважна праз усталяваньне гандлёва-эканамічных і палітычных сувязяў зь іншымі краінамі, але і шырокаму распаўсюджваньню інфармацыйна-камунікатыўных тэхналёгіяў і падключэньню Беларусі да «глябальнай вёскі», што адыграла вядучую ролю ў беспрэцэдэнтнай палітычнай мабілізацыі і сацыяльнай салідарнасьці падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году і пасьля яе.
Паралельна, насуперак ідэалягічнай пазыцыі беларускай кіруючай клясы — пазыцыі, зьвязанай з захаваньнем дамінуючага становішча дзяржаўнай уласнасьці, структурныя трансфармацыі ў эканоміцы прывялі да таго, што доля прыватнага сэктару перавысіла ў 2020 годзе 50%.
Каштоўнасны зрух супаў зь відавочным крызісам сацыяльна-эканамічнай мадэлі кіраваньня беларускай дзяржавы, якая больш-менш пасьпяхова выконвала свае функцыі да 2015 году, але пасьля пачала ўвесь час даваць збоі з прычыны скарачэньня доступу да нафтавай і геапалітычнай рэнты ў адносінах з Расеяй.
Пэрыядычныя эканамічныя спады і стагнацыя даходаў грамадзян на фоне трэнду росту дабрабыту ў суседніх краінах, зь якімі беларусы сталі ўсё часьцей і часьцей суадносіць уласнае становішча, паставіла пад пытаньне здольнасьць дзяржавы выконваць узятыя на сябе абавязаньні ў адпаведнасьці з сацыяльным кантрактам зь беларускім грамадзтвам. Неаднаразовыя і беспасьпяховыя спробы рашуча пераадолець запаветную плянку сярэдняга заробку «папіцот» з рухам у кірунку «па тысячы» ў даляравым эквіваленце не ўвянчаліся посьпехам, а паводле ўзроўню сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у 2020 годзе Беларусь выйшла толькі на ўзровень «папіцот» у беларускіх рублях.
Пандэмія каранавірусу і яе эпідэміялягічныя, эканамічныя і палітычныя наступствы сталі сапраўдным краш-тэстам для беларускага грамадзтва і дзяржавы. І калі для беларускага грамадзтва яна стала глыбінным матывам для беспрэцэдэнтнага ўзроўню сацыяльнай салідарнасьці і ўзаемадапамогі, то дзяржава іспыт на эфэктыўнасьць і адэкватнасьць вырашэньня надзённых праблемаў беларусаў праваліла.
У выніку пандэмія каранавірусу паказала, што дзяржаве зь цяжкасьцю ўдаецца выконваць самыя базавыя функцыі ў рамках сацыяльнага кантракту з грамадзтвам — клапаціцца пра жыцьцё і здароўе грамадзян.
Высокі ўзровень трывожнасьці і страху значнай часткі грамадзтва, які стаў вынікам непасьлядоўнай і супярэчлівай лініі дзяржавы ў барацьбе з сацыяльна-эканамічнымі і ўласна эпідэміялягічнымі наступствамі пандэміі (70–80% лічылі антыковідныя захады ўладаў неэфэктыўнымі і недастатковымі) лёгка трансфармаваўся ў пратэставыя настроі напярэдадні галоўнай палітычнай падзеі 2020 году — прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Не пасьпеўшы купіраваць нэгатыўныя наступствы пандэміі, Аляксандар Лукашэнка прыняў найбольш рызыкоўнае для сябе рашэньне — праводзіць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў разгар першай хвалі эпідэміі.
На фоне ўвядзеньня надзвычайных становішчаў і локдаўнаў па ўсім сьвеце з прычыны пандэміі беларускае кіраўніцтва, паддаўшыся ўплыву кансьпіралягічных тэорыяў (згодна зь якімі каранавірус — гэта глябальная авантура, зладжаная дзеля новага перадзелу сьвету), пайшла «ва-банк», аднак ані ў сьвеце, уключаючы бліжэйшага стратэгічнага саюзьніка ў асобе Кітая, ані ў беларускім грамадзтве такі «ковід-дысыдэнцкі подзьвіг» не ацанілі.
Замест таго каб рушыць за сусьветным трэндам, выкарыстоўваючы пандэмію ў якасьці трыгера для рэформы сыстэмы палітычнага кіраваньня і эканамічных рэформаў і перабудовы ўсёй сацыяльна-эканамічнай мадэлі ў адпаведнасьці з посткаранавіруснымі рэаліямі ў духу «вялікай перазагрузкі» (паводле Кляўса Шваба), і нават больш — як падставы для пераносу выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі на пазьнейшы тэрмін і ў больш спрыяльныя ўмовы, быў абраны самы неспрыяльны сцэнар.
Толькі практычна праз год пасьля пачатку палітычнага крызісу беларускія ўлады сталі пагражаць увесьці ваеннае становішча — рашэньне, якое ў цяперашніх умовах ня будзе падтрыманае беларускім грамадзтвам, яшчэ больш паглыбіць палітычны крызіс і канчаткова замацуе за Беларусьсю статус крыніцы пагрозаў для міжнароднага міру і бясьпекі.
Такім чынам, сукупнасьць абʼектыўных фактараў і субʼектыўных памылак з боку беларускіх уладаў прывяла да беспрэцэдэнтнай палітычнай мабілізацыі грамадзтва, значная частка якога вырашыла перагледзець сацыяльны кантракт зь дзяржавай.
Высокі антырэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, абумоўлены неэфэктыўнасьцю дзеяньняў рэспубліканскіх і мясцовых уладаў у адказ на праблемы, якія хвалююць беларускіх грамадзянаў, абумовіў высокую папулярнасьць любога іншага з альтэрнатыўных кандыдатаў, уключаючы Сьвятлану Ціханоўскую, якая дайшла да канца прэзыдэнцкай гонкі насуперак жорсткаму сцэнару правядзеньня кампаніі, у адпаведнасьці зь якім усе асноўныя апазыцыйныя кандыдаты (Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкала) былі выключаныя з працэсу на этапе яе старту.
Правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў бяз спробаў імітацыі хаця б некаторых атрыбутаў дэмакратыі і адсутнасьць шырокага нацыянальнага і міжнароднага назіраньня, абмежаваньне спаборніцтва выключэньнем галоўных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ва ўмовах вельмі нізкага даверу да інстытутаў улады (уключаючы Цэнтральную выбарчую камісію з рэйтынгам ня большым за 20–30% даверу), рэгістрацыя ў якасьці кандыдата Сьвятланы Ціханоўскай (якая відавочным чынам кансалідавала ўвесь пратэставы і нэўтральны электарат) і, нарэшце, «пераможны» вынік 80,1% для А. Лукашэнкі замест «прымальных 65%» у грамадзтве і ў сьвеце — усё гэта стала фатальнымі паліттэхналягічнымі памылкамі беларускіх уладаў.
Сытуацыя канчаткова пагоршылася з прычыны беспрэцэдэнтнага ўзроўню непрапарцыйнага і хаатычнага гвалту з боку сілавых ведамстваў супраць пратэстуючых грамадзянаў, якія ў большасьці сваёй выйшлі выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў мірным спосабам. Гэта не выключае таго, што былі і тыя, хто выходзіў на вуліцы для сілавой дэманстрацыі сваёй нязгоды, але гэта ніяк не апраўдвае таго ўзроўню несэлектыўнага гвалту з боку сілавікоў, які быў ужыты падчас пратэстаў.
У выніку крывавы разгон пратэстаў, раскрутка махавіку рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ня толькі падарвалі легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў вачах беларускага грамадзтва і сусьветнай супольнасьці, але і канчаткова разарвалі сацыяльны кантракт паміж значнай часткай беларускіх грамадзянаў і дзяржавай (у сэнсе бюракратычных інстытуцыяў). Агульнанацыянальныя масавыя пратэсты і акцыі салідарнасьці ў адказ на крывавыя разгоны сталі адказам на прыніжэньне чалавечага гонару і годнасьці з боку ўлады, зь якой і заключалася грамадзянская дамова.
У выніку беларускі палітычны крызіс можна ахарактарызаваць як раскол паміж, з аднаго боку, бюракратычнымі інстытуцыямі ў шырокім сэнсе і той часткай грамадзтва, чый дабрабыт залежыць ад карпаратыўнай ляяльнасьці ў адносінах да іх, а з другога — грамадзянскай супольнасьцю, чыё існаваньне наўпрост не залежыць ад дзяржавы. То бок гэта раскол паміж дзьвюма сацыяльнымі структурамі і каштоўнаснымі сыстэмамі — «адкрытым» грамадзтвам, якое імкнецца да зьменаў і праявы свабоды, і «закрытым» грамадзтвам, якое супраціўляецца любым зьменам і не гатовае браць на сябе адказнасьць за ўласны лёс.
Менавіта таму геапалітыка спачатку не прысутнічала ў пратэставым руху ані ў якай форме, бо пратэсты былі прадуктам мабілізацыі супраць палітычнага свавольства, несправядлівасьці і расчалавечваньня з боку ўласнай дзяржавы, а ня зьнешніх геапалітычных актараў на Захадзе ці Ўсходзе, пагрозамі з боку якіх палохала дзяржаўная прапагандысцкая машына як падчас прэзыдэнцкай кампаніі, гэтак і на працягу ўсяго палітычнага крызісу.
Адным з эфэктаў адсутнасьці геапалітычнага вымярэньня стаў акцэнт на нацыянальных формах і ўсеагульнае выкарыстаньне пратэставым рухам нацыянальных гістарычных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня», аднак на гэтым нацыянальны зьмест быў вычарпаны. Гэта зьвязана з тым, што глыбінным матывам пратэставай дынамікі стаў запыт на абарону «ўнівэрсальных каштоўнасьцяў», уласьцівых грамадзтвам так званай заходняй цывілізацыі — самакаштоўнасьці чалавечай асобы, жыцьця, гонару, годнасьці, свабоды і інш.
Палітычны крызіс 2020 году стаў крыніцай абуджэньня беларускага грамадзтва і пачаткам зараджэньня беларускай палітычнай нацыі. Аднак гэты ж крызіс выявіў усю крохкасьць беларускай дзяржавы ў сэнсе здольнасьці бюракратычных інстытутаў і ўладных структураў падтрымліваць агульнанацыянальны кансэнсус паміж рознымі часткамі беларускага грамадзтва, прадстаўнікамі «адкрытай» і «закрытай» сацыяльных прастораў.
Ён жа паставіў пад пытаньне здольнасьць беларускай дзяржавы да самазахаваньня і ўзнаўленьня з прычыны адсутнасьці стратэгічнага бачаньня вырашэньня гэтага крызісу ў беларускай кіроўнай клясы. Па меры яго ператварэньня ў глябальную праблему беларускае грамадзтва і дзяржава рызыкуе трапіць у геапалітычную пастку, у якой іх лёс і будучыню будуць вызначаць іншыя глябальныя і рэгіянальныя гульцы. І як гэта часта бывае — без уліку нацыянальных інтарэсаў беларускага грамадзтва, ня кажучы ўжо пра інтарэсы беларускай дзяржавы і кіроўнай элітнай групы.
У гэтай сувязі адзінае магчымае і прымальнае рашэньне гэтага крызісу — шырокі і інклюзіўны дыялёг паміж «адкрытай» і «закрытай» часткамі беларускага грамадзтва, прычым імкненьне да паразуменьня і суперажываньня зьяўляецца неабходнай перадумовай для пераадоленьня гэтага расколу. Нягледзячы на шматлікія сусьветныя войны і канфлікты, якія праходзілі праз тэрыторыю Беларусі як праз эўразійскі калідор для ўварваньняў з Захаду на Ўсход і з Усходу на Захад, на ўнутрыпалітычныя канфлікты, якія прыводзілі да грамадзянскіх войнаў і расколаў, якімі карысталіся імпэрыі на Захадзе і на Ўсходзе, — нягледзячы на ўсё гэта, беларусы кожны раз паўставалі з попелу і зноўку выбудоўвалі свой дом і саміх сябе.
І гэта было магчыма дзякуючы волі да суіснаваньня насуперак палітычным адрозьненьням і супярэчнасьцям, экзыстэнцыяльным крыўдам за мінулае і сучаснасьць, дзякуючы салідарнасьці і ўзаемадапамозе спачатку ўнутры родавых структураў і семʼяў, прафэсійных супольнасьцяў, а цяпер — на больш шырокім узроўні грамадзянскай супольнасьці. Гэтая энэргія, якая вызваляецца дзякуючы абуджэньню беларускай палітычнай нацыі, мае як творчы, гэтак і разбуральны патэнцыял. Таму аніякі зыход не гарантаваны, але палітыка — сфэра магчымага, і беларуская палітычная нацыя мае ўсе шанцы для таго, каб паўстаць з попелу яшчэ адзін раз пасьля завяршэньня крызісу.
Наперадзе нас чакае нялёгкі і напоўнены выпрабаваньнямі шлях вялікага адраджэньня беларускай нацыі.
Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?