Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неверагодны 2020-ы». Алег Манаеў: «У адной краіне дзьве розныя Беларусі»


Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка
Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца іх бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы заснавальніка НІСЭПД, навуковага супрацоўніка Унівэрсытэту Тэнэсі Алега Манаева

Цярністы шлях да новай будучыні

2020 год, несумненна, увойдзе ў гісторыю Беларусі як год «абуджэньня» грамадзтва (па дадзеных сьнежаньскага апытаньня нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў ZOiS, «тры чвэрці апытаных прызналіся, што за апошнія месяцы сталі больш цікавіцца палітыкай» ), «візытоўкай» якога сталі кадры масавых пратэстаў на вуліцах Менску і іншых гарадоў, а таксама трох выдатных жанчын са знакамі Любові, Салідарнасьці і Перамогі.

Аднак гэты працэс спарадзіў больш пытаньняў, чым адказаў. Галоўнае пытаньне, на мой погляд, якое засланяе ўсе астатнія, можна сфармуляваць так: ці гатовае беларускае грамадзтва да новай, лепшай будучыні?

Алег Манаеў, доктар сацыялягічных навук, заснавальнік НІСЭПД, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Тэнэсі (ЗША)
Алег Манаеў, доктар сацыялягічных навук, заснавальнік НІСЭПД, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Тэнэсі (ЗША)

Дзяржава ў асобе дзеючай улады дала на яго просты адказ, па сутнасьці, прапанаваўшы будучыню як працяг мінулага ў яшчэ больш жорсткай упакоўцы. Прычым дала адказ ня толькі на пытаньне аб пажаданай будучыні, але і на пытаньне, на што яна гатовая для яе ажыцьцяўленьня. Адказ яшчэ больш просты: гатовая на ўсё, уключаючы і «гарачую» грамадзянскую вайну.

Але адказ грамадзтва для мяне не відавочны.

Па-першае, таму, што беларускае грамадзтва сёньня яшчэ больш, чым раней, расколатае па каштоўнаснай прыкмеце, і часткі грамадзтва, якія супрацьстаяць адна адной, маюць рознае бачаньне будучыні.

Па-другое, калі ад той часткі грамадзтва, якую ў цэлым задавальняе будучыня, прапанаваная дзяржавай, не патрабуецца актыўных дзеяньняў, дастаткова маўклівай згоды, то ад тых, хто прагне новай, лепшай будучыні (у ЗША такіх людзей называюць Dreamers — летуценьнікі), патрабуюцца ня проста актыўныя дзеяньні, але барацьба, спалучаная з рэальнай рызыкай страты вучобы / працы, бізнэсу, свабоды, а то і жыцьця.

Таму пытаньне пра гатоўнасьць беларускага грамадзтва да новай будучыні сёньня можна сфармуляваць інакш: ці гатовае яно да ахвяраў? Ці гатовае да барацьбы ня толькі з «красаўцамі» ў чорнай уніформе, але і з суседзямі, калегамі, сябрамі і нават сваякамі?

Ня менш важная і гатовасьць духоўная — усьвядомленыя сэнсы і каштоўнасьці, прапанаваныя як альтэрнатыва сэнсам і каштоўнасьцям дзяржаўнай улады. Якой бачыцца «летуценьнікам» новая палітычная сыстэма? Рынкавая эканоміка? Геапалітычны выбар? Нацыянальная культура, уключаючы моўную палітыку?

«Новая апазыцыя» пакуль не прапанавала сваім прыхільнікам яснай, добра аргумэнтаванай і шырока абмеркаванай праграмы будаўніцтва новай будучыні Беларусі. Імкнучыся заручыцца падтрымкай максымальнай колькасьці прыхільнікаў, яна сьвядома гэтага пазьбягала.

Калі на гэта мне зноў скажуць, што я «адарваўся ад краіны» і «згубіў разуменьне таго, што адбываецца», то спашлюся на дадзеныя студзеньскага апытаньня Рыгора Астапені, праведзенага пад эгідай брытанскага Chatham House:

«Палова рэспандэнтаў цалкам / хутчэй згодныя з тым, што ў лідэраў пратэсту няма выразнага пляну, што яны будуць рабіць пасьля прыходу да ўлады, менш за 30% з гэтым цалкам / хутчэй ня згодныя».

Празь некалькі дзён пасьля жнівеньскіх выбараў Валянцін Акудовіч на пытаньне «Што адбываецца ў Беларусі — паўстаньне нацыі ці паглыбленьне яе расколу?» даў канцэптуальны адказ: «Беларусь онталягічна даўно адна. І асобныя выпадкі значэньня ня маюць».

Калі зыходзіць з таго, што «онталёгія — гэта нашыя ўяўленьні пра ўнутраную структуру абʼекта, які вывучаецца», гэты тэзіс азначае, што «ўнутраная», у дадзеным выпадку каштоўнасная, структура беларускага грамадзтва адносна аднародная і ня ўтрымлівае ў сабе прынцыповых супярэчнасьцяў. З гэтага пункту гледжаньня тэзісы пра «раскол беларускага грамадзтва», пра тое, што «ў адной краіне дзьве розныя Беларусі», якія ўсё часьцей выказваюцца ў публічнай прасторы, ня маюць пад сабой падставы.

Акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на Камароўцы, Менск, 25 жніўня 2020
Акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на Камароўцы, Менск, 25 жніўня 2020

Віталь Цыганкоў выказаў гэта яшчэ прасьцей: «У беларускім грамадзтве няма ніякага «расколу» ў стаўленьні да Лукашэнкі. Манаеў ніякіх сьвежых сацыялягічных дадзеных у доказ свайго тэзісу не прыводзіць (спасылаючыся выключна ў цэлым на ранейшыя шматгадовыя дасьледаваньні НІСЭПД) — відаць, гэта выходзіць "па ашчушчэніях"».

Сёньня ігнараваць беларускі раскол стала больш складана, але часьцей за ўсё яго зводзяць да супрацьстаяньня сілавых структураў на чале з Лукашэнкам, з аднаго боку, і грамадзтва — з другога (прыгадаем знакаміты інтэрнэт-мэм «Саша "тры працэнты"»). Толькі нямногія асьмельваюцца казаць, што Лукашэнка, апарат гвалту і дзяржаўная ўлада ў цэлым усё яшчэ маюць апору ў грамадзтве.

А вось што кажуць факты, прадстаўленыя сацыяльнай навукай:

  • Па дадзеных апытаньня ZOiS, «Пры ўсім расчараваньні рэжымам толькі 14% апытаных сказалі, што ўдзельнічалі ў пратэстах. Большасьць пратэстоўцаў — людзі з добрым узроўнем адукацыі, якія жывуць у буйных гарадах. Меркаваньні наконт нацыянальнага сьцяга падзяліліся: 41% лічаць цяперашні чырвона-зялёны сьцяг дзяржаўным сымбалем, а 36% аддаюць перавагу бел-чырвона-беламу сьцягу, які стаў сымбалем пратэстаў».
Марш новай Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020
Марш новай Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020
  • Па дадзеных параўнальнага дасьледаваньня грамадзтваў дзьвюх краінаў, праведзенага ў сакавіку расейскімі сацыёлягамі мэтадам фокус-групаў, «Прыхільнікі Лукашэнкі — прыкладна чвэрць насельніцтва, 60% гатовыя ўдзельнічаць у мітынгах, але ў страйках — удвая менш». Пры гэтым аўтары падкрэсьліваюць, што «імкнуліся, каб на фокус-групах былі і людзі пратэсту, і "ябацькі", як яны самі сябе называюць, і тыя, хто вагаецца». Аўтары дасьледаваньня таксама робяць выснову, што «ў Беларусі глыбокі цывілізацыйны раскол, па сутнасьці, дзьве краіны ў межах адной».
  • Прадбачу папулярны сягоньня контраргумэнт: «Сёньня большасьць беларусаў, нягледзячы на адрозьненьні ў каштоўнасьцях, выступаюць супраць Лукашэнкі». Аднак, паводле дадзеных апытаньня Астапені, на пытаньне «Хто, на ваш погляд, быў бы варты стаць прэзыдэнтам Беларусі?» Аляксандра Лукашэнку назвалі 27,4% рэспандэнтаў, 28,8% — Віктара Бабарыку, а 39% цалкам / хутчэй згодныя з тым, што «На самой справе Ціханоўская і яе штаб не выражаюць інтарэсы такіх людзей, як я», і амаль столькі ж — «цалкам / хутчэй ня згодныя».

    Гэта кажа пра тое, што каштоўнасьці, уяўленьні людзей пра жыцьцё шмат у чым прадвызначаюць іх палітычны выбар. Нагадаю, што ў 1994 годзе ўся прагрэсіўная грамадзкасьць чакала перамогі дэмакратычнага кандыдата, галоўнай перашкодай лічыўся лідэр кіроўнай намэнклятуры Кебіч. Але ў першым туры ён набраў усяго 17.3%, Пазьняк - 12,8%, Шушкевіч - 9,9%, а Лукашэнка - 44,8%, і ў другім туры перамог з 80% ад ліку тых, хто прагаласаваў.
  • Нельга не адзначыць, што тыпалёгія электарату як анты-, так і пралукашэнкаўскага, дакладней кажучы, той сыстэмы каштоўнасьцяў, якую ён вызнае і выказвае, выкарыстаная ў дасьледаваньні Астапені — «ядро пратэсту» (37%), «бастыён Лукашэнкі» (18%) і зьмешчаныя паміж імі «тыя, хто спачувае пратэсту», «скептыкі» і «абыякавыя» (45%), — мэтадалягічна цалкам супастаўная з тыпалёгіяй, у свой час распрацаванай НІСЭПД, таксама заснаванай на агрэгаваньні некалькіх індыкатараў. Тады, на працягу дзесяцігадовага маніторынгу, група «перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі» ў сярэднім складала 21,5%, «перакананых праціўнікаў» — 31,1%, а «тых, хто вагаецца» — 47,4% рэспандэнтаў (хоць, у залежнасьці ад палітычнай сытуацыі, гэтыя суадносіны маглі мяняцца).
  • Варта таксама ўлічваць, што нядаўнія апытаньні, як правіла, праводзіліся онлайн і часьцяком не ахоплівалі жыхароў вёсак. У прадмове да дакладу Chatham House, падкрэсьліваецца, што «карыстальнікі Інтэрнэту застаюцца больш эканамічна і сацыяльна актыўнымі, таму, нягледзячы на тое, што нашая выбарка была узважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадзтва, цалкам магчыма, што падтрымка Лукашэнкі і ягонай палітыкі можа быць крыху вышэй, чым паказвае гэты апытаньне, паколькі прыхільнікі Лукашэнкі, як правіла, менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго нядобразычліўцы ». Падобную агаворку зрабіла і кіраўніца дасьледаваньня ZoiS.

Падобна да таго, што ўражлівы палітычны зрух, які назіраўся ў 2020 годзе, адбыўся ня толькі за кошт павелічэньня групы «перакананых праціўнікаў», але і за кошт «тых, хто вагаецца», якія папоўніліся былымі прыхільнікамі Лукашэнкі.

Аналізуючы вынікі выбараў 2015 году, НІСЭПД падкрэсьліваў, што выбарчая кампанія Тацяны Караткевіч яскрава праявіла наяўнасьць «трэцяй Беларусі» — не лукашэнкаўскай і не клясычна апазыцыйнай: большасьць яе электарату як паводле сацыяльна-дэмаграфічных, гэтак і паводле каштоўнасных характарыстык аказалася «прамежкавай» паміж імі. «Трэцяя Беларусь» існавала і раней, але проста была ня бачная ў дыме баталіяў паміж прэзыдэнтам і апазыцыяй.

На гэта паказваюць і вынікі апытаньня ZOiS, згодна зь якімі «ўяўленьні беларусаў пра тое, якой павінна быць форма кіраваньня ў краіне, разыходзяцца. Больш за 40% выступаюць за дэмакратыю, тады як прыхільнікі Лукашэнкі альбо ня ведаюць, якая форма кіраваньня лепшая, альбо аддаюць перавагу аўтакратыі. Як мінімум для траціны беларусаў дэмакратыя і аўтарытарызм — абстрактныя паняцьці».

Акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, Менск, 25 жніўня 2020
Акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, Менск, 25 жніўня 2020

Таму я лічу, што зьмяншэньне «лукашэнкаўскай Беларусі», тое, што адбылося ў 2020 годзе, зусім ня значыць, што яна практычна зьнікла («Саша "тры працэнты"»), і яе нельга не прымаць у разьлік ні на шляху да перамогі, ні пры будаўніцтве новай будучыні.

Некаторыя экспэрты даўно казалі пра гэтую праблему, пра тое, што карані неаднароднасьці, часам расколу грамадзтва сыходзяць у глыбіні гісторыі, праходзячы ня столькі па этнічнай, нацыянальнай, колькі па сацыяльнай, геапалітычнай лініі, і сталі важнай рысай беларускай ідэнтычнасьці.

Так, вядомы гісторык Алесь Смалянчук падкрэсьліваў, што «На лёс БНР істотна паўплывалі канфлікты ў беларускім руху, барацьба паміж "сацыялістамі" і "нацыяналістамі", "рэвалюцыянэрамі" і "кансэрватарамі". Гісторыя БНР з удзелам Рамана Скірмунта — гэта гісторыя барацьбы за адзінства беларускага руху. На жаль, няўдалая». Але гэтыя нешматлікія галасы танулі ў гучным хоры «адзінства нацыі».

Дзіўна, але раскол беларускага грамадзтва першым адкрыта прызнаў сам Лукашэнка. У сваёй навагодняй прамове пасьля драматычных выбараў 2010 году ён падкрэсьліў: «Свае віншаваньні я таксама адрасую і нашай меншасьці, якую ўспрымаю як неадʼемную частку нашага грамадзтва», вызначыўшы яе ў 20% . Як паказалі падзеі 2020 году, пакуль апазыцыйныя палітыкі і экспэрты гадамі аспрэчвалі і нават адпрэчвалі саму ідэю расколу, Лукашэнка мэтанакіравана рыхтаваўся да пашырэньня і ўмацаваньня нязгоднай зь ім меншасьці. Цяпер ня толькі Беларусь, але і ўвесь сьвет ведае, як ён падрыхтаваўся.

У сувязі з гэтым узьнікае яшчэ адно фундамэнтальнае пытаньне: наколькі «абуджаная» частка грамадзтва прыхільная дэмакратычным каштоўнасьцям і гатовая да выпрабаваньняў, перш за ўсё сацыяльна-эканамічных, зь якімі непазьбежна сутыкнецца пасьля перамогі над цяперашнім рэжымам, як гэта адбылося зь мільёнамі людзей пасьля краху камунізму? Ці ня зьвернецца яна неўзабаве да пошуку новай «моцнай рукі», якая «верне парадак і стабільнасьць»?

І ці не давядзецца Сьвятлане Алексіевіч празь дзесяць гадоў пісаць другі том «Часу second-hand» ужо «на беларускім матэрыяле»? Па дадзеных апытаньня Астапені (Chatham House 2021, а не НІСЭПД 2006 году!), 40% рэспандэнтаў цалкам / хутчэй згодныя з тым, што «Беларусь — гэта сацыяльна-арыентаваная дзяржава», 43,4% — што «зьмена ўлады выгадная толькі тым, хто прыйдзе да ўлады, простыя людзі, хутчэй за ўсё, пацярпяць».

Пытаньне пра гатоўнасьць беларускіх «летуценьнікаў» да сілавога супрацьстаяньня зь дзяржавай, якая ўжывае гвалт да мірных грамадзянаў, таксама застаецца адкрытым. Аж да канца 2020 году сярод пратэстоўцаў і групаў грамадзтва, якія іх падтрымлівалі, дамінавала ідэя «беларускага гандызму». Шматлікія рэпартажы незалежных СМІ стракацелі загалоўкамі тыпу «Пратэстоўцы-беларусы прыбіраюць за сабой сьмецьце і здымаюць абутак, перш чым стаць на лаўку».

Асобныя інцыдэнты сілавога супраціву пратэстоўцаў, накшталт «атакі ў адказ групы асобаў на супрацоўнікаў міліцыі» ў Пінску 10 жніўня, не прыцягвалі вялікай увагі і падтрымкі.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч


Ні «справа тэрарыстычнай групы» Мікалая Аўтуховіча (арыштавана 13 чалавек), які выступаў за «арганізаваны сцэнар сілавога адхіленьня Лукашэнкі і яго рэжыму ад улады» і ўвосень правёў некалькі акцый супраць сілавікоў, ні прызнаньні былога сілавіка («Мне шкада, што людзі аказаліся не гатовымі да рашучых дзеяньняў. Нам было зразумела, што калі пратэстоўцы прыціснуць, усё абрынецца за сэкунду. Цяпер сілавікі зыходзяць з таго, што ніколі не панясуць адказнасьці. Санкцыйныя сьпісы, «чорная кніга», сьпіс службоўцаў тэрміновай службы, які выклаў забаронены тэлеграм-канал, не даюць нічога. Сілавікі ўсьведамляюць, што ўлада ў Лукашэнкі») прынцыпова не зьмянілі пазыцыі лідэраў пратэсту, якія працягваюць выступаць за «мірнае рашэньне» і прадказваць «хуткі сыход Лукашэнкі са сваёй пасады» . У той жа час, паводле дадзеных красавіцкага апытаньня Астапені, 63% рэспандэнтаў лічаць, што Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам Беларусі ад 2023/2024 да 2035 году або пазьней.

Для разуменьня падзей 2020 году і іх наступстваў для новай будучыні надзвычай важным зьяўляецца таксама пытаньне геапалітычнага выбару Беларусі. Выбар, зроблены дзяржаўнай уладай, відавочны. Выбар «старой апазыцыі» таксама добра вядомы. Але выбар «новай апазыцыі» пакуль невідавочны.

На мой погляд, у гэтым пытаньні важней факусавацца не на тым, «ці адпусьціць Расея Беларусь у Эўропу», а на тым, што, як паказваюць дадзеныя нядаўніх апытаньняў, нягледзячы на зьніжэньне прарасейскай арыентацыі, яна глыбока ўкаранёная ў беларускім грамадзтве. Паводле дадзеных студзеньскага 2021 году апытаньня Астапені, «да прэзыдэнта Расеі Пуціна 53,9% апытаных ставяцца вельмі / у асноўным добра і 27,6% вельмі / у асноўным дрэнна». Аўтары апытаньня ZOiS робяць выснову, што «палітычны раскол паміж прыхільнікамі і крытыкамі рэжыму дэманструе выразную геапалітычную мадэль — альбо невысокая ацэнка ролі ЭЗ, альбо адмаўленьне важнасьці добрых эканамічных адносінаў з Расеяй».

Таму праблему я бачу ня толькі ў цяперашніх супярэчнасьцях паміж уладай і апазыцыяй, а таксама ўнутры самой апазыцыі, але і ў тым, як яе будзе вырашаць дэмакратычная ўлада пасьля перамогі над цяперашнім рэжымам. Верагодна, без палітычнага кампрамісу, перш за ўсё ў самой Беларусі, і тут не абысьціся.

Але да перамогі яшчэ трэба дайсьці, а гэта, на думку многіх, немагчыма без кансалідацыі ўсіх пратэставых і нязгодных зь цяперашнім рэжымам сілаў. Няздольнасьць большасьці лідэраў «старой» і «новай» апазыцыі да рэальнага, а не дэкляратыўнага абʼяднаньня ўвайшла ўжо ў легенды.

Напрыклад, адзін з ідэйных лідэраў «старой апазыцыі» Зянон Пазьняк разглядае Бабарыку і Ціханоўскую як "надзіманыя фігуры" і заяўляе, што «Беларусь у іх толькі на вуснах і мае на ўвазе "краіну для жыцьця" у складзе Расеі, але не свабодную беларускую нацыю. Для іх беларуская мова не зьяўляецца дэмакратыяй, а гісторыя барацьбы за беларускую незалежнасьць — чужая і ненавісная». Пра пэрспэктывы кансалідацыі лідэраў «новай» апазыцыі гаворыць ужо сам факт іх знаходжаньня ў розных краінах, а таксама відавочна ня ўзгодненыя, часам рознанакіраваныя палітычныя ініцыятывы.

Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка

Яшчэ больш важная праблема — гатоўнасьць да кансалідацыі ў самім беларускім грамадзтве. Прычым ня проста да дыялёгу з апанэнтамі, а да рэальных кампрамісаў зь імі, кампрамісаў, многія зь якіх напэўна акажуцца непрыемнымі і «доўгайграючымі».

Паводле дадзеных студзеньскага 2021 году апытаньня Астапені, на пытаньне «Ці можна давяраць большасьці людзей, альбо трэба быць вельмі асьцярожным у адносінах зь людзьмі?» толькі 30% адказалі станоўча, а 70% адмоўна. «Характэрная рыса беларускага грамадзтва, — адзначаецца ў дакладзе ZOiS, — нізкі ўзровень сацыяльнага даверу. Істотнага росту кансалідацыі ў выніку падзеяў мінулага году не назіраецца: толькі 10% беларусаў пачалі больш давяраць іншым за апошняе паўгодзьдзе, а каля 30% адзначылі зьніжэньне ўзроўню даверу да іншых людзей«. А павышэньне сацыяльнага даверу без палітычных кампрамісаў наўрад ці магчымае.

Зразумела, гаворка ідзе не пра «дыялёг» і «прымірэньне» ва ўмовах пастаяннага росту гвалту дзяржаўнай улады над нязгоднымі, а пра будаўніцтва новай будучыні, да якога рана ці позна давядзецца прыступіць. Ігнараваньне ўрокаў мінулага, у тым ліку і 2020 году, адсутнасьць ясных, аргумэнтаваных адказаў на пастаўленыя пытаньні можа прывесьці да таго, што новая будучыня прынясе больш расчараваньняў, чым радасьці. Будаўніцтва гэтай будучыні трэба не адкладаць «да перамогі над рэжымам», а пачынаць проста цяпер, распрацоўваючы стратэгію і тактыку палітычных дзеяньняў у рэальнай, а не прыдуманай краіне.

Думаю, усім нам трэба будзе прайсьці цярністы шлях да новай будучыні Беларусі.

Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG