На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста наконт выбараў у Армэніі адказвае палітычны аглядальнік радыё «Эхо Кавказа» Вадзім Дубноў.
Дубноў
- Пашыньян здолеў памяняць парадак дня.
- Безнадзейнае для яго пытаньне аб паразе ў вайне ён здолеў замяніць пытаньнем аб пасьляваеннай пабудове грамадзтва.
- Апазыцыя гуляла на полі ваеннай паразы, а на тым полі, гульню на якім прапанаваў Пашыньян, апазыцыі асабліва не было чаго прапанаваць.
- Апазыцыя казала, што страчаны будзе ня толькі Карабах, але і ўся Армэнія.
- Усё тое, чым пужала апазыцыя, ня спраўдзілася.
- Фактарам выбараў была нелюбоў да постацяў мінулага — экс-прэзыдэнтаў Качар'яна і Саргсьяна.
- Да таго ж толькі Пашыньян быў сапраўдным змагаром, барацьбітом за ўладу.
- Качар'ян перамагаў у мінулым альбо за кошт адміністрацыйнага рэсурсу, альбо гвалтам, як гэта было ў 2008 годзе.
- Пашыньян прафэсійна маніпулюе і інтрыгуе, і вось вынік.
- Качар'ян здолеў згуртаваць вакол сябе ладную частку тых сілаў, якія не ўспрымалі Пашыньяна, але не былі гатовыя аддаць галасы больш лібэральным сілам.
- Пашыньян здолеў перавесьці выбары ў фармат рэфэрэндуму аб даверы яму.
- Фігуры, якая магла згуляць супраць Пашыньяна, у Армэніі проста не было.
- Сацыялёгія не зьяўляецца моцным бокам армянскай грамадзкай думкі.
- У самой Армэніі сацыялягічным зьвесткам ня надта вераць. Там ведаюць, хто стаіць за той ці іншай сацыялягічнай фірмай.
- Усе эліты адвярнуліся ад Пашыньяна — эліты вайсковыя, акадэмічныя, значнай часткай і эліты палітычныя.
- Гэта, зразумела, ягоная параза. Але гэтыя эліты хаваюцца ў тых 50% насельніцтва, якія не прыйшлі на ўчорашнія выбары.
- Яны не настолькі ненавідзелі Пашыньяна, каб пайсьці прагаласаваць за Качар'яна.
- Модна казаць пра «глыбінны народ», які прагаласаваў за Пашыньяна.
- Але гэта хутчэй ляялісцкая постсавецкая большасьць, якая заўсёды галасуе за дзейную ўладу. Яна жыве пераважна ў вёсцы і ў малых гарадах.
- І важны момант — зьмена парадку дня. Цяжка сказаць, як бы прагаласавала гэтая большасьць, скажам, у лістападзе летась, калі пытаньне вайны было гарачае.
- Час спрацаваў на Пашыньяна.
- Я магу памыляцца, але пасьлявыбарчы пратэст Качар'ян ладзіць гэтак жа маланатхняльна, як ладзіў выбарчую кампанію.
- Рэсурсу натоўпу ў Качар'яна няма. Рэсурс натоўпу ёсьць у Пашыньяна, і сёньня ўвечары мы яго ўбачым, калі ён паспрабуе вярнуць сабе статус лідэра Плошчы.
- Пашыньян — чалавек без палітычных прынцыпаў.
- Ён можа сабе дазволіць гаварыць бязь мітаў. Ён можа не гаварыць пра сьвятыя для армянаў рэчы — пра армянскі сьвет (у нечым падобны да «рускага сьвету»), межы якога не праходзяць нідзе.
- Лявон Тэр-Пэтрасян казаў яшчэ ў 1997 годзе, але зыходзячы з прынцыпаў армянскай Realpolitik — перамога ў Карабаху нічога ня дасьць, яна абернецца паразай.
- Сёньня Пашыньян праводзіць тую самую думку, зыходзячы з адсутнасьці прынцыпаў.
- Ён адзіны можа сказаць пра неабходнасьць дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы, а гэта адсякае ўсе надзеі на Карабах.
- Але слухаць будуць Пашыньяна.
- Яму вельмі дапамаглі Расея і Азэрбайджан у апошнія месяцы.
- Масква паводзіць сябе адносна Армэніі вельмі прагматычна.
- Гэта міт 90-х — пачатку нулявых, што Маскве Армэнія патрэбная як калёнія.
- Вельмі сьмешна, але кожная армянская палітычная сіла спрабуе «ўпарыць» Маскве больш армянскага сувэрэнітэту, чым Маскве гэта трэба.
- Азэрбайджан спрабуе ўмацаваць сваю перамогу. Баку падштурхоўваў Ерэван да заключэньня мірнай дамовы.
- Армэніі складана, бо ёй няма на каго спадзявацца — яна ня можа спадзявацца ні на Маскву, ні на Захад.
- Пашыньян ня стане дыктатарам, гэтага нікому ў Армэніі не ўдавалася.
- Януковіч пераблытаў — ва Ўкраіне нельга кіраваць, як Лукашэнка ў Беларусі.
- І ў Армэніі нельга, у Армэніі можна толькі дамаўляцца.
- Пашыньян абламаў зубы аб сетку прыхільнікаў Качар'яна ў сыстэме ўлады.
Што адбылося раней
- Партыя выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна «Грамадзянская дамова» перамагла на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах краіны з 53,92% галасоў.
- Далей ідзе блёк другога прэзыдэнта краіны Робэрта Качар’яна «Армэнія» з 21,04% галасоў. Акрамя таго, блёк «Гонар маю», які сфармаваўся вакол партыі трэцяга прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна, набраў 5,23% галасоў. Партыя «Квітнеючая Армэнія» атрымала 3,96% галасоў, а партыя «Рэспубліка» — 3,04%.
- Яўка на выбарах па ўсёй краіне склала 49,4%. Яўка ў Ерэване — 51,55%.