Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спроба перавароту», патрабаваньне вайскоўцаў да Пашыньяна і мітынгі за і супраць прэм’ера. Што адбываецца ў Армэніі


Мітынг апазыцыі ў падтрымку адстаўкі прэм'ера Пашыньяна, 25 лютага 2021
Мітынг апазыцыі ў падтрымку адстаўкі прэм'ера Пашыньяна, 25 лютага 2021

Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раніцай 25 лютага заявіў пра спробу вайсковага перавароту ў краіне і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці на вуліцу.

Гэта адбылося пасьля таго, як Генэральны штаб Узброеных сіл запатрабаваў ад Пашыньяна сысьці ў адстаўку, а Пашыньян у адказ на гэтае патрабаваньне звольніў начальніка Генштабу Оніка Гаспарана.

Пра сытуацыю ў Армэніі паведамляе тэлеканал «Настоящее время».

«Вы ведаеце, што я ўзяў на сябе адказнасьць за тое, што адбылося падчас канфлікту з Азэрбайджанам, і пастараўся зрабіць усё, каб адказаць на ўсе пытаньні самастойна. Цяпер мы падышлі да этапу, калі ня можам пазьбегнуць пытаньняў на адрас некаторых нашых высокапастаўленых вайскоўцаў», — заявіў Пашыньян.

Прычыны супрацьстаяньня

Супрацьстаяньне прэмʼера і апазыцыі ў Армэніі працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Але прычынай новага абвастрэньня канфлікту стала спрэчка паміж Пашыньянам і вайскоўцамі пра ўжываньне Армэніяй набытых у Расеі комплексаў «Іскандэр» падчас нядаўняга канфлікту ў Нагорным Карабаху.

Былы прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсьян заявіў, што армянскія вайскоўцы павінны былі задзейнічаць «Іскандэры» ў першыя дні баявых дзеяньняў. У адказ Пашыньян сказаў, што «Іскандэры», якія стаяць на ўзбраеньні Армэніі, падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху восеньню 2020 году паказалі слабую эфэктыўнасьць у ваенных умовах: «не падарваліся або ўзарваліся толькі на 10%». Раней Пашыньян таксама крытыкаваў набытае былымі ўладамі Армэніі расейскае ўзбраеньне.

У Мінабароны Армэніі адмовіліся камэнтаваць новую заяву прэмʼера пра «Іскандэры». Аднак намесьнік начальніка Генштабу генэрал Тыран Хачатран заявіў, што «гэта немагчыма», а рабіць высновы аб зброі з «павярхоўнымі ацэнкамі несурʼёзна». У адказ Нікол Пашыньян звольніў Тырана Хачатрана: па вэрсіі армянскіх СМІ, вайскоўца адхілілі менавіта праз тое, што ён высьмеяў словы Пашыньяна пра расейскія «Іскандэры».

Пасьля звальненьня Хачатрана Генэральны штаб Узброеных сілаў Армэніі запатрабаваў адстаўкі Пашыньяна і ўраду.

«Прэмʼер-міністар і ўрад Армэніі больш ня ў стане прымаць адэкватныя рашэньні ў гэтай крызіснай і лёсавызначальнай для армянскага народу сытуацыі», — адзначаецца ў заяве Генштабу. Там таксама сказана, што «Ўзброеныя сілы Армэніі доўгі час цярпліва выносілі нападкі, накіраваныя на дыскрэдытацыю Ўзброеных сілаў дзеючай уладай, аднак усё мае свае межы».

У адказ Пашыньян заявіў пра спробу вайсковага перавароту і абвясьціў, што звольніць начальніка Генштабу Оніка Гаспарана.

«Лічу заяву Генштабу спробай вайсковага перавароту. Я запрашаю ўсіх нашых прыхільнікаў на плошчу Рэспублікі проста цяпер», — адзначыў Пашыньян у фэйсбуку.

Пасьля гэтага Генштаб выступіў з новай заявай, у якой пацьвердзіў патрабаваньне аб адстаўцы прэмʼера і ягонага ўраду.

Па Канстытуцыі Армэніі, начальніка Генштабу прызначае і здымае з пасады прэзыдэнт па прапанове прэмʼера. Калі прэзыдэнт не прымае прапанову прэмʼера, яна аўтаматычна ўступае ў сілу праз 15 дзён. У адміністрацыі прэзыдэнта Армэніі Армэна Саркісьяна паведамілі, што ён ужо атрымаў прапанову Пашыньяна аб адстаўцы кіраўніка Генштабу, аднак яшчэ не падпісаў указ.

Мітынгі за і супраць

Апазыцыйны «Рух за выратаваньне айчыны», куды ўваходзяць 17 апазыцыйных партый, падтрымаў патрабаваньні вайскоўцаў адносна адстаўкі Пашыньяна. Былыя прэзыдэнты краіны Робэрт Качаран і Серж Саргсян таксама падтрымалі вайскоўцаў. А вось кіруючая парлямэнцкая фракцыя «Мой крок» назвала патрабаваньне Генштабу аб адстаўцы Пашыньяна неканстытуцыйным.

Днём 25 лютага ў Ерэване пачаліся адразу дзьве акцыі пратэсту. Апазыцыйны «Рух за выратаваньне айчыны», які ўжо некалькі месяцаў дамагаецца адстаўкі прэмʼера, сабраў сваіх прыхільнікаў на плошчы Свабоды ў цэнтры гораду. Яны выказвалі падтрымку арміі і чарговым разам патрабавалі адстаўкі Пашыньяна.

У іншым раёне, каля будынку ўраду на плошчы Рэспублікі ў Ерэване, на шэсьце са сваімі прыхільнікамі выйшаў прэмʼер-міністар. Нікол Пашыньян заклікаў начальніка Генштабу Оніка Гаспарана добраахвотна сысьці ў адстаўку і заявіў, што любая зьмена ўлады магчымая толькі на датэрміновых або чарговых выбарах. Прадстаўнікоў Узброеных сілаў ён заклікаў «заняцца сваёй місіяй па абароне межаў».

«Некаторыя спрабавалі ўцягнуць нашу армію, нашы Ўзброеныя сілы ў антыдэмакратычны, антыканстытуцыйны працэс. Сёньня я выразна ацаніў, што заява Генштабу — спроба вайсковага перавароту, і народ не дапусьціць вайсковага перавароту ў Армэніі», — заявіў Пашыньян.

Пасьля гэтага некалькі тысяч прыхільнікаў прэмʼера разам зь ім прайшлі шэсьцем па вуліцах Ерэвану.

Гісторыя крызісу

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла пра выхад з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі».
  • За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Прылеглыя да Нагорнага Карабаху некалькі раёнаў Азербайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай краінай ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі, якія патрабавалі вывесьці армянскія войскі з рэгіёну Карабаху і прызнаць тэрыторыю часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна важны горад Шуша (на армянскай мове — Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Па ўмовах пагадненьня за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Ўздоўж лініі сутыку разьмешчана міратворчая місія Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG