па-расейску — па-беларуску
- аист — бусел (у гаворках таксама бацян, бусько)
- журавль — жораў, журавель (мн. л. жоравы, жураўлі)
- во́рон — крумкач, груган, крук
- кукушка — зязюля
- скворец — шпак (для яго шпакоўня)
- тетерев — цецярук (саміца — цяцерка)
Бусел. Унікальнае імя нацыянальнага татэма
Гэтым словам беларуская літаратурная мова вылучаецца сярод усіх. Амаль паўсюдна ў нас так завуць белага бусла. Яшчэ бýсько — на Палесьсі, бацян/буцян — на Віленшчыне і Полаччыне. Але ў роднай гаворцы Вацлава Ластоўскага буцян — белы бусел, а рэдкі і асьцярожны чорны — акурат бусел.
Літоўскія гаворкі ведаюць слова busilas, але з гэтым беларусізмам змагаліся ў міжваенную пару, таму цяпер у літаратурнай мове толькі gandras. У палякаў bocian. Ува ўкраінскай літаратурнай — лелека. Беларуская чыгунка недарэчна назвала цягнік паміж Менскам і Кіевам па-расейску — „Белый аист“.
Слова бусел уласнабеларускае, не пазычанае. Ад назвы сьветлага колеру — „бусы“. Назва гнязда — бусьлянка, у расейскай ня мае эквівалента.
А вось расейскае слова аист не спрадвечнае там, навукоўцы схіляюцца да германскага яго паходжаньня (магчыма, таго ж кораня беларускі германізм гайсьцер для чорнага бусла). Бо сама птушка, як сьведчаць арнітолягі, пачала зьяўляцца ў Расеі толькі ў ХІХ стагодзьдзі. Шматвекавы яе арэал супадае з усходнімі межамі Эстоніі, Латвіі, Беларусі і Ўкраіны. Уладзімер Караткевіч задаўся слушным пытаньнем:
На ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, буслы ўжо амаль ня водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.
І птушка, і слова — беларускія нацыянальныя маркеры. Слова ўпадабалі маркетолягі, яно дзе заўгодна — ад сеткі крамаў дзіцячых тавараў да назвы зусім недзіцячай прадукцыі — гарэлкі.
І, вядома, без бусла немагчымая беларуская паэзія. Калі б у садку і школе дзеці вучылі яе, то памяталі б з Васіля Віткі: „Цьвёрдае слова — слова буслова“. Некалі ў Беларускім радыё часта гучала песьня Ігара Лучанка на верш Уладзімера Някляева „Сьвітанак“: „Там кружыцца бусел...“
3 журавін зрабіў карáлі, журавы́ мяне карáлі
У вядомай запаміналцы Сяргей Грахоўскі ня толькі гуляе амаформамі (назоўнік карáлі — пацеркі на шыю, дзеяслоў карáлі — ад караць). Ён небеспадстаўна аб’яднаў у мікрасюжэт ягады журавіны і птушак журавоў. Бо ягада з тых самых імшараў, дзе водзіцца тая самая птушка журавéль / журáў / жораў (мн. жоравы).
У германскіх мовах гэткая ж повязь: анг. cranberry — crane (дарэчы, адсюль crane ‘кран’; у нас таксама паводле візуальнага падабенства журавель у калодзежы).
І наша назва птушкі, і германскія, і літоўская gervė, і старажытнагрэцкая γέρανος — ад яшчэ праіндаэўрапейскага кораня gerh- ‘хрыпла крычаць’ (жураўліны крык тут).
Cuckoo што робіць? cuckoos. А зязюля?
Задумаўшыся пра беларускую назву вядомай сваім прарочым рытмам птушкі, людзі пытаюць: ангельская cuckoo, расейская кукушка і польская kukułka гукаюць вядома як — а беларуская зязюля?
Не хвалюймася. Па-беларуску яна кажа ку-ку: кукуе (ад кукаваць), кувае ці нават куé (ад куваць).
Але і слова зязюля — ад гукаперайманьня. Толькі іншага і, відаць, старэйшага — „ґу!“ Як і старажытнае верхненямецкае gouh, і літоўскае gegužė. Нашыя супольныя продкі чулі зязюлін гук прыблізна як *gheghug-.
Беларускае слова ўзьнікла ў выніку гукавой эвалюцыі (параўнайма архаічнае літоўскае geležis і беларускае дыялектнае зялеза).
Наагул птушыныя гукі канвэртуюцца ў чалавечыя прыблізна. Ня дзіва, што і па-грузінску зязюля завецца გუგული [ɡuɡuli], і па-турэцку guguk, і ў ангельскай мове, поруч са звыклым словам cuckoo, птушку называюць yek і gawk.
Зязюля — назва агульнабеларуская (ува Ўсходняй Беларусі поруч зь зязюляй ужываецца кукушка/кукуля.
Шмат вытворных: зязюля́сты колер; зязюлéць — ‘рабіцца мутным, шэрым’, а таксама... ‘салавець ад п’янства’: Вочы твае ад гарэлкі пазязюлелі (так запісаў Іван Насовіч).
Тут і слова — кандыдат на ўключэньне ў тэрміналёгію беларускага боксу. Азязюліць — ‘привести ударом в беспамятство’: сядзіць як азязюлены ў таго ж Насовіча. Магчыма, рэха супольнай спадчыны з германскімі мовамі, дзе словы для „зязюлі“ азначаюць і дурня; навамодная „кукуха”, якая паехала, ці не скалькаваная з ангельскай.
Тым ня менш беларускі ласкавы зварот — „зязюлька/зязюлечка ты мая“, сынонім „мая галубка“:
„Якім(любуецца ёю, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!“ (Янка Купала. „Паўлінка“)
Але ўвага: па-расейску „ты кукушка“ — зварот зусім не ласкавы.
Шпак, шпачыха, шпачаняты
Паходзіць ад шчапаць у старажытным значэньні ‘дражніць, перадражніваць’. Мо таму слова шпакі ў жаргоне даўнейшых беларускіх шкаляроў абазначала сьпісваньне, фактычна шпаргалкі па-сучаснаму.
А дзіця шпакуе, калі толькі пачынае гаварыць. У тым ліку на незразумелай мове: Шпакуе па-нямецку (рас. )
Пералічаныя птушкі на зіму адлятаюць у вырай. Гэтае беларускае слова на сучасную расейскую літаратурную мову аднаслоўна не перакладаецца. Там кажуць „в тёплые края“ („на юг“ — не зусім дакладна, кірунак можа быць і на захад). Слова вырай архаічнае, пра яго паходжаньне лінгвісты спрачаюцца (балтызм, зьвязаны з морам? іранізм?).
Наступныя дзьве птушкі зімуюць у Беларусі.
Цецярук як індыкатар балбатлівасьці (і ня толькі)
Агульная назва віду таксама і цяцера. Але саміца — цяцерка. Малыя — цецераняты. Вось жа вядомая языкаломка „Уцякай, цецеручыха, зь цецеручанятамі“ — не народная, аўтарская, з словамі-наватворамі.
Лацінскае імя віду таго ж кораня — Tetrao tetrix, ад грэцкага τετράων. Яшчэ адзін гукапераймальны арнітонім: чуйныя індаэўрапейскія продкі перадавалі крык птушкі як ter-ter, цер-цер.
Цецярук — любімы пэрсанаж беларускай фразэалёгіі ды параўнаньняў:
- надзьмуўся як цецярук
- затакаваўся як цецярук
- балбоча / балбатлівы як цецярук
- урэшце — дурны як цецярук
Мо і несправядліва, бо высновы пра цецеруковы розум людзі рабілі найперш з назіраньняў за самцамі на такавішчы.
Крумкач, ён жа груган
У беларускай мове, адрозна ад расейскае, цяжка паблытаць гэтую птушку з варонай, бо ўсе яе назвы (таксама груган, крук) іншакаранёвыя . Толькі на Тураўшчыне экзатычна-містычны кракаворан.
Імя крумкач, як і лацінскае Corvus corax, — ад перайманьня крыку. Некаторыя лічаць, што крумкач — балтызм, ёсьць літоўскі дзеяслоў krunkti ‘каркаць’ (пра варон).
Але беларускі дзеяслоў крумкаць — і пра гукі крумкачоў, і пра жабаў, і пра капрызьлівых дзяцей.
Чытайма пра беларускую мову і ў Тэлеграме: