Сьцісла
- Канфлікты ў беларуска-расейскіх стасунках сталі вылазіць на паверхню, у публічную плашчыню.
- Спачатку трэба было «прадаць» скандал з самалётам Расеі. Таму беларускія ўлады пачалі рабіць акцэнт на тым, што Раман Пратасевіч нібыта ваяваў на Данбасе. У кантэксьце гэтай задачы пачалася гульня з самаабвешчанай ЛНР.
- А потым зьявілася жэсты ў бок ЭЗ і ЗША. Таму і прагучала заява кіраўніка Сьледчага камітэту, што кантактаў з «ЛНР» няма.
- У выніку замест хітрага манэўру атрымаўся «аблом» па ўсіх кірунках. Незадаволенымі засталіся ўсе суседзі.
Канфлікты ў беларуска-расейскіх дачыненьнях сталі вылазіць на паверхню, у публічную плашчыню. Пакуль што ў дробязях. Але гэта сымптаматычна, асабліва на тле аптымістычных заяваў Лукашэнкі пасьля апошняга візыту ў Сочы.
Спачатку была заява Рамана Пратасевіча пра фінансаваньне тэлеграм-каналу, на якім ён працаваў, расейскім алігархам. У адказ прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў запатрабаваў тлумачэньняў ад Менску.
Потым Міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі паведаміла, што прозьвішча Сьвятланы Ціханоўскай выкрасьлена з базы дадзеных тых, каго шукаюць па міждзяржаўных каналах, «на падставе рашэньня беларускіх праваахоўнікаў». У адказ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аспрэчыла навіну, што Сьвятлана Ціханоўская нібыта больш не знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку краін СНД.
Цікавы кейс разгортваецца ва ўзаемаадносінах афіцыйнага Менску і «ЛНР». Спачатку Лукашэнка прапанаваў прадстаўнікам «ЛНР» прыехаць у Менск для допыту Рамана Пратасевіча. Тыя выказалі поўную гатоўнасьць.
14 чэрвеня старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітрый Гара, адказваючы на пытаньне аб тым, ці прыедуць прадстаўнікі «ЛНР» у Беларусь дапытваць Пратасевіча, заявіў, што ніякіх запытаў з гэтай нагоды не паступала.
16 чэрвеня генэральны пракурор так званай «Луганскай народнай рэспублікі» Сяргей Гарэнка падчас брыфінгу падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і праваахоўным органам Беларусі за магчымасьць правесьці сьледчыя дзеяньні са зьмешчаным у менскім СІЗА КДБ Раманам Пратасевічам. З нагоды чаго кіраўніцтва Ўкраіны запатрабавала ад Менску тлумачэньняў.
Як усё гэта разумець?
Мяркую, што афіцыйны Менск, спрабуючы атрымаць максымальныя палітычныя дывідэнды ад заяваў Рамана Пратасевіча, распачаў гульню адначасова на некалькіх кірунках. Спачатку трэба было «прадаць» скандал з самалётам Расеі. Таму беларускія ўлады пачалі рабіць акцэнт на тым, што Раман нібыта ваяваў на Данбасе, што прыцягнула актыўную ўвагу расейскіх мэдыя. У кантэксьце вырашэньня гэтай задачы зьявілася гульня з «ЛНР».
А потым, каб зьмікшыраваць, мінімізаваць заходнія санкцыі, зьявілася жэсты ў бок ЭЗ і ЗША. Дзеля гэтага правялі вядомую прэсавую канфэрэнцыю 14 чэрвеня з удзелам Рамана Пратасевіча, на якую запрасілі эўрапейскіх журналістаў, дыпляматаў. У гульні на гэтым кірунку любыя кантакты з «ЛНР» выглядалі шкоднымі. Таму і зьявілася заява кіраўніка Сьледчага камітэту, што, маўляў, нямашака нічога, не было ніякіх запытаў.
Беларускія ўлады, напэўна, палічылі, што такім манэўрам усіх перахітрылі, лоўка выкруціліся. Аднак тут у гульню ўступіла Масква, якой не спадабаліся такія кульбіты. Таму зьявілася заява генпракурора «ЛНР» з падзякай афіцыйнаму Менску за супрацоўніцтва. І гэта сапсавала ўсю маліну.
У выніку замест хітрага манэўру атрымаўся аблом па ўсіх кірунках. Захад такія жэсты не ўразілі. Хутчэй наадварот: зьяўленьне на прэсавай канфэрэнцыі 14 чэрвеня Рамана Пратасевіча выклікала нэгатыўную рэакцыю эўрапейскіх дыпляматаў і мэдыя. Дыпляматычны дэмарш зрабіў Кіеў. І Масква засталася незадаволеная такой двурушніцкай пазыцыяй моцна залежнага саюзьніка.
На гэтым тле няважна, ці прыяжджалі ў Менск прадстаўнікі пракуратуры «ЛНР», ці дасылалі пытаньні. Важна тое, што дывідэндаў атрымаць не ўдалося. Адныя страты.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.