Як паведамляецца на сайце новазэляндзкага ўраду, забарона распаўсюджваецца больш як на паўсотні чалавек, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, ключавых чальцоў ягонай адміністрацыі, выбарчую камісію і сілавікоў.
«Новая Зэляндыя ясна дала зразумець, што дзеяньні рэжыму Лукашэнкі непрымальныя, — заявіла міністарка замежных спраў краіны Наная Махута. — Мы далучаемся да нашых партнэраў, каб прадухіліць выдачу візаў пэўным асобам, якія маюць дачыненьне да гэтых злоўжываньняў».
Паводле кіраўніцы замежнапалітычнага ведамства, уведзеная забарона не дазволіць асобам з санкцыйнага сьпісу атрымліваць візы для ўезду ў Новую Зэляндыю або транзыту празь яе тэрыторыю. Сьпіс будзе рэгулярна пераглядацца.
«Мы працягваем заклікаць Беларусь да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў і захаваньня стандартаў правоў чалавека», — падкрэсьліла Наная Махута.
Яна таксама выказала сур’ёзную заклапочанасьць у сувязі з прымусовай пасадкай 23 траўня самалёту Ryanair і арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і студэнткі Соф’і Сапегі. Новая Зэляндыя вітае пачатак расьсьледаваньня гэтага інцыдэнту Міжнароднай арганізацыяй цывільнай авіяцыі.