«Зараз той пераломны момант, калі міжнародная рэакцыя можа адыграць крытычную, калі не ключавую ролю ў вырашэньні беларускага крызісу»
«Мы спрабуем змабілізаваць міжнародную падтрымку, не дапусьціць, каб злачынны захоп самалёта і сыстэматычныя катаваньні, рэпрэсіі былі беспакараныя, — кажа Франак Вячорка. — Увага сьвету да нейкай праблемы вельмі кароткая — 3-4 дні, і потым яе перабівае іншая тэма. Кожны візыт Ціханоўскай — гэта нагадваньне, гэта званочак, крык „Мы тут! І нам патрэбна вашая дапамога“. Зараз той пераломны момант, калі міжнародная рэакцыя можа адыграць крытычную, калі не ключавую ролю ў вырашэньні беларускага крызісу. Беларусы ўсё паказалі ўвосень, а зараз сьвет павінен паказаць, наколькі ён гатовы пастаяць за тыя каштоўнасьці, на якіх ён збудаваны: каштоўнасьці павагі да дэмакратыі і правоў чалавека».
Паводле Вячоркі, па выніках візытаў Сьвятланы Ціханоўскай у Нямеччыну і Чэхію ў чэрвені ўдалося дабіцца кансалідаванай пазыцыі наконт санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
«У Эўрапейскай радзе, Вялікай Брытаніі, Канадзе, ЗША і нават ва Ўкраіне ёсьць упэўненасьць, што павінны быць уведзеныя эканамічныя санкцыі, бо Лукашэнка разумее толькі сілу. А ўсе адчуваюць, што калі Лукашэнку не спыніць зараз, ён будзе шалець далей, гэта дыктатар без тармазоў. Угон самалёта можа паказацца толькі кветачкамі ў параўнаньні з тым, што можа чакаць у будучыні, калі сьвет не зрэагуе», — сьцьвярджае Вячорка.
У Чэхіі Ціханоўская сустракалася з прадстаўнікамі ўрадавых арганізацый, міністэрства замежных справаў, міністрам унутраных справаў, прэм’ерам, мела сустрэчы ў Сэнаце і парлямэнце. У Нямеччыне прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі галоўных партыяў, канцылярыяй Ангелы Мэркель, МЗС.
«Першая тэма перамоваў — максымальны ціск на рэжым. Трэба ўвесьці санкцыі супраць трох асноўных сэктараў эканомікі, падкантрольных Лукашэнку, а таксама супраць судзьдзяў, прапагандыстаў, такіх як Азаронак, Тур, пракурораў, якія вядуць справы Tut.by і іншых журналістаў, — кажа Вячорка. — З другога боку, мы гаворым пра дапамогу: Нямеччына выдзеліла месцы для беларускіх дактароў, рабочых, спартоўцаў, але гэтая сыстэма арганізаваная недастаткова эфэктыўна. Мы гаварылі пра тое, як гэтую дапамогу грамадзянскай супольнасьці зрабіць лепшай, каб яна даходзіла да тых, каму яна прызначаная».
«Дыпляматыю робіць Ціханоўская»
Па словах Франака Вячорка, узровень візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Чэхію быў беспрэцэдэнтны.
«Я потым чытаў у часопісе, што Чэхія вярнулася ў часы Вацлава Гавэла на тры дні візыту Ціханоўскай. Беларусь аб’яднала тых, хто між сабой не размаўляе: Мілаша Зэмана і „Піратаў“, Андрэя Бабіша і кансэрватараў у Сэнаце. Кожны палітык Чэхіі выказаў падтрымку Ціханоўскай, — апісвае Вячорка. — Гэта ня проста рабочы візыт. Гэта дзяржаўны візыт, які ўвойдзе ў гісторыю і на які будуць спасылацца пры пабудове адносінаў свабоднай Беларусі і Чэскай Рэспублікі пасьля сыходу Лукашэнкі. Па сутнасьці, Ціханоўская цяпер адкрывае новую старонку беларускай гісторыі. МЗС Лукашэнкі капітуляваў, дэградаваў, ён ужо не займаецца дыпляматыяй. Дыпляматыю робіць Ціханоўская».
Вячорка прыводзіць дэталі сустрэч Ціханоўскай з прадстаўнікамі розных урадавых колаў:
«Калі Зэман зайшоў у пакой, ён уручыў кветкі Ціханоўскай і сказаў: „Ведаеце, я мару, каб вы былі прэзыдэнткай Беларусі. А я прагназіст, і я не памыляюся“. У Сэнаце яе называлі выключна прэзыдэнткай Беларусі, а кіраўнік Сэнату сказаў, што гэта дзяржаўны візыт прэзыдэнткі і яе прызнаюць лідэрам дзяржавы. У Нямеччыне большасьць дэпутатаў зьвярталася да яе як да прэзыдэнткі, якая не ўступіла на сваю пасаду», — сьцьвярджае Франак Вячорка.
«Я бачыў, як дэпутаты Бундэстагу плакалі, калі Ціханоўская расказвала пра катаваньні»
«Беларускі пратэст і беларускі крызіс вельмі ясны, тут няма шэрага, тут усё чорнае і белае, усе разумеюць, дзе дабро і зло. Ёсьць таталітарны, злачынны, крывавы рэжым, які катуе і б’е, а ёсьць сьветлая і новая Беларусь, якая пакутуе за свае каштоўнасьці. І гэта вельмі рэзануе, калі Ціханоўская расказвае пра тое, што з мужам за ўвесь год быў толькі адзін званок; калі яна расказвае пра катаваньні, пра хлёрку ў камэрах, пра Вітольда Ашурка і Сьцяпана Латыпава, людзі ў залі плачуць, — кажа Франак Вячорка. — Я бачыў дэпутатаў Бундэстагу, калі выступала Ціханоўская: яны рэальна плакалі, таму што для многіх людзей, народжаных у дэмакратыі, нават палітыкаў высокага ўзроўню, немагчыма зразумець, як такі гвалт і тыранія маглі зьявіцца ў Эўропе. Вось гэты эмацыйны шок мае вялікае значэньне».
Дарадца кажа, што ўсё адно застаецца вялікі адсотак людзей, якія ня могуць ацаніць усяго маштабу беларускіх рэпрэсіяў. І калі лічбы палітзьняволеных, пацярпелых і забітых павялічваюцца, часта гэта ўспрымаецца як статыстыка. Калі ж Сьвятлана Ціханоўская расказвае гісторыі канкрэтных людзей, гэта запамінаецца і пакідае свой адбітак.
«Чэхія вызначыла Ціханоўскай найвышэйшую ступень аховы»
Назіральнікі заўважылі, што падчас візыту ў Чэхіі ля Сьвятланы Ціханоўскай было вельмі шмат аховы. Ці сапраўды ёсьць пагроза бясьпецы дэмакратычнай лідэркі?
«Узровень рызыкі для госьця вызначае бок, які прымае. Ціханоўская мае статус дзяржаўнага лідэра, урадавага лідэра, адпаведна, служба бясьпекі прымаючага боку прызначыла найвышэйшую ступень аховы. Таму ёй было выдадзена адпаведнае забесьпячэньне ахоўнікамі, картэж, дзясятак ахоўнікаў у бронекамізэльках і браняваныя машыны, — тлумачыць Франак Вячорка. — Гэта не таму што Ціханоўская так захацела, гэта дае Чэхія, дзе гэта зрабілі пасьля інцыдэнту з самалётам Пратасевіча. Многія краіны расцэньваюць гэта як тэрарыстычную атаку, а некаторыя як спробу замаху ўласна на Ціханоўскую і каманду. Вядома, самой Ціханоўскай вельмі некамфортна, яна пра гэта кажа. Калі ў нас былі сустрэчы з дыяспарай, яна пакутавала, што ня можа абняць беларусаў, як ёй гэтага хацелася».
Актыўна абмяркоўвалі тэму дапамогі рэпрэсаваным і як яе можна ажыцьцяўляць. Размова была пра пашырэньне праграмы MEDEVAC — чэскай мэдыцынска-гуманітарнай праграмы, якая дапамагае беларусам, параненым падчас пратэстаў. Са жніўня на лячэньне і рэабілітацыю выехалі больш за 60 чалавек. Пазьней праграма пачала прымаць саміх мэдыкаў, якіх звольнілі ў Беларусі за іх пазыцыю.
У Нямеччыне каманда падняла пытаньне аб выдачы гуманітарных візаў беларускім сем’ям, якім неабходная рэлякацыя, і каб яны маглі гэта зрабіць у тэрміновым парадку. Сытуацыя ўскладняецца тым, што ўсе наземныя межы закрытыя, але над гэтай праблемай цяпер працуюць.
«Лукашэнка так аб’яднаў ня толькі беларускі народ супраць сябе, але і ўвесь сьвет»
У чэскім Сэнаце Ціханоўская сказала і пра пачатак народнага трыбуналу супраць Лукашэнкі. Па словах Вячоркі, гэта можа заняць 4-6 гадоў.
«Гэта ня справа аднаго дня, але цяпер пачынаецца папярэдняе расьсьледаваньне. Ёсьць некалькі кірункаў працы, якую вядуць праваабаронцы, юрысты і наш Офіс. Першае — збор доказаў злачынстваў. Пачаў працу Офіс вярхоўнага камісара ААН, які зьбірае сьведчаньні пра масавыя сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, і яны маюць мандат перадачы гэтага ў міжнародныя інстанцыі. Група юрыстаў у Гаазе працуе над тым, каб пачалося папярэдняе расьсьледаваньне пракурорам міжнароднага крымінальнага суду, таго самага Гааскага трыбуналу», — тлумачыць Вячорка.
Офіс працягвае працу і з Радай Бясьпекі ААН, у прыватнасьці Нарвэгіяй, Ірляндыяй, Эстоніяй, ЗША па тым, каб Беларусь ставілі на парадак дня ў сувязі з інцыдэнтам Ryanair.
«Мы працуем зь юрыстамі ў паветраным праве, з ІКАО (Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі. — РС), каб былі максымальныя санкцыі супраць вінаватых у захопе самалёту. Справа ў тым, што Лукашэнка зрабіў тое, да чаго не дадумаўся ніводзін дыктатар за апошняе дзесяцігодзьдзе. Гэта сапраўды шакавала ўсіх, нават тых, хто ніякага дачыненьня да Беларусі ня меў. За санкцыі супраць Лукашэнкі гатовыя прагаласаваць азіяцкія краіны, афрыканскія, лацінаамэрыканскія. Гэта сьведчыць пра тое, што была зробленая велізарная памылка, і Лукашэнка так аб’яднаў ня толькі беларускі народ супраць сябе, але і ўвесь сьвет», — сьцьвярджае Франак Вячорка.
За мінулыя два тыдні Сьвятлана Ціханоўская правяла двухбаковыя перамовы з прадстаўнікамі найвышэйшых урадавых колаў Гішпаніі, Грэцыі, Даніі, Польшчы, Эстоніі, Кіпра, Ірляндыі, Вялікай Брытаніі, амбасадаркаю ЗША, Нямеччыны, Аўстрыі, Італіі і многіх іншых. Такім чынам каманда сабрала максымальную палітычную і дыпляматычную падтрымку:
«Эўракамісія падрыхтавала канцэпт сэктаральных санкцыяў, якіх ніколі раней не было. Усё робіцца ў каардынацыі з Брусэлем, Вашынгтонам і Лёнданам. Спадзяёмся, што Ўкраіна гэтыя санкцыі таксама падтрымае. 21 чэрвеня Ціханоўская будзе і ў Люксэмбургу, дзе яна возьме ўдзел у сустрэчы з усімі міністрамі Эўразьвязу. Таксама яна правядзе неабходныя сустрэчы з кіраўніцтвам Эўракамісіі ў Брусэлі, датычныя ўсёабдымнага пляну дапамогі Беларусі. Тыя тры мільярды, якія Брусэль паабяцаў, — толькі пачатак, мы будзем весьці перамовы, каб гэтая падтрымка павялічылася. Беларусам трэба дакладна бачыць, якая пэрспэктыва ў іх пасьля Лукашэнкі», — кажа дарадца Ціханоўскай.
«Мы ня можам дапусьціць, каб Беларусь у ізаляцыі пад уладай тырана пакутавала яшчэ год»
У бліжэйшы месяц Офіс рыхтуе візыт у ЗША і Канаду:
«Візыт у Вашынгтон асабліва важны для нас. Вашынгтон іграе ключавую ролю ў сусьветнай палітыцы, і многія эўрапейскія дзяржавы будуць азірацца на яго. Нашая мэта — гэта хуткія перамены. Мы ня можам дапусьціць, каб людзі ў турмах пакутавалі доўга. Мы ня можам дапусьціць, каб Беларусь у гэтай ізаляцыі пад уладай тырана пакутавала яшчэ год. Таму менавіта пра рашучасьць і хуткасьць мы будзем гаварыць у наступныя тыдні падчас візытаў. Ад таго, наколькі будуць шырокія і моцныя санкцыі, будзе залежаць еднасьць унутры лукашэнкаўскіх эліт, здольнасьць Лукашэнкі ўтрымліваць армію АМАПу, гэта будзе ўплываць на таксычнасьць Лукашэнкі для Расеі і ўсяго сьвету, — кажа Франак Вячорка. — Для Расеі Лукашэнка ўжо занадта таксычны, ён ужо ня можа быць буфэрнай зонай, ня можа быць пасярэднікам. Ён ізгой. Ён для Расеі надта дарагі, нават гандаль зь ім становіцца непрыемным, бо Лукашэнка не дамоваздольны».
Таксама дарадца Сьвятланы Ціханоўскай мяркуе, што і Кітай, які пастаянна інвэставаў грошы ў беларускую эканоміку, пачне хутка выводзіць капітал з краіны, бо Беларусь ужо не зьяўляецца для яго «трамплінам» у Захад.
«Лукашэнка застанецца абсалютна адзін, і перамены будуць адзіным выйсьцем. І тут мы мусім быць гатовыя, каб у крытычны момант усё было падрыхтавана для новых выбараў. Таму два тыдні назад мы правялі канфэрэнцыю з удзелам ЦВК розных краінаў. Мы павінны мець гатовы плян, як адбываюцца выбары, як прызначаецца ЦВК, як адбываецца назіраньне, павінны ясна разумець, што мы хочам у выніку выбараў і як не дапусьціць паўтарэньня дыктатуры. У нас зараз ёсьць кароткі час падрыхтавацца, бо потым пачнуцца перамены, усё будзе так хутка, што мы не пасьпеем азірнуцца», — кажа Франак Вячорка.