Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэдняе рашэньне пра чацьвёрты пакет санкцыяў ЭЗ прынятае. Сэктаральныя санкцыі абмяркуюць


Амбасадары краінаў ЭЗ зацьвердзілі чацьвёрты пакет санкцыяў адносна Беларусі. Ён будзе канчаткова ўхвалены кіраўнікамі МЗС краінаў Зьвязу 21 чэрвеня.

Пра гэта паведаміў наш карэспандэнт у Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

Як і прагназавалася напярэдадні, сёньня амбасадары краінаў Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне замарозіць актывы і забараніць уезд у краіны Зьвязу для 78 беларускіх грамадзянаў. Таксама будуць замарожаныя актывы 7 беларускіх юрыдычных асобаў. Санкцыі ўведзеныя з прычыны працягу палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама ў адказ на прымусовую пасадку самалёту кампаніі Ryanair у Менску.

Яшчэ адна юрыдычная асоба будзе ўключаная ў санкцыйны сьпіс цягам гэтага тыдня.

Міністры замежных справаў краінаў ЭЗ канчаткова ўхваляць рашэньне аб чацьвёртым пакеце санкцыяў падчас сустрэчы ў панядзелак, 21 чэрвеня, у Люксэмбуру. Імёны асобаў і назвы арганізацыяў, на якіх распаўсюдзяцца новыя санкцыі, будуць у той жа дзень апублікаваныя ў афіцыйным часопісе ЭЗ.

Паводле інфармацыі нашага карэспандэнта, таксама 21 чэрвеня міністры замежных справаў ЭЗ, імаверна, прымуць папярэдняе рашэньне аб сэктаральных санкцыях (якія, хутчэй за ўсё, закрануць вытворчасьць калійных угнаеньняў, нафтавую галіну і банкаўскую сфэру). Гэтыя сэктаральныя санкцыі будуць зацьверджаныя пазьней, магчыма, падчас саміту Эўразьвязу ў Брусэлі 24-25 чэрвеня.

У кастрычніку, лістападзе і сьнежні Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе ЭЗ цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG