Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Амэрыка хоча перамагаць Кітай і чаму Беларусь ані тут, ані там


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Група найбагацейшых краін сьвету G7 і Белы дом абвясьцілі аб глябальнай інфраструктурнай ініцыятыве, якая можа сапсаваць кітайскія пляны ў стварэньні праекту «Адзін пояс, адзін шлях».

Адмністрацыя Джо Байдэна аднаўляе дзейнасьць у рамках так званага «Blue Dot Network»

Што такое кітайскі «Шаўковы шлях»?

Вялікі шаўковы шлях — так называлася караванная дарога, якая зьвязвала Ўсходнюю Азію зь Міжземнамор’ем у старажытнасьці і ў Сярэднявеччы. У першую чаргу гэты маршрут выкарыстоўваўся для вывазу шоўку з Кітаю, з чым і зьвязана яго назва.

У рамках сучаснай кітайскай стратэгічнай праграмы «Адзін пояс — адзін шлях», якую таксама называюць «Новым шаўковым шляхам», распрацоўваецца шэраг праектаў марскіх і сухапутных шляхоў паміж Эўропай і Кітаем пад агульнай назвай «Новы шаўковы шлях».

Лічыцца, што праект «Новы шаўковы шлях» паскорыць дастаўку грузаў у некалькі разоў. Скептыкі адзначаюць, што праект авантурны і можа не акупіцца. Цяпер рост шмат у чым забясьпечваецца шчодрымі субсыдыямі з Кітаю. Аднак у будучыні яны, напэўна, скароцяцца, і чыгуначнаму транзыту давядзецца няпроста ў канкурэнтнай барацьбе. Пытаньне ў тым, ці надзейныя гэтыя інвэстыцыі. Многія эканамісты кажуць, што ня надта. Цалкам магчыма, што ў выглядзе прыбытку атрымаецца вярнуць толькі малую частку ўкладзеных грошай.

Што такое Blue Dot Network

Гэтая плятформа пачала працу ў лістападзе 2019 году. Праект «Сетка блакітных кропак» быў часткай стратэгіі былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для спыненьня эканамічнай экспансіі Кітая ў сьвеце.

«Blue Dot Network» — гэта новы стандарт празрыстых інвэстыцый у інфраструктуру. Разам з ЗША плятформу ініцыявалі Японія і Аўстралія падчас Інда-Ціхаакіянскага эканамічнага форуму. Да гэтай ініцыятывы мусяць далучыцца 150 найбуйнейшых канцэрнаў сьвету, якія валодаюць агулам 12 трыльёнамі даляраў.

У чым прынцыповае адрозьненьне кітайскага і амэрыканскага праектаў

Кітайская ініцыятыва прадугледжвае фінансаваньне інфраструктурных праектаў, а амэрыканскі праект BDN больш выступае гарантам якасьці інфраструктурных праектаў.

Праект, які атрымае сэртыфікацыю ў рамках Blue Dot Network, становіцца імаверным атрымальнікам паўнавартаснага фінансаваньня ў шэрагу амэрыканскіх фінансавых інстытутаў.

Які якасна іншы мэханізм зьбіраецца выкарыстоўваць Blue Dot Network

У 2019 годзе праект BDТ меў вельмі заблытанае апісаньне: «Шматбаковы падыход, які фармуе ўстойлівы эканамічны рост шляхам павышэньня якасьці разьвіцьця інфраструктуры і падтрымкі альтэрнатыўных крыніц фінансаваньня, якія не залежаць ад агрэсіўнага крэдытаваньня».

Гэтая фраза, якую выкарыстоўваў тагачасны сакратар гандлю ЗША Ўілбур Рос, мела на мэце паказаць BDT ня толькі як контрапраект «Новаму шаўковаму шляху» Кітаю, але і як новую якасьць у сусьветнай эканоміцы.

Амэрыканскія крэдыты, якія б краіны атрымлівалі на праекты інфраструктуры, не зьнішчалі б іхныя бюджэты і не рабілі б залежнымі ад крэдытора на дзесяцігодзьдзі. У такой практыцы абвінавачваюць Кітай, які, інвэстуючы ў разьвіцьцё меншых краін, прапаноўвае ім бязвыплатныя пазыкі на ўмовах, якія называць «агрэсіўнымі» і «зладзейскімі».

Напрыклад, у ліпені Чарнагорыя павінна пачаць сплочваць кітайскі крэдыт у памеры мільярда даляраў на мадэрнізацыю інфраструктуры. Але такіх грошай у краіны няма, а Эўразьвяз не зьбіраецца ёй дапамагаць. У выніку экпэрты кажуць, што неўзабаве Кітай пачне скупляць на пазыкі нерухомасьць у Чарнагорыі.

Што Амэрыка ўжо робіць

Злучаныя Штаты выдзеляць на высокатэхналягічныя вытворчасьці і навуковыя дасьледаваньні 250 мільярдаў даляраў. Адпаведны законапраект 8 чэрвеня прыняў Сэнат ЗША. Так Амэрыка спадзяецца не саступіць лідэрства ў галіне інавацый Кітаю.

Амэрыканцы таксама будуць дасьледаваць сувязі паміж амэрыканскім рынкам і пастаўкамі рэдказямельных элемэнтаў з Кітаю. Гэтая сыравіна мае ключавое значэньне ў сэктары новых тэхналёгій і інавацый, а Кітай застаецца іх галоўным вытворцам у сьвеце.

Найбольш інвэстыцый атрымае амэрыканская індустрыя паўправаднікоў — 50 мільярдаў даляраў. Амэрыканцы ня хочуць залежаць у гэтай вузлавой для разьвіцьця тэхналёгій вобласьці ад замежных вытворцаў. У 1990 годзе Штаты выраблялі 37% усіх паўправаднікоў у сьвеце, а цяпер — толькі 12%.

Хто далучыцца да Blue Dot Network

У першапачатковым пляне ЗША зьявіліся Японія і Аўстралія. Пасьля візыту прэм’ер-міністра Японіі ў Белы дом сёлета ў красавіку вядома, што Токіё абʼяднае ўласную ініцыятыву ў разьвіцьці лічбавай інфраструктуры з Blue Dot. Яе кошт складае 4,5 мільярда даляраў.

Чарговым элемэнтам разьвіцьця BDN зьяўляецца пашырэньне «Вялікай сямёркі» на тры дадатковыя краіны. Цяперашні склад (Францыя, ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Японія, Італія, Канада) будзе пашыраны на Аўстралію, Індыю і Паўднёвую Карэю.

Індыя мае для ЗША вялікае значэньне, бо яна не далучылася ні да «Новага шаўковага шляху» Кітая, ні да новай пэкінскай ініцыятывы пад назвай RCEP (Рэгіянальнае ўсёабдымнае эканамічнае партнэрства). У сваю чаргу Аўстралія цягам месяцаў вядзе ўсё больш і больш спрэчак з Кітаем у эканамічнай сфэры. Яна абвінавачвае Пэкін у палітычным шпіянажы, стварэньні сеткі ўплыву на аўстралійскіх парлямэнтароў у краіне і ў несправядлівых дзеяньнях супраць аўстралійскіх вытворцаў.

Пры чым тут Беларусь

Беларусь неаднаразова заяўляла, што хоча стаць мостам для сувязі Захаду і Ўсходу і паказаць у праекце «Новага шаўковага шляху» інвэстыцыйную і транзытную прывабнасьць краіны. Для гэтага зьбіраліся скарыстацца магчымасьцямі беларуска-кітайскага парку высокіх тэхналёгіяў «Вялікі камень».

У верасьні 2016 году ўрады Беларусі і Кітая падпісалі «Комплекс захадаў для сумеснага прасоўваньня будаўніцтва канцэпцыі «Адзін пояс і адзін шлях». Але за пяць гадоў сур’ёзных зрухаў у гэтым кірунку не адбылося. Сёлета ў траўні, на паседжаньні Эўразійскага эканамічнага саюзу заклікаў, Лукашэнка заклікаў «актывізаваць працу ў гэтым кірунку, праводзіць яе ў практычную плашчыню». «Мы вельмі павольна рухаемся. Трэба акрэсьліць канкрэтныя праекты». — сказаў ён.

Гандлёвы абарот Беларусі і Кітая ў 2019 годзе быў меншым, чым гандлёвы абарот з Украінай. Пакуль вага Кітаю ў беларускай эканоміцы ня проста меншая, а непараўнальна меншая, чым Расеі. Доля экспарту ў Кітай — толькі 2,6%. Гэта менш, чым у Вялікую Брытанію.

«Стварэньне ілюзіі магутнай кітайскай прысутнасьці, магчыма, і служыць нейкім карысным мэтам. Але варта хаця б усьведамляць, што гэта менавіта ілюзія. Як і тое, што рост узаемнага гандлю ў апошнія гады забясьпечаны практычна выключна за кошт росту долі Кітаю ў беларускім імпарце. Кітайцаў гэта, напэўна, можа цешыць. У беларусаў цешыцца гэтым падставаў крыху менш», — пісаў у 2018 годзе палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст, аналізуючы статыстыку гандлю Беларусі і Кітаю. Прарыву з тых часоў не адбылося.

Больш за тое, у Кітаі разважаюць, ці варта пашыраць тэхналягічную і эканамічную супрацу з афіцыйным Менскам, а таксама гавораць пра ўплыў Расеі на Беларусь, зь якім неабходна лічыцца.

Як піша газэта South China Morning post, згодна з дадзенымі кітайскага Міністэрства гандлю, Беларусь атрымала ад Пэкіну ў 2019 годзе найбольшыя прамыя інвэстыцыі сярод краін Усходняй Эўропы — звыш 30 мільёнаў даляраў.

На думку старшага навуковага супрацоўніка Цэнтру расейскіх і цэнтральнаазіяцкіх дасьледаваньняў Шанхайскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Чжао Лонг, Беларусь будзе больш эканамічна залежаць ад Расеі ў выніку заходніх санкцый, а таму ў Менску чакаюць, што і Кітай, і Расея будуць пашыраць інвэстыцыі і гандаль у краіне.

Аднак разам з тым кітайскія кампаніі разумеюць, што канфлікт інтарэсаў афіцыйнага Менску з Эўропай паўплывае і на іх, бо некаторым кампаніям ня ўдасца трапіць на заходнеэўрапейскі рынак празь Беларусь.

Уявіць хаця б гіпатэтычна ўдзел у Беларусі ў ініцыятыве «Blue Dot Network» немагчыма. Менск сам не выказваў зацікаўленасьці ў гэтым праекце, а ў сувязі з палітычным крызісам і пагаршэньнем дачыненьняў з Захадам ён не ўяўляецца магчымым у гэты момант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG