Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней з Горадні да Варшавы трэба было ехаць 200 км, цяпер 2000». Як беларусы езьдзяць у Эўразьвяз пасьля адмены авіярэйсаў


У Нацыянальным аэрапорце «Мінск»
У Нацыянальным аэрапорце «Мінск»

Калі адновяцца авіязносіны паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, а таксама Ўкраінай, — усё яшчэ невядома. Беларусам прыходзіцца езьдзіць новымі маршрутамі.

Пасьля 23 траўня паездкі зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу для беларусаў шматкроць ускладніліся. Наземныя межы застаюцца закрытымі, нягледзячы на ініцыятыву Міністэрства здароўя. Ведамства выступіла з прапановай адмяніць уведзеныя ў сьнежні 2020 году абмежаваньні. Аднак пакуль гэтага не адбылося. Дзьве беларускі, якія наведалі Польшчу і Нямеччыну на пачатку чэрвеня, расказалі Свабодзе, як гэта было і чаго каштавала.

«Аказалася ў сьпісе нядобранадзейных, праверылі ўсе грошы»

Гарадзенка Кацярына дабіралася з Горадні ў Варшаву праз Санкт-Пецярбург. Кажа, што па грашах выходзіла прыкладна тое самае, што і праз Маскву.

«Быў яшчэ варыянт ляцець праз Стамбул зь Менску, але я чула непрыемныя гісторыі, калі туркі не прапускалі беларусаў, бо ў тых былі нейкія „не такія візы“. Напрыклад, у дзяўчыны быў літоўскі Шэнген, і яе не пускалі зь ім у самалёт. А па-другое празь Пецярбург было таньней, тым больш я люблю цягнікі. Маршрутка з Горадні да Менску, адтуль цягніком у Пецярбург. Мы бралі купэ. Было некалькі гадзінаў на шпацыр па горадзе, я там раней не была ніколі, то цікава было. Пецярбург бліжэйшы, чым Масква, нават мэнтальна».

Кацярына кажа, што зь Пецярбургу ў Варшаву дабіралася самалётам польскай авіякампаніі LOT. Пералёт крыху больш за 250 эўра (да адмены авіярэйсаў паміж Беларусьсю і Польшчай пералёт да Варшавы каштаваў прыкладна 100 эўра ў абодва бакі. — РС). Прычым цэны на гэты рэйс мяняліся літаральна на вачах. Яе сяброўка, якая набывала квіток усяго крыху раней за Кацярыну, заплаціла толькі 150 эўра. Цягнік зь Менску да Пецярбурга каштаваў каля 200 рублёў.

«З Горадні да Варшавы я раней праяжджала 200 кілямэтраў, а цяпер прыйшлося 2000 праехаць, — наракае Кацярына. — Былі і іншыя беларусы на рэйсе, я бачыла беларускія пашпарты ў людзей».

Для перасячэньня межаў было дастаткова актуальнага ПЦР-тэсту і шэнгенскай візы. На тэрыторыі Расеі ніхто не правяраў, ці ёсьць тыя тэсты. Па словах Кацярыны, нават у аэрапорце Пецярбургу амаль ніхто ня носіць мэдычных масак. А вось у польскі самалёт бяз маскі ўжо не пускалі. ПЦР правяралі ў Варшаве ў аэрапорце, сяброўка Кацярыны рабіла яго там на месцы за 50 эўра. У Беларусь Кацярына вырашыла вяртацца традыцыйна, па зямлі, зь перасадкай у Беластоку.

«З Варшавы да Беластоку мы ехалі на цягніку, а адтуль да Горадні на маршрутцы. Амаль кожную гадзіну езьдзяць па-ранейшаму, — расказвае Кацярына. — З намі было яшчэ 10 чалавек, амаль поўная маршрутка. Адна дзяўчына аказалася ў „сьпісе нядобранадзейных грамадзян“, скажам так. Яе пільна праверылі, пералічылі грошы ўсе, акт агляду склалі. Мытнік вельмі строга сябе паводзіў, запалохваў. Маршрутку потым нават на „яму“ адправілі. Але ўсё скончылася добра, толькі ў выніку мы прыехалі ў Горадню на гадзіну пазьней за плянаваны час».

Кацярына кажа, што дарога назад ёй каштавала каля 25 даляраў — 30 злотых цягнік з Варшавы да Беластоку і 40 рублёў маршрутка адтуль да Горадні.

«З Бэрліну вяртаюся праз Маскву — ня ведаю, ці пусьцяць»

Мянчанка Тацяна ехала зь Менску ў Бэрлін таксама на пачатку чэрвеня. Кажа, што пасадка лайнэра Ryanair нашмат ускладніла яе пляны.

«Я квіткі набывала ўжо пасьля інцыдэнту з Ryanair, — расказвае Тацяна. — Вядома, прамым рэйсам зь Менску ў Бэрлін было б лепш. І хутчэй, і таньней. Але цяпер выбару няма. Я езьдзіла на фэстываль Berlinale, і па запрашэньні арганізатараў магла быць у Нямеччыне толькі пяць дзён. Такі невялікі калідор. У Нямеччыне вельмі строгія правілы, зьвязаныя з каранавірусам. Вылятала 10 чэрвеня, у гэты дзень прамога рэйса з Масквы не было, заставаўся толькі Пецярбург. Авіякампанія расейская — Nord Wind».

Тацяна кажа, што за квіток заплаціла адносна няшмат, каля 120 эўра. Пры гэтым мела невялікія прыгоды падчас рэгістрацыі на рэйс да Бэрліну ў пецярбурскім «Пулкава»: яе доўга не хацелі пускаць у самалёт, бо яна ехала на фэстываль, і нямецкія памежныя службы не маглі разабрацца, ці можа яна трапіць у краіну па запрашэньні ад арганізатараў Berlinale. У выніку ў самалёт яе ўсё ж прапусьцілі.

«Зараз я ў Бэрліне ў аэрапорце, і ёсьць праблема, бо я ня ведаю, што мяне чакае пасьля прылёту прамым рэйсам у Маскву, — кажа Тацяна. — Пасьля я хачу яшчэ ў Пецярбург паехаць і ня ведаю, ці прапусьцяць туды. Гэта будзе ўжо ўнутраны рэйс, а я нібы павінна адбываць карантын і здаваць новыя тэсты. Я спрабавала перад паездкай даведацца ў памежных службаў РФ, як усё павінна выглядаць, але так і не змагла зразумець. Спрабую зарэгістравацца на расейскіх онлайн-плятформах, але не рэгіструецца мой тэлефонны нумар. Таму цяжка сказаць, як я змагу вярнуцца».

Агулам на дарогу зь Менску да Бэрліну Тацяна патраціла каля 17 гадзін — 12 на цягніку, 2 у самалёце, яшчэ 3 на перасадку. Кажа, што гэты маршрут адносна камфортны і хуткі ва ўмовах, калі злучэньня наўпрост паміж Менскам і Бэрлінам няма. У яе яшчэ быў варыянт дабрацца ў Бэрлін з Масквы зь перасадкай у Стамбуле, аднак гэта каштавала б утрая даражэй. Тацяна кажа, што працягласьць і кошт такога падарожжа цяпер вельмі залежыць ад яго даты.

Адмена рэйсаў «Белавія» ў краіны Эўразьвязу анансаваная на працягу ўсяго лета, у некаторых выпадках нават да канца кастрычніка. Аднак пакуль невядома, ці будзе гэты тэрмін скарочаны, ці, наадварот, працягнуты.

Тым часам беларуская авіякампанія ўжо анансавала новыя рэйсы ў Маскву — туды зараз зь Менску можна будзе вылецець тройчы на дзень. Яшчэ ў Беларусь за апошнія тыдні прыйшлі два новыя расейскія перавозчыкі — іх самалёты злучылі Менск з Калінінградам і Мінэральнымі Водамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG