Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакаем рэйсу Багдад — Менск», – кіраўнік літоўскіх памежнікаў пра паток нелегалаў зь Беларусі


Памежны слуп на літоўска-беларускай мяжы
Памежны слуп на літоўска-беларускай мяжы

Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, сёлета незаконна перасячы беларуска-літоўскую мяжу спрабавалі каля 300 мігрантаў. Гэта ў тры з паловай разы больш, чым за ўвесь 2020 год.

Партал delfi.lt пагаварыў з намесьнікам кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Відасам Мачайцісам і даведаўся, якія дзеяньні робяць літоўскія памежнікі ў сувязі зь вялікім наплывам нелегалаў.

Цяперашнюю сытуацыю на мяжы Відас Мачайціс назваў складанай. Паводле яго, літоўскія памежныя службы змагаюцца ня толькі з кантрабандай, але і зь нелегальнай міграцыяй.

«Нашы службы адчулі гэтую праблему з 25 траўня, – кажа Мачайціс. — Па апошніх зводках, вынік досыць добры. Калі за мінулы тыдзень мы затрымалі 108 нелегальных мігрантаў, то на гэтым паказчык ідзе на спад. Сёньня мы зноў чакаем вынікаў рэйсу Багдад — Менск. Менавіта пасьля яго на мінулых выходных затрымалі шмат нелегальных мігрантаў, якія пайшлі зь Беларусі ў Літоўскую Рэспубліку».

Па словах Мачайціса, за апошнія два тыдні больш за ўсё нелегальных мігрантаў прыбылі зь Ірану, Іраку, Турэччыны, Емэну. Палітычнага прыстанішча папрасілі некалькі беларусаў, а таксама адзін расеец.

Відас Мачайціс расказаў, што нелегалаў, якія просяць прыстанішча ў Літве, супрацоўнікі памежнай службы затрымліваюць і прывозяць у падразьдзяленьне на мяжы.

«Нашая першая задача — пазьбегнуць пандэміі і новых відаў каранавірусу, якія гэтыя людзі могуць прывезьці з сабой. У падразьдзяленьні мы сьпярша робім тэсты і толькі потым пачынаем усе працэдуры. Калі мы атрымліваем дазвол з Дэпартамэнту міграцыі, то адвозім іх у цэнтар у Пабрадэ (Цэнтар рэгістрацыі іншаземцаў)», — кажа Відас Мачайціс.

На пытаньне, ці можна дэпартаваць назад людзей, якія, на думку экспэртаў, не заслугоўваюць палітычнага прыстанішча, Мачайціс адказаў, што зыходзячы з статыстыкі, са 108 нелегальных мігрантаў, затрыманых на мінулым тыдні, прыстанішча атрымалі толькі 4 беларусы і адзін расеец. Усім астатнім было адмоўлена. Гэтыя людзі, па яго словах, абавязаныя самі вярнуцца ў свае краіны, у адваротным выпадку іх вышлюць. Аднак, па словах Мачайціса, сытуацыя з высыланьнем нелегалаў назад у Беларусь сёньня адрозьніваецца ад ранейшай практыкі.

«Раней, калі ў нас былі добрыя адносіны зь Беларусьсю, дэпартацыя была магчымая. Пасьля праверкі інфармацыі мы праводзілі сумесныя расьсьледаваньні на мяжы. Аднак цяпер такога ўжо няма. Беларусь на гэты момант нават не прызнае відавочных фактаў, напрыклад калі на іх мяжы выразна відаць сьляды нелегалаў. Ёсьць такая кантрольна-сьледчая паласа. Напрыклад, учора мы атрымалі ад галоўнага памежнага прадстаўніка Беларусі паведамленьне аб тым, што ў іх не было мігрантаў. Ён запэўніваў, што ніхто не прыходзіць, а літоўскі бок ня мае ніякіх доказаў».

Сёньняшнія дачыненьні зь беларускімі калегамі Мачайціс назваў вельмі складанымі.

«Яны не ідуць на абмен інфармацыяй аб нелегальнай кантрабандзе і міграцыі», – кажа Мачайціс.

Аднак у выпадку злоўленых літоўскімі памежнікамі беларусаў, якія прасілі палітычнага прыстанішча, адразу ж паступае рэакцыя з боку беларускай памежнай службы.

«Мы разумеем, што гэта палітычныя дзеяньні, — кажа Мачайціс. — Калі мы паведамляем ім пра тое, што затрымалі грамадзян Ірану ці Сырыі, то яны на гэта ніяк не рэагуюць і не прызнаюць. Як толькі затрымалі чацьвярых грамадзян Беларусі і аднаго з Расеі, то яны адразу ж выйшлі на сувязь і папрасілі вярнуць гэтых людзей назад. Гэтыя людзі ўжо атрымалі прыстанішча ў Літоўскай Рэспубліцы і жывуць тут».

Мачайціс таксама пракамэнтаваў прычыны памяншэньня за апошнія тыдні інфармацыі аб кантрабандзе цыгарэт.

«Калі кантрабандысты бачаць, што ідзе ўзмацненьне на мяжы, то разумеюць магчымасьць затрыманьня. Яны імкнуцца пазьбягаць гэтага і чакаюць, пакуль гэта ўсё хваляваньне спадзе. Пасьля гэтага яны зноў пачнуць рабіць свае нядобрыя справы», – сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG