Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўтары тысячы даляраў за паездку». Беларуская студэнтка зь Вялікай Брытаніі спрабуе вярнуцца ў Лёндан падчас паветранай блякады


Крысьціна Мікалайчанка
Крысьціна Мікалайчанка

Студэнтка зь Лёндану Крысьціна Мікалайчанка спадзяецца вярнуцца ў Вялікую Брытанію праз Санкт-Пецярбург, бо прамы рэйс «Белавія» адмянілі.

«Я спытала: ці можна проста вярнуць мне грошы?»


Крысьціна мае сталы від на жыхарства ў Вялікай Брытаніі, выехала зь Беларусі 6 гадоў таму. Яна працуе адміністратарам у прыватнай бальніцы і вучыцца ва ўнівэрсытэце на судовага псыхоляга. У Менску ў яе жывуць бацькі і сябры. Звычайна прыяжджае ў Беларусь чатыры разы на год, але за апошнія паўтара года прыехала першы раз.

«Не прыяжджала хутчэй праз каранавірус, бо трэба было знаходзіцца ў самаізаляцыі. Я проста не магла ўзяць столькі адпачынку і сарвацца з вучобы. Узімку не прыяжджала ўжо якраз з прычыны сытуацыі ў краіне, бацькі настаялі і папрасілі пачакаць. Але ехаць не баялася, проста думала „будзь што будзе“ і спадзявалася, што пранясе».

Раней з прылётам у Менск ніколі не было праблем.

«Я часьцей лятала празь Вільню, бо выходзіць значна таньней. Гэтым разам давялося ляцець „Белавія“, бо ў Беларусі закрытая наземная мяжа, і я не магла выехаць зь Вільні сюды. Таму я прыляцела сюды, і ўсё было добра».

У Крысьціны быў зваротны квіток на 4 чэрвеня.

«Калі ўсё гэта пачалося, мне адразу прыйшло паведамленьне ад майго агенцтва, што ўсё закрылі, нельга вылецець, і мой прылёт быў адменены. Багаж я набывала празь «Белавія». Я паехала ў «Белавія» і правяла там у чарзе прыкладна гадзіну. Гэта было яшчэ ў самы першы дзень. Мне вярнулі грошы за багаж. Але таксама ўсё было неяк складана, бо мне прапанавалі напісаць электронны ліст, што са мной зьвяжуцца, праз 14 дзён мне патэлефануюць і вернуць грошы. Я спытала, ці можна проста вярнуць грошы? І тады толькі мне сказалі: «Добра, устаўляйце карту».

Але пакуль яшчэ ня вырашаныя пытаньні з брытанскім агенцтвам, празь якое браніравала квіток. Паводле Крысьціны, яно яе ігнаруе.

«Я ня ведаю, як яны будуць мне вяртаць грошы, як яны будуць гэта ўсе кампэнсаваць. Раніцай мне давядзецца вылецець у Пецярбург, пералёт цягнецца гадзіну. І толькі ў 9 гадзін вечара ў мяне будзе самалёт да Лёндану.То бок уся паездка займае цэлы дзень, і квіток каштаваў каля 300 даляраў, усё разам».

«Згодная, што сытуацыя вельмі непрыемная. Але чаму цяпер усе павінны цярпець праз гэта?»


Першапачаткова квіткі туды і назад зь Лёндану ў Менск каштавалі для Крысьціны 350 даляраў. Цяпер толькі за адзін квіток назад яна заплаціць 300 даляраў. То бок даражэй прыкладна на 150 даляраў.

Квіток «Белавія» да Санкт-Пецярбургу каштаваў Крысьціне 480 рублёў.

«Прычым было дзіўна, бо квіткі былі спачатку за 606 рублёў, потым праз тры гадзіны сталі недзе 480 рублёў. Я забраніравала. Потым гэтыя ж квіткі былі ўжо 990 рублёў. Адкуль такія кошты бяруцца?»

Варыянт для паездкі ў Лёндан Крысьціна шукала сама. Брытанскае агенцтва абяцала зь ёю зьвязацца, але за чатыры апошнія дні так гэтага і не зрабіла.

«Ім давялося размаўляць з маім маладым чалавекам у Вялікай Брытаніі, які ім тэлефанаваў і сварыўся. Яму нахамілі. Ён сказаў, што выдаткі павялічыліся, бо мне давядзецца дзень правесьці ў Піцеры. У прынцыпе, гэта адзін суцэльны выдатак. Яны паабяцалі зьвязацца па электроннай пошце. Са мной ніхто не зьвязаўся, яны не ідуць на нармальны кантакт са мной. Таму давядзецца прасіць вяртаньня грошай і больш зь імі ня зьвязвацца, — кажа Крысьціна.

А ў „Белавія“ тут наогул нічога не сказалі. Маўляў, зьвяртайцеся ў ваша агенцтва. Нічога не прапанавалі і, па сутнасьці нічога не зрабілі. Да таго ж ім не датэлефанавацца, давялося ехаць да іх самой».

Крысьціна спадзяецца, што ёй удасца вылецець 4 чэрвеня, хоць ні ў чым няма ўпэўненасьці.

«Я спадзяюся, што ўсё спрацуе з ПЛР-тэстамі і з усім астатнім. Я хацела ляцець праз Стамбул, але Турэччына знаходзіцца ў чырвоным лісьце ў Вялікай Брытаніі, і калі б я ляцела праз Стамбул, то мяне прымусілі б сядзець на карантыне ў дзяржаўным гатэлі 10 дзён за 1700 фунтаў. Гэты варыянт не падыходзіў. Таму Масква і Пецярбург — гэта адзін варыянт, каб адсюль зьехаць зь беларускім пашпартам».

Пасьля вяртаньня ў Лёндан Крысьціне давядзецца зрабіць ПЛР-тэсты на другі і восьмы дзень. Яна мусіць іх набыць да адлёту.

«Бяз гэтых купленых тэстаў мяне проста ня пусьцяць у Вялікую Брытанію. Таму цяпер у выніку за ўсю паездку ў мяне выходзіць каля паўтары тысячы даляраў. За такія грошы я зьлётала дахаты».

Крысьціна кажа, што разумее, чаму было ўведзена абмежаваньне на палёты.

«Я згодная, што сытуацыя вельмі непрыемная. Але я не разумею, чаму цяпер усе павінны цярпець праз гэта. Так, прынялі рашэньне, малайцы. Але я не разумею, чаму я не магу адляцець дадому? Перажываюць бацькі, і я перажываю. Давялося тузаць свайго хлопца, каб ён тэлефанаваў, разьбіраўся. Гэта куча патрачанага ўпустую часу. У мяне тут мама, і ёй трэба было класьціся на апэрацыю, то бок нам наогул не да гэтага цяпер. Замест таго каб быць з маці, падтрымліваць яе, мне давялося разьбірацца, як жа паляцець дахаты».

Чаму абмежавалі палёты?

  • Эўрапейскае агенцтва па бясьпецы палётаў (EASA) рэкамэндавала авіякампаніям Эўразьвязу, а таксама авіялініям, якія не адносяцца да краін ЭЗ, пракладаць маршруты ў абход паветранай прасторы Беларусі.
  • Гэта адбылося з прычыны інцыдэнту з самалётам Ryanair «Атэны — Вільня», які зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасьля фальшывага паведамленьня пра бомбу на борце. Пасьля пасадкі, зрабіць якую пілётаў канчаткова пераканаў зьнішчальнік МіГ-29, былі затрыманыя блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега.
  • Многія авіякампаніі прынялі рашэньне ня лётаць больш у Беларусь або празь яе паветраную прастору. У сувязі з забаронай на выкананьне рэйсаў «Белавія» з 27 траўня па 30 кастрычніка 2021 году адмяніла палёты ў Варшаву, Мілян, Амстэрдам, Рым, Франкфурт, Бэрлін, Мюнхэн, Гановэр, Вену, Брусэль, Барсэлёну і Калінінград. Таксама адмененыя рэйсы ў Лёндан, Парыж, Прагу, Рыгу і іншыя гарады. Пра забарону на палёты заявіла і Ўкраіна.
  • Для беларусаў і іншых пасажыраў авіяпадарожжы становяцца больш складанымі і дарагімі з прычыны паветранай блякады Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG