Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё за паветранай заслонай: якія могуць быць наступствы?


Самалёт авіякампаніі Ryanair, ілюстрацыйнае фота
Самалёт авіякампаніі Ryanair, ілюстрацыйнае фота

Закрыцьцё паветраных зносін Беларусі з Эўропай азначае пераход да нейкай новай якасьці міжнароднага становішча краіны.

Сьцісла:

  • Эканамічныя страты ад прыпыненьня паветраных зносін з ЭЗ
  • Моцны ўдар нанесены па ўязным турызьме
  • Перарвецца шмат кантактаў: навуковых, культурных, спартовых
  • Нязручнасьці для перамяшчэньня звычайных грамадзян.

Дасюль развагі пра міжнародную ізаляцыю Беларусі, пра краіну-ізгоя выглядалі больш як нейкая мэтафара. Цяпер гэта становіцца суровай рэальнасьцю. Такі варыянт «жалезнай заслоны» ў постіндустрыяльную эпоху.

Якія могуць быць наступствы гэтай паветранай ізаляцыі? Іх шмат.

Найперш, прамыя эканамічныя. Навідавоку немалыя страты бюджэту ад рашэньня эўрапейскіх авіякампаній ня лётаць у Беларусь. У складанай сытуацыі апынецца нацыянальны перавозчык «Белавія». Значныя страты панясе менскі аэрапорт. Вось прыйшло паведамленьне, што абрынуліся цэны на беларускія эўрабонды.

Моцны ўдар нанесены па ўязным турызьме. Памятаеце, якія вялікія высілкі апошнімі гадамі рабілі ўлады, каб прыцягнуць замежных турыстаў? Быў уведзены 30-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 74 краін (амаль уся Эўропа), якія прылятаюць самалётам празь менскі аэрапорт. Радасна рапартавалі, як шмат прыяжджае турыстаў. Цяпер гэты кірунак атрыманьня валюты будзе зьведзены на нішто.

Ну, а ўскосныя нэгатыўныя наступствы цяжка падлічыць. Хто захоча інвэставаць у краіну-ізгоя? Пачнецца адток капіталу, як замежнага, так і беларускага. Парвецца шмат кантактаў: навуковых, культурных, спартовых.

Дарэчы, пра спорт. Якія міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі, калі самалёты ня лётаюць? І як беларускія зборныя змогуць удзельнічаць у турнірах не на тэрыторыі Беларусі? Як, напрыклад, футбольныя клюбы будуць удзельнічаць у эўракубках? Наўрад ці хто захоча ехаць у Менск за тысячы кілямэтраў аўтобусам ці цягніком.

Нельга лічыць неверагодным, што беларускі спорт на пэўны час увогуле будзе выключаны зь міжнародных спаборніцтваў проста з тэхнічных прычын: немагчымасьць паветранага трансфэру. А памятаеце, як некаторыя футбалісты і хакеісты мінулым годам казалі: нас палітыка не цікавіць? Вось цяпер палітыка зацікавілася імі.

Таксама гэты вялізны ўдар па кантактах паміж людзьмі. Цяпер, каб трапіць у Эўропу, давядзецца ляцець праз Маскву, Стамбул ці яшчэ неяк. І каго будуць лаяць людзі, якія апынуліся ў складаным становішчы?

І зноў пра турызм. Як цяпер з адпачынкам беларусаў на Кіпры? А таксама ў Чарнагорыі і Альбаніі? Хоць гэтыя краіны і не чальцы Эўразьвязу, а толькі кандыдаты, але звычайна яны далучаюцца да ўсіх санкцый.

Словам, вітаем у новай рэальнасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG