Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску судзяць жанчыну, якая нібыта пакусала міліцыянтаў. Пацярпелыя ў справе 4 сілавікі


Тацяна Туравец
Тацяна Туравец

Жанчына доўга ня верыла, што людзі ў цывільным перад ёй — міліцыянты, у самой міліцыі ёй не адказвалі. Тацяну Туравец скруцілі і надзелі кайданкі. Пры гэтым ператрус праходзіў у справе супраць яе дачкі, якая даўно не жыве з маці.

3 траўня суд Віцебскага раёну пачаў разгляд крымінальнай справы супраць жыхаркі пасёлку Ноўка Тацяны Туравец. Артыкул 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўнікаў унутраных спраў), паводле якога абвінавачваюць Туравец, прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Пацярпелымі ў справе праходзяць адразу 4 міліцыянты — Сергіенка, Старчанка, Філіпенка і Шутаў, паведамляе «Віцебская Вясна». Справу разглядае судзьдзя Натальля Трацьцякова.

Паводле абвінаваўцы, у ноч зь 9 на 10 лютага Туравец перашкаджала «законнай дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі», якія праводзілі ператрус у ейным доме. Жанчына нібыта чыніла актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізычнай расправай і абражала. Міліцыянты быццам былі вымушаныя начапіць на рукі жанчыны кайданкі. Але сваёй віны Туравец не прызнае.

Пасьля затрыманьня жанчыну абвінавацілі ў «непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі» і «абразе службовай асобы». 10 лютага судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай паводле абодвух артыкулаў і аштрафаваў на 870 рублёў.

«Паклалі на падлогу і ўжылі загіб рукі»

На першым паседжаньні пацярпелыя ў адзін голас заявілі, што дзейнічалі ветліва і культурна: назваліся, паказалі пасьведчаньні, пастанову аб ператрусе з санкцыі пракурора і запатрабавалі пусьціць у дом. Жанчына ж нібыта хапалася за пасьведчаньне, хацела сфатаграфаваць пастанову пракурора, зачыніла дзьверы і заявіла, што праводзіць ператрус не дазволіць.

Калі дамовіцца з гаспадыняй не атрымалася, супрацоўнікі ўнутраных спраў выкарысталі фізычную сілу «ў адпаведнасьці з атрыманымі навыкамі». А дакладней — «паклалі на падлогу» і ўжылі «загіб рукі за сьпіну», каб надзець кайданкі.

Міліцыянты сьцьвярджаюць, што Туравец укусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла ўдар нагой у вобласьць галавы трэцяму супрацоўніку. Апроч таго, жанчына быццам назвала іх «бандытамі», «фашыстамі» і «карнікамі».

Ператрус меўся быць у дачкі

Паказаньні, якія дала ў судзе сама Тацяна Туравец, адрозьніваюцца ад вэрсіі абвінавачаньня. Паводле яе, увечары 9 лютага яна вярнулася з працы і неўзабаве заснула. Прачнулася ад гучнага ўдару, падышла да дзьвярэй. Спрасонку не зразумела, што адбываецца. Адчыніла і пабачыла незнаёмых людзей у цывільным, якія паказвалі нейкія дакумэнты і казалі, што яны зь міліцыі.

Туравец палічыла паводзіны начных візытэраў «не адпаведнымі яе ўяўленьням пра тое, як мусяць сябе паводзіць праваахоўнікі». Яна напружылася, занэрвавалася, а даведаўшыся, што вобшук праводзіцца ў сувязі з падазрэньнем у незаконным захоўваньні наркатычных рэчываў і пабачыўшы ў пастанове не сваё імя, вырашыла, што яе падманваюць.

Паводле пастановы, ператрус меўся адбыцца ў памяшканьні яе дачкі Ангеліны, якая з маці даўно не жыве, і Тацяна не магла ўцяміць, чаму прыехалі да яе, да таго ж уначы. Са словаў Тацяны, толькі ў гэты момант міліцыянты зразумелі, што перад імі не Ангеліна. Тацяна дазванілася да дачкі, спраўдзіла, што тая на волі. А вось дазваніцца да міліцыі, каб упэўніцца, што перад ёй сапраўдныя міліцыянты, ня здолела, і гэта яшчэ больш абвастрыла сытуацыю.

«Было вельмі балюча»

Пасьля яе проста павалілі на падлогу і надзелі кайданкі. Туравец сьцьвярджае, што ёй было балюча — балелі хворыя рукі. Папрасіла, каб заціснутыя ў кайданкі рукі былі не за сьпінай, а перад сабой. Прыняла лекі. Туравец не адмаўляе, што ўкусіла Старчанку, бо той пры затрыманьні пальчаткай на нейкі момант закрыў ёй рот. Канчаткова зразумела, што перад ёй сапраўды міліцыянты, толькі пасьля таго, як прыехаў сьледчы ў форменнай вопратцы.

4 траўня суд працягвае апытаньне сьведкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG