Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкрыць агонь!» і пагроза вялікіх тэрмінаў. Асноўныя пытаньні да рэзананснай «пінскай справы»


Фігуранты «пінскай справы». Фотакаляж
Фігуранты «пінскай справы». Фотакаляж

30 красавіка вынесуць прысуд 14 фігурантам «пінскай справы» — удзельнікам пасьлявыбарчых пратэстаў у Пінску, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Свабода падсумавала спрэчныя моманты па выніках гэтага рэзананснага працэсу.

Пракурор запатрабаваў для пінчукоў ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі і сумарны штраф 530 тысяч рублёў для кампэнсацыі 109 «пацярпелым» міліцыянтам і чыноўнікам.

Што цьвердзіць дзяржабвінавачаньне

Дзяржаўныя абвінаваўцы Міхаіл Дайнэка і Сьцяпан Ляшок сьцьвярджаюць, што падчас судовых пасяджэньняў з паказаньняў пацярпелых міліцыянтаў, сьведкі — начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага, паказаньняў абвінавачаных, прагляду відэазапісу вынікае, што, акрамя ўдзелу ў несанкцыянаванай масавай акцыі, гучалі таксама заклікі дэмантаваць тратуарную плітку і ўжываць гвалт у дачыненьні да сілавікоў у выглядзе фармулёвак «Бі іх».

Паводле пракурораў, удзельнікі акцыі «праводзілі сумесныя дзеяньні, накіраваныя на пашкоджаньне маёмасьці». У напрамку супрацоўнікаў міліцыі абвінавачаныя кідалі камяні, фрагмэнты тратуарнай пліткі, палкі, бутэлькі. Наносілі ўдары па супрацоўніках рукамі і нагамі.

Падсудныя нібыта далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».

Паводле абвінавачаньня, прымяненьне гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі пацьвярджаецца заключэньнем судмедэкспэртызы пацярпелых.

Пратэстоўцы пашкодзілі маёмасьць сілавікоў?

Фігурантаў «пінскай справы» вінавацяць у «зьнішчэньні» і «пашкоджаньні» (гэтыя два паняцьці дзяржабвінаваўца ставіць праз коску. — РС) спэцсродкаў супрацоўнікаў АУС. Аднак падчас судовага паседжаньня прадстаўнікі абароны абвінавачаных неаднаразова зьвярталі ўвагу на адсутнасьць доказаў гэтых сьцьверджаньняў.

Пытаньне пра тое, якім чынам 14 падсудных змаглі зьнішчыць мэталічныя шчыты, кайданкі, гумовыя палкі, газавыя балёнчыкі і іншыя падобныя прадметы, засталося адкрытым.

Большасьць дапытаных міліцыянтаў казала, што іх спэцсродкі засталіся цэлыя. А некалькі супрацоўнікаў, якія заўважылі прапажу газавых балёнаў, не змаглі адказаць, як гэта адбылося.

У аднаго з пацярпелых міліцыянтаў, якому пашкодзілі гумовую палку, адвакат спытаў аб характары і ступені шкоды. Міліцыянт адказаў: «невялікі скол».

Пратэстоўцы распылялі газ і вытапталі клюмбы?

Прымяненьне абвінавачанымі піратэхнічных вырабаў і распыленьне газу ў ходзе судовага сьледзтва не пацьвердзілася.

Не ўстаноўлена таксама, хто і як «наўмысна зьнішчыў і пашкодзіў» кветкавыя насаджэньні каля будынку гарвыканкаму. Гэта маглі зрабіць і самі супрацоўнікі міліцыі, якія беглі па сквэры, а не выключна па асфальтаванай паверхні.

Пратэстоўцы нанесьлі шкоду сілавікам на паўмільёна рублёў?

Абвінавачаньне патрабуе, каб абвінавачаныя пратэстоўцы выплацілі 109-ці «пацярпелым» сілавікам і чыноўнікам сумарна 530 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі.

Адвакаты падсудных падкрэсьлілі, што згодна з заканадаўствам пры вызначэньні сумы кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды неабходна кіравацца разумнасьцю і справядлівасьцю, у тым ліку ўлічваць матэрыяльнае становішча абвінавачаных.

Характэрна, што пры запытах памеру шкоды за «маральныя пакуты» (раней у судзе міліцыянты пінскага РАУС і ГАУС сьцьвярджалі, што ў іх парушыўся сон і апэтыт, пачаліся праблемы з суседзямі. — РС) сілавікі «забыліся» пра тое, што іх служба зьвязаная з рызыкай.

Так, згодна з пастановай МУС № 255 асноўнымі задачамі адбору для праходжаньня службы зьяўляюцца: «вызначэньне індывідуальных псыхалягічных і псыхафізіялягічных якасьцяў з мэтай ацэнкі ступені прафэсійнай прыдатнасьці да службы ў органах унутраных спраў. А таксама выяўленьне крызісных сытуацый, псыхалягічных праблем, аспэктаў асобы, якія вызначаюць адаптацыю да ўмоў службы, навучаньня ў установе адукацыі».

Адвакаты дадалі, што памер шкоды павінен адпавядаць кошту, які страчаная альбо зьнішчаная маёмасьць мела на момант зьдзяйсьненьня злачынства, а не зафіксаванаму кошту прадмета ў дзень яго пастаноўкі на балянс.

Таксама невядома, як ацэньваўся кошт, колькасьць і выгляд пашкоджаньняў. У ходзе судовага сьледзтва не дапытвалі супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі гэтыя акты ацэнкі.

Ці даказаная віна пратэстоўцаў?

У сваіх паказаньнях большасьць абвінавачаных падкрэсьліла, што яны наносілі ўдары па шчытах альбо кідалі падручныя прадметы ў шыхты супрацоўнікаў, каб абараніць сябе і іншых людзей ад зьбіцьця з боку сілавікоў. Тым ня менш усіх 14 фігурантаў абвінавачваюць у наўмысным гвалце над супрацоўнікамі міліцыі.

Пры гэтым вэрсіі абвінавачваньня разыходзяцца як з інфармацыяй зь відэафайлаў, прадстаўленых на працэсе, так і з паказаньнямі саміх падсудных. Адрозьніваецца колькасьць удараў па шчытах, траекторыя кідкоў розных прадметаў у бок сілавікоў.

Некаторым абвінавачаным прыпісваюць дзеяньні, якіх не было.

Напрыклад, 37-гадовага сябра руху «За свабоду» Ігара Салаўя абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў людзей дэмантаваць тратуарную плітку і кінуў падручны прадмет у шыхт супрацоўнікаў АУС. Аднак на прадстаўленых судом відэазапісах Салавей нічога ня кідаў і не агучваў такіх заклікаў.

Алег Рубец, па вэрсіі абвінавачваньня, кінуў у супрацоўніка АУС жменю зямлі і камень. Але з прагледжанага відэафайла высьветлілася, што камень Рубец ня кідаў, а жменя зямлі да міліцыянта не даляцела.

Гэта толькі некалькі прыкладаў з шэрагу падобных.

Сілавікі справакавалі пратэстоўцаў і ўжывалі гвалт?

Згодна з матэрыяламі справы, самі міліцыянты дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».

На судовых паседжаньнях пацярпелыя сілавікі ў сваіх паказаньнях таксама неаднаразова сьцьвярджалі, што пратэстоўцы былі агрэсіўна настроеныя.

Кіраўнік пінскай міліцыі Дзьмітры Каравякоўскі
Кіраўнік пінскай міліцыі Дзьмітры Каравякоўскі

Аднак, паводле словаў сваякоў абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне. На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама: «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».

Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца.

Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна сілавікі.

Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А пацярпелыя сілавікі сьцьвярджалі, што не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў.

Родныя ж палітвязьняў кажуць, што на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».

Каго судзяць у «пінскай справе»

23 сакавіка ў Берасьці пачаўся суд за пратэсты ў Пінску 9 жніўня. Людзі тады выйшлі на вуліцы пасьля абвяшчэньня лічбаў афіцыйных экзіт-полаў, паводле якіх на прэзыдэнцкіх выбарах зь вялікім адрывам перамог Аляксандар Лукашэнка.

На лаве падсудных

  1. Раман Багнавец
  2. Данііл Богнат
  3. Рыгор Гунько
  4. Сяргей Ляжэнка
  5. Дэвід Масьціцкі
  6. Алена Маўшук
  7. Сяргей Маўшук
  8. Станіслаў Міхайлаў
  9. Вячаслаў Рагашчук
  10. Алег Рубец
  11. Ігар Салавей
  12. Артур Халімончык
  13. Аляксандар Цярэшка
  14. Вячаслаў Шалямет

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG