Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі ў Беларусі 30 красавіка: 5 гадоў турмы мужчыну, якога абвінавацілі ў пабіцьці 8 АМАПаўцаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах.

У судзе Савецкага раёну Менску абвясьцілі вырак па справе 47-гадовага Ўладзімера Жыхара: 5 гадоў пазбаўленьня волі за марш у Драздах, за гвалт у дачыненьні да сілавікоў, а таксама за тое, што выхапіў у аднаго зь міліцыянтаў траўматычны пісталет.

Як паведамляе Tut.by, судзьдзя Аляксандар Якунчыхін прызнаў Уладзімера Жыхара вінаватым па ўсіх інкрымінаваных артыкулах і прысудзіў яму пяць гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такога пакараньня прасіла дзяржабвінаваўца Анастасія Маліко.

Па справе праходзілі восем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу: Дзямідаў, Кісялёў, Анатоль Грыбоўскі, Дзмітрый Колчын, Андрэй Назараў, Іван Лесьнікоў, Сяргей Бурак і Крукаў.

Амапавец Анатоль Грыбоўскі, які выступаў на судзе пацярпелым, запытаў пакрыць яму 1000 рублёў за «маральныя пакуты», «фізычную боль» і за тое, што «зганьбіў гонар і годнасьць». Пры гэтым па мэдычную дапамогу Грыбоўскі не зьвяртаўся, пабоі здымаць адмовіўся. Суд пастанавіў пакрыць тысячу рублёў Грыбоўскаму. Суд пастанавіў таксама яшчэ пяці амапаўцам пакрыць па адной тысячы рублёў маральнай кампэнсацыі і тры тысячы — амапаўцу, у якога вырвалі зброю.

Сям’я Жыхараў будзе абскарджваць прысуд.

Менчука Уладзімера Жыхара затрымалі 13 верасьня, калі адбываўся марш пратэсту ў кірунку Драздоў. За ўдзел у акцыі ён ужо адбыў восем сутак арышту, потым на яго завялі крымінальную справу.

Уладзімер Жыхар адмаўляе, што біў сілавікоў, стукаў па мікрааўтобусе і выкрадаў пісталет, — кажа, што пісталета нават ня бачыў. Хто гэта зрабіў і як сілавікі атрымалі траўмы, ня ведае. Кажа, што закрываўся рукамі падчас зьбіцьця, але не нападаў:

«Я проста спрабаваў выратаваць сваё жыцьцё, абараняўся ад дубінак, за што атрымліваў яшчэ больш».

На судзе адвакат запэўніваў: няма доказаў, што Уладзімер Жыхар груба парушаў грамадзкі парадак і не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады.

Выракі 14 фігурантам «пінскай справы»

Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця вынесьлі прысуд 14 фігурантам пінскай справы. Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гунько, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Дэвіду Масьціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету — 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд валянтэру штабу Бабарыкі Лявону Халатрану пакінулі бязь зьменаў

30 красавіка Менскі гарадзкі суд разглядзеў апэляцыйную скаргу валянтэра штабу Віктара Бабарыкі Лявона Халатрана на прысуд Фрунзэнскага суда, які пакараў мужчыну 2 гадамі «хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу: нібыта ён перакрываў дарогі ў раёне вуліцаў Куйбышава-Машэрава, перашкаджаў транспарту, выкрыкваў лёзунгі і пляскаў у далоні ў ноч з 9 на 10 жніўня. Рашэньне Фрунзэнскага суда пакінулі бязь зьменаў, а скаргу Лявона Халатрана без задавальненьня, паведамляе «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG