Намесьнік начальніка ГУБАЗіК Аляксей Новаш адзначыў, што на фоне росту лічбавай абазнанасьці людзей кібэрмахляры ўсё больш схіляюць патэнцыйных ахвяр да самастойнага пераводу грошай злачынцам.
Каля 40% такіх выпадкаў зьвязана з продажам няісных тавараў або паслуг у сеціве, напрыклад мабільных прылад па прывабных цэнах, брэндавай вопраткі і аўтамабіляў. Як адзначыў Новаш, ашуканцы таксама выкарыстоўваюць сэзонныя прапановы, тыя ж штучныя елкі або аўтамабільныя шыны.
Акрамя таго, нярэдка нібы ад імя сілавікоў або работнікаў банкаў ашуканцы вымушаюць ахвяр атрымліваць крэдыты і пераводзіць сродкі на падкантрольныя ім рахункі. У гэтым выпадку часта прымяняецца тэхналёгія fake boss: калі званку ашуканцаў папярэднічае асабістае паведамленьне нібы ад начальніка з патрабаваньнем аказаць садзейнічаньне.
Нярэдка зламысьнікі таксама выступаюць у ролі знаёмых і просяць пазычыць грошы. Для дакладнасьці выкарыстоўваюцца ўзламаныя ўліковыя запісы мэсэнджараў, зь іх дапамогай рассылаюцца «фішынгавыя» спасылкі.
Форум