Як расказала агенцтву «Минск-Новости» Натальля Грамыка, першая намесьніца дырэктара тэатру, у 2006 годзе абнавілі толькі глядзельную залю. У 2019-м плянаваўся капітальны рамонт, але фінансаваньне аказалася недастатковым.
Пры адкрыцьці новага сэзону ўвагу прыцягнуў падмурак будынку. Экспэрты выявілі, што некаторыя канструкцыі знаходзяцца ў аварыйным стане і патрабуюць умацаваньня. Таксама ёсьць праблема з капілярнымі водамі, якія разбураюць будынак. Таму было вырашана не адкладаць капітальны рамонт.
Ён уключае ўзмацненьне канструкцый, абнаўленьне гідраізаляцыі, замену ўсіх інжынэрных сетак і мантаж новага даху. Унутры тэатру таксама правядуць шырокія працы. Там абновяць глядзельную залю, фае і лесьвіцы, а таксама заменяць гукавое абсталяваньне і сцэнічную мэханіку.
Адным з самых прыкметных пераўтварэньняў стане новы від фасаду. Рэстаўратары адновяць участкі цаглянага муру ў маўрытанскім стылі, якія зараз схаваны пад тынкоўкай, а таксама адновяць гістарычныя вокны і дэталі дэкору. Перад будынкам зьявяцца новыя калёны, стылізаваныя пад старажытныя слупы агароджы.
Унутры тэатра таксама плянуецца шмат зьменаў. Напрыклад, у глядзельнай залі прыбяруць гіпсакардон і адновяць аўтэнтычны росьпіс столі. Крэслы для гледачоў адрэстаўруюць, каб захаваць іх арыгінальны выгляд, хоць колькасьць месцаў зьменшыцца на 80 для большай зручнасьці.
Пакуль што ў будынку ідзе дэмантаж: разьбіраюцца ганак, перакрыцьці і падлогі. Неўзабаве пачнецца наступны этап прац.
Будынак тэатру ім. Горкага пабудавалі ў 1902–1906 гг. як харальную сынагогу, у 1923 тут разьмясьціўся Нацыянальны габрэйскі тэатар.
Форум