Дзень у гісторыі
1710 — напярэдадні адыходу з Полацку салдаты расейскага цара Пятра I узарвалі раней зачынены і ператвораны на парахавы склад Сафійскі сабор
1832 — расейскі імпэратар Мікалай I сваім рэскрыптам закрыў Віленскі ўнівэрсытэт
1840 — У Вялікай Брытаніі зьявіліся першыя ў сьвеце паштовыя маркі (з профілем каралевы Вікторыі).
1966 — адбыўся апошні выступ The Beatles
1969 — заснаваньне Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны
У гэты дзень нарадзіліся
1555 — Соф’я Слуцкая, рэлігійная дзяячка Вялікага Княства Літоўскага, асьветніца, беларуская праваслаўная сьвятая
1879 — Янка Серада, беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, пэдагог, публіцыст. Першы Старшыня Рады БНР.
1894 — Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч. У 1925 г. разам са старшынём Рады БНР Пётрам Крэчэўскім, Васілём Захаркам, Тамашом Грыбам не прызнаў рашэньняў Бэрлінскай Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе аб’явілі пра роспуск Ураду БНР.
1930 — Алесь Петрашкевіч, пісьменьнік, гісторык.
Мяне зь ім зьвёў акадэмік Дзьмітры Ліхачоў, якога называлі «сумленьнем расейскай інтэлігенцыі». Была вечарына ў менскім Доме літаратара, на якой я казаў, што і самыя сумленныя «старэйшыя браты», калі заходзіць гаворка пра беларускую або ўкраінскую незалежнасьць, імгненна мяняюцца. Як пацьверджаньне згадаў некалькі выказваньняў Ліхачова. Напрыклад, пра тое, што «не радея о единстве Русской земли, полоцкий князь Всеслав провёл свою жизнь в беспутных походах».
Пасьля вечарыны мяне спыніў высокі і высакалобы чалавек з уважлівым позіркам. «Намесьнік галоўнага рэдактара „Беларускай Энцыкляпэдыі“ Алесь Петрашкевіч, — адрэкамэндаваўся ён. — Пра Ліхачова — цалкам згодны...»
Выдавецтва тады яшчэ называлася «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя». Мне спадабалася, што Петрашкевіч прапусьціў у назове другое слова.
Дарэчы, ён разам з галоўным рэдактарам Петрусём Броўкам некалі і ствараў гэтае выдавецтва — займаўся і падборам супрацоўнікаў, і ўзьвядзеньнем будынку, які быў пазьней забраны цяперашняй уладай і ператвораны ў суд, дзе, у прыватнасьці, судзілі незалежных беларускіх выдаўцоў.
У 1992-м кіраўнікі СНД падпісалі ў Менску пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Масква агучыла заяву, што не прызнае дакумэнту, бо ён супярэчыць інтарэсам Расеі. У навінах круцілі выступ Ліхачова, які запальчыва заклікаў не дапусьціць «расьцягваньня агульных скарбаў па нацыянальных кватэрах». Пры сустрэчы Петрашкевіч пацікавіўся: «Чулі голас расейскага сумленьня?»
Я ня схільны ідэалізаваць яго. У свой час ён працаваў у апараце ЦК КПБ, пісаў п’есы «ў духу патрабаваньняў», да прыкладу, пазмагаўся пяром з рэлігіяй. Аднак Петрашкевіч заўсёды заставаўся беларусам, яго вабіла не апаратная дзейнасьць, а гісторыя і літаратура.
Ён пісаў сцэнары мастацкіх фільмаў, апавяданьні, лібрэта, але найбольш цікавае й вартае стварыў у жанры гістарычнай драматургіі, з дапамогаю якой імкнуўся адлюстраваць увесь шлях народу — ад часоў Рагвалода да нашых дзён. Спадар Алесь ганарыўся, што ягоныя продкі-шляхцічы належалі да гербу «Лебедзь», як і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з Ігнатам Буйніцкім.
Найбольш ярка Петрашкевіч-драматург раскрыўся ў прысьвечанай Скарыну дылёгіі «Напісанае застанецца» і «Прарок для Айчыны». У першай п’есе разам з гуманістам-першадрукаром дзейнымі асобамі сталі Мікола Гусоўскі, Пётра Мсьціславец, Марцін Лютэр, Мікалай Капэрнік, што стварае пераканаўчы кантэкст эўрапейскага Рэнэсансу, аванпостам якога была Беларусь. Другі твор, як вынікае ўжо зь ягонае назвы, ставіць вечнае пытаньне лёсу прарока ў сваёй Айчыне.
Нязьменна застаючыся і навукоўцам, Алесь Петрашкевіч пакінуў нам мару — выдаць энцыкляпэдычны даведнік «Беларуская Народная Рэспубліка».
Хто зьдзейсьніць гэтую задуму?
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 630-631
1980 — Юрась Юркевіч, грамадзкі дзеяч беларускай дыяспары, дасьледчык гісторыі Беларусі
1981 — Аляксандар Глеб, беларускі футбаліст
У памяці
1904 — Антанін Леапольд Дворжак, чэскі кампазытар
1986 — Сьцяпан Александровіч, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, крытык і краязнавец.