Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цікавасьць да мовы пашырылася на культуру і гісторыю». Перакладчык стараскандынаўскіх шэдэўраў пра сваё захапленьне Поўначчу


Джэймс Дойл Пэнраўз «Ідун і яблыкі» (1890)
Джэймс Дойл Пэнраўз «Ідун і яблыкі» (1890)

Выйшла з друку кніга «Эда. Песьні пра багоў». Гэта першая частка аднаго з сусьветна вядомых шэдэўраў старажытнай скандынаўскай літаратуры «Паэтычная Эда». Па-беларуску яго ўпершыню перастварыў малады перакладчык Яўген Папакуль. Мы пагутарылі зь ім пра тое, як у душы беларуса покліч Поўначы перамог.

«Усё адбылося раптоўна»

— Віншуем з выхадам першай часткі трылёгіі стараісьляндзкага эпасу «Паэтычная Эда». Ваш пераклад з арыгіналу гэтых сусьветнавядомых твораў ХІІІ стагодзьдзя можна лічыць адкрыцьцём для беларускага чытача. Як так сталася, што вы зацікавіліся мовай сярэднявечнае Поўначы і пачалі перакладаць яе літаратуру?

«Эда. Песьні пра багоў». Менск, «Галіяфы» 2021
«Эда. Песьні пра багоў». Менск, «Галіяфы» 2021

— Шчыры дзякуй за віншаваньне! Што ж да вашага пытаньня, то не магу сказаць, што я асабліва цікавіўся Поўначчу да 5-га курсу ўнівэрсытэту, калі ў якасьці дысцыпліны на выбар вырашыў вывучаць швэдзкую мову — выключна праз аўтарытэт выкладчыцы, Вольгі Іванаўны Любецкай. Швэдзкая была маёй трэцяй замежнай, але цяпер адназначна займае першае месца ў маім жыцьці. І паступова цікавасьць да мовы пачала пашырацца і на культуру краіны, гісторыю, а калі я пачаў выкладаць міталёгію — то й на паданьні пра асаў, ванаў і іншых пэрсанажаў скандынаўскага пантэону.

А з «Эдай» усё адбылося раптоўна. У лістападзе 2019 году падчас паездкі ў Стакгольм набыў сабе швэдзкамоўны пераклад «Паэтычнае Эды» і так натхніўся тэкстам, што вырашыў паглядзець, а як гэтыя тэксты выглядаюць у арыгінале і як будуць гучаць па-беларуску. Так звычайная цікаўнасьць перарасла ў тое, што я ачомаўся толькі праз год у кіпе слоўнікаў і іншых даведнікаў, маючы гатовы пераклад першай часткі зборніка.

Адкуль натхненьне?

— А можа быць, ваша зацікаўленьне абумоўленае ня толькі нейкім зьбегам абставінаў, але і гістарычна-мэтафізычнымі рэчамі? Магчыма, мае значэньне факт вашага нараджэньня на зямлі Полацкага княства, празь якое плавалі вікінгі, у якім валадарыў вараг Рагвалод і якое хрысьціў ісьляндзкі місіянэр Торвальд?

— Не выключаю. Хаця нарадзіўся я ў Наваполацку, адным з самых маладых гарадоў Беларусі. Затое вышэйшую адукацыю я атрымаў у сьценах былога езуіцкага калегіюму ў Полацку, месцы, дзе ўсё дыхае гісторыяй. Але болей за ўсё маё зацікаўленьне Поўначчу зьвязана з падарожжамі ў Швэцыю, Нарвэгію і асабліва Ісьляндыю. Вандроўкі — тое, што дае неймаверную процьму натхненьня.

Перакладчык Яўген Папакуль
Перакладчык Яўген Папакуль

«Цікавасьць працягваецца з кандыдацкай дысэртацыі»

— Першая кніга Эдычнай трылёгіі называецца «Песьні пра багоў». То бок гэта песьні пра асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў ды да іх падобных мітычных істотаў. Чым прывабіла вас жыцьцё і справы пэрсанажаў стараскандынаўскіх мітаў, ды аж так прывабіла, што вы прысьвяцілі першую кнігу бацькам і каханай? Ім гэта цікава? Што сказалі, прачытаўшы?

— Гэтая цікавасьць працягваецца з кандыдацкай дысэртацыі, якую я пісаў на тэму шатляндзкіх і швэдзкіх балядаў пра звышнатуральнае. Магчыма, гэта пачалося яшчэ ў 90-х, бо хто не глядзеў «Сакрэтных матэрыялаў» і ня слухаў гурту «Кароль и шут»? А там таямнічасьцяў воз і маленькая тачанка.

З прысьвячэньнем усё банальна — проста захацелася такім чынам падзякаваць траім галоўным людзям у маім жыцьці за ўсё тое, што яны для мяне зрабілі. Бацькі ведаюць, што я перакладаю, але пра кнігу я ім яшчэ не казаў, хачу зрабіць сюрпрыз, калі буду мець асобнік для іх на руках.

«Я ведаю вельмі няшмат»

— А калегі-перакладчыкі як успрынялі вашу фундамэнтальную працу? Бо ваша кніга — гэта ня толькі першы пераклад на беларускую «Песьняў пра багоў», але яшчэ і грунтоўныя камэнтары да яе. Прачытаўшы іх, думаецца, што азначэньне да аднаго з герояў кнігі, Ф’ёльсьвіта (той, хто шмат ведае) цалкам стасуецца і да вас.

— Я ведаю вельмі няшмат. Толькі дурань лічыць, што ведае дастаткова. Кніга яшчэ едзе з друкарні, таму яе чыталі літаральна пару чалавек. Таму й водгукі будуць пазьней. І я загадзя разумею, што будзе хапаць і адмоўных водгукаў, бо падыходы да перакладу старажытнай літаратуры ў кожнага перакладчыка розныя (спрадвечная спрэчка, што важнейшае: форма ці зьмест). Таму пра тое, як кнігу ўспрымуць, можна будзе сказаць толькі празь нейкі час.

«Пра ўнікальнасьць гаварыць не выпадае»

— Хаця падобна на тое, што вы ў Беларусі пакуль адзіны знаўца стараісьляндзкае і вам няма з кім на ёй перакінуцца слоўцам пра сваё захапленьне. Ці так гэта? Ці мо ўжо маеце вучняў сярод сваіх студэнтаў Полацкага ўнівэрсытэту?

— У Беларусі ёсьць людзі, якія валодаюць сучаснай ісьляндзкай, у Менску нават былі курсы вывучэньня гэтай мовы, таму пра ўнікальнасьць гаварыць не выпадае, тым больш сучасная ісьляндзкая мала адрозьніваецца ад мовы ХІІІ стагодзьдзя. Аматараў «Эды» таксама не бракуе, у тым ліку і сярод маіх студэнтаў, таму на парах па міталёгіі ёсьць пра што пагутарыць.

Фарэрская і норн

— А сам выкладчык тым часам ужо засвоіў жывую фарэрскую. І ўрупіўся ў мёртвую норн. А яшчэ ж у актыўным арсэнале швэдзкая і ангельская, якія вы выкладаеце. У свае няпоўныя трыццаць тры (Хрыстовы ўзрост!) колькімі мовамі валодаеце? І якія яшчэ хочаце засвоіць так, каб усклікнуць — «Покліч Поўначы перамог!»?

— Гэта вы ўжо завярнулі. Акрамя беларускай і расейскай моваў я валодаю толькі ўкраінскай, ангельскай і швэдзкай. Валодаю — то бок свабодна магу падтрымліваць гутарку з носьбітам. Экспэрымэнт з фарэрскай быў выключна экспэрымэнтам — я пераклаў адну невялічкую баляду на беларускую. Што датычыцца мовы норн — на гэтай мёртвай мове захавалася толькі некалькі загадак, невялічкіх аб’ёмам малітваў і толькі адзін буйны твор — баляда «Хільдзіна». Ейны пераклад — банальная праца з англа-норнскім слоўнікам, бо структура мовы — звычайная скандынаўская. Ведаючы швэдзкую мову, нават на маім далёка не ідэальным узроўні, можна без праблемаў працаваць зь любой скандынаўскай, бо большасьць каранёў словаў супадаюць. Галоўнае — цярплівасьць, бо велізарную частку часу аднімае менавіта праца са слоўнікам. Але, каб далей працаваць было прасьцей, цяпер самастойна вывучаю сучасную ісьляндзкую.

Швэдзкі дэвіз

— Давайце вернемся да пачатку нашай гаворкі. Дзесяць гадоў таму, калі вы пачыналі знаёмства са скандынаўскім сьветам, вы тады першы раз трапілі ў Швэцыю. Што, апроч уражаньняў, прывезьлі адтуль? Кантакты, сяброўства, шанавальнікаў вашага захапленьня скандынаўскаю даўніной? Як усё гэта спрыяе вашай творчасьці?

— Любое падарожжа дае каштоўны досьвед. Важна глядзець, як жывуць іншыя людзі, каб нешта мяняць у самім сабе. Да Швэцыі я маю самыя шчырыя пачуцьці, я вельмі люблю гэтую краіну, ейных людзей і ўвогуле швэдзкі сьветапогляд. «У кожнага ёсьць праблемы, але гэта не азначае, што на іх трэба зацыклівацца» — гэты швэдзкі дэвіз я ўзяў сабе на ўзбраеньне.

Пляны і падзякі

— Выдатны дэвіз, і, магчыма, ён дапамагае вам у далейшым перастварэньні Эдычных тэкстаў. Калі чакаць другую і трэцюю кнігі трылёгіі?

— Вельмі шмат чыньнікаў уплываюць на працэс перакладу, таму можна даць толькі прыблізныя тэрміны. Цяпер я працую над поўным перакладам «Эды Сноры Стурлусана» — сапраўднай энцыкляпэдыяй скандынаўскай міталёгіі і адначасова падручнікам для маладых скальдаў. Твор вельмі неаднародны і складаны, у ім каля 350 паэтычных уставак, таму праца можа зацягнуцца да восені. А ў 2022 годзе пляную завяршыць «Песьні пра герояў». Так беларускі чытач зможа на роднай мове пазнаёміцца з непараўнальным паўночным сьветам.

А пры канцы гаворкі я хацеў бы сказаць словы падзякі ўсім тым, без каго не было б маёй працы. Каб анікога не пакрыўдзіць, пералічу ўсіх у храналягічным парадку. Я вельмі ўдзячны маім бацькам, Людміле Якаўлеўне і Аляксандру Тадэвушавічу, за тое, што выхавалі мяне такога кляснага; Маргарыце Латышкевіч — за натхненьне, матывацыю і рэдактуру з карэктурай, Зьміцеру Вішнёву — за тое, што шчыра падтрымаў праект, а таму «Песьні пра багоў» пабачылі сьвет так апэратыўна, Тацьцяне Тамілавай — за вёрстку і вырашэньне шматлікіх тэхнічных пытаньняў, а таксама Маргарыце Сяньковай — за шыкоўны дызайн вокладкі.

Яўген Папакуль нарадзіўся ў 1988 у Наваполацку. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт (2011), магістратуру (2013), асьпірантуру (2016) Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Кандыдат філялягічных навук, дацэнт катэдры сусьветнай літаратуры і замежных моваў у сваёй альма матэр. Выкладае швэдзкую і ангельскую мовы, ангельскую літаратуру Сярэднявечча і Адраджэньня і міталёгію рамана-германскіх народаў. Лічыць, што ўся добрая замежная літаратура мусіць гучаць па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG