Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хрыстос чытае Купалу». Уладзімер Някляеў пра свой новы раман


Уладзімер Някляеў, ліпень 2020
Уладзімер Някляеў, ліпень 2020

У 110-м нумары часопіса «Дзеяслоў» пачаў друкавацца новы раман Уладзімера Някляева «Гэй бэн гіном». Яшчэ пару гадоў таму аўтар прызнаваўся, што піша пра сьмерць Янкі Купалы.

Прыхільнікі творчасьці Някляева чакалі дакумэнтальнага расьсьледаваньня, крымінальных гіпотэзаў ці нейкіх аўтарскіх вэрсіяў таго, што здарылася з народным паэтам Беларусі ў Маскве 28 чэрвеня 1942 году. Аднак пачатак раману стаў для чытачоў поўнай нечаканкай.

Мы пагаварылі з Уладзімерам Някляевым пра час Купалы, нацыянальную палітыку Масквы і сёньняшнія падзеі ў Беларусі.

«Тады што зь ім, калі не памёр, адбылося?»

— Пачатак вашага новага раману, прызнаемся, моцна ўразіў. Галоўны герой праз тры дні пасьля сваёй гібелі прачынаецца ў тым жа, што і да сьмерці, 414-м нумары гатэлю «Масква», голіцца, бездакорна апранаецца і накіроўваецца… на сваё пахаваньне. І тут пачынаюцца самыя што ні ёсьць фантасмагарычныя прыгоды зь ім. Як узьнік гэты прыём з Купалавым жыцьцём пасьля сьмерці? Якую сэнсавую і фактаграфічную нагрузку ён нясе?

— «Ніколі я не паміраў», — напісаў сам пра сябе Купала. Значыць, не памёр ён і 28 чэрвеня 1942 году, зьляцеўшы ў лесьвічны пралёт гатэлю «Масква». Тады што зь ім, калі не памёр, адбылося? Раман «Гэй бэн гіном» — спроба адказу на гэтае пытаньне.

І яшчэ…

Найвядомейшая кніга ўспамінаў пра Купалу называецца: «Такі ён быў». Але тое, які ён быў, і пасьля гэтай кнігі, і пасьля іншых мэмуараў (уключна з мэмуарамі Паўліны Мядзёлкі) застаецца невядомым.

Любая таямніца большая за яе разгадку. «Бо невядомае, — як кажа адзін з пэрсанажаў раману — гэта ўсё, што заўгодна, а вядомае — толькі адно». Таму раман ня столькі спроба раскрыць таямніцу сьмерці Купалы (хоць у адной з вэрсіяў гэта зроблена), колькі спроба зазірнуць у таямніцу ягонага жыцьця.

«Са Сталіным Купала апынуўся на адным крыжы выпадкова»

— Перад тым, як укласьці свайго ажыўленага героя ў труну, вы правялі яго па многіх высокіх кабінэтах і далі яму сустрэцца з магчымымі забойцамі, улучна з самім Сталіным. Між ім і Купалам адбываецца працяглая гаворка пра творчасьць, беларускія сны і будучыню Купалавай паэзіі.

З вуснаў Сталіна гучыць несуцяшальнае прароцтва пра стаўленьне нашчадкаў да Купалы: «… І ведаеце, што яны пра вас скажуць?.. Што, калі б вы застрэліліся, засталіся б паэтам. А так — не. Так вы здраднік. Застаўшыся жыць, здрадзілі паэзіі… Вы тут Чорнага, будучыню новай беларускай літаратуры ратуеце, а гэтая будучыня, гэтая новая літаратура, яшчэ нават не нарадзіўшыся, вас ужо прадае! Дык навошта вам яе ратаваць?»

Няўжо сапраўды арганізатар масавых забойстваў беларускай інтэлігенцыі мог так думаць? Ці што стаіць за гэтым маналёгам?

— Асноўны суразмоўца Купалы ў рамане, чаго яшчэ не відаць з апублікаванай першай часткі, — Хрыстос. Са Сталіным Купала апынуўся на адным крыжы выпадкова, але Сталін даводзіць яму, што не. Што абодва яны аднолькавыя грэшнікі — і ў доказ гаворыць пра нашчадкаў, якія зьвінавацяць Купалу ў здрадзе паэзіі. Абразьліва абзавуць Лупакам, скажуць, што лепш бы ён скончыў самагубствам, не дажыў да вершаў пра хлопчыка і лётчыка…

Гэта зьдзівіла нават Хрыста, які хоць і сын Бога, але не бярэ на сябе права судзіць. А тым больш вызначаць, каму жыць, а каму паміраць?.. У жыцьці за гэтым стаіць не такая даўняя дыскусія пра Купалу і Лупаку, а ў рамане вось што…

«Вы рускіх ня надта любіце, а скажыце: рускія перарабілі б Пушкіна, свайго нацыянальнага генія, у якога-небудзь Пукніша?» — пытае Купалу Сталін.

Купала — нацыянальны геній. Вядома, гэта ня робіць яго недатыкальным. І, вядома, часам чаго толькі ні скажаш, ні напішаш дзеля эпатажу. «Я люблю глядзець, як паміраюць дзеці!» Але ўсяму свой час і сваё месца. Купала ў нашым часе — на месцы духоўнага апірышча нацыі. Менавіта з гэтым зьвязаная ў рамане легенда пра векавечнае дрэва, якое засланяе нацыю ад вятроў, віхураў. І калі сёньня мы на такіх вятрах, якія могуць нас зьнесьці, зьнішчыць, ці варта падсякаць дрэва, якое нас засланяе, за галіны якога трымаемся? Дзеля чаго б там ні было падсякаць, а тым больш — дзеля літаратурнай гульні.

У адначасьсе з раманам я напісаў дзьве драматычныя паэмы, асноўныя пэрсанажы якіх — Гедзімін і Ягайла. Я ствараў іх як постаці нашай гісторыі, нашых нацыянальных герояў, але пісаў і сам адчуваў, што яны — міты. А Купала ня міт. У ім жывая кроў. Тая ж, якая пульсуе ў сэрцы Беларусі. І ня трэба самім беларусам займацца кровапусканьнем, калі столькі іншых аматараў гэта зрабіць.

«Гітлер ставіць яму ў прыклад Кнута Гамсуна»

— Купала ня толькі размаўляе са Сталіным пра «Сны аб Беларусі», але і, стомлены гаворкай, засынае ў крамлёўскім кабінэце, у які тым часам прыходзіць Гітлер. Два дыктатары на старонках раману час ад часу мяняюцца месцамі валадарства і па чарзе кіруюць варагуючымі краінамі.

У Сталінавым кабінэце Гітлер, між іншага, ушчувае Купалу за верш «Партызаны, партызаны, беларускія сыны, біце ворагаў паганых, каб ня ўскрэсьлі век яны!» Маўляў, правільна напісана, але ня ў той бок. І прапануе Купалу званьне народнага паэта Рэйху ці ляўрэата Гітлераўскай прэміі. З пазыцыі сёньняшняга часу ці сапраўды для беларускай культуры была аднолькава забойчая што адна, што другая ўлада і ганебныя яе ўзнагароды творцам?

— Размаўляючы з Купалам, Гітлер ставіць яму ў прыклад Кнута Гамсуна — як свайго прыхільніка. А значыць, сапраўднага патрыёта Айчыны, прыхільнасьць якога да Гітлера дазваляе яму, Гамсуну, шмат што для Айчыны зрабіць. У пэрспэктыве — дамовіцца пасьля перамогі Нямеччыны ў вайне пра незалежнасьць Нарвэгіі. «І Гамсун гатовы дзеля гэтага, — кажа Гітлер, — паставіць сябе на скрыжаваньне ганьбы і зьнявагі. А паставіць сябе дзеля Айчыны на скрыжаваньне ганьбы і зьнявагі — гэта нават не грудзьмі на кулямёт кінуцца. Там імгненьне, іскра, а тут… Тут насамрэч вялікі подзьвіг. І вы маглі б паўтарыць яго, гэта была б ваша місія. Шкада, што пра місію гэтую вы не падумалі, перш чым ад нас зь Менску ў Маскву ўцякаць».

Вось я і падумаў: а ці быў у Купалы, які ў першыя дні вайны мог проста не пасьпець выехаць зь Менску, гэтакі шлях? Ну як адзін з магчымых? І вуснамі Сталіна адказаў: а чаму не? «Ён жа запрашаў, — кажа ў судзе над Купалам Сталін, — шалёнага сабаку польскага імпэрыялізму і каляніялізму Пілсудзкага на ўладарства ў Савецкую Беларусь! Дык чаму і Гітлера запрасіць ня мог?»

«Бо ня мог, — самому сабе адказвае Купала. — Бо ў такім разе мусіў бы пасьля вялікай вайны і вялікай крыві напісаць, як напісаў Гамсун: «Мы, верныя прыхільнікі Гітлера, схіляем свае галовы перад тварам ягонай сьмерці».

Купала ня быў надта моцным чалавекам. Але сілы на тое, каб не зрабіць крок за межы, пераступіць якія ён лічыў немагчымым, у ім хапала.

Для БЕЛАРУСКАЙ культуры забойчая любая НЕБЕЛАРУСКАЯ ўлада. У тым ліку НЕБЕЛАРУСКАЯ ўлада сёньняшняя.

«Фантазіі пра зьмены ў хадзе савецкай гісторыі»

— Яшчэ адным галоўным героем вашага раману ёсьць малады паэт Віктар Маргер — дзіця пасьлясталінскай эпохі, студэнт Маскоўскага літаратурнага інстытуту, любімец публікі, жанчын і высокапастаўленай намэнклятуры. Дзякуючы сваёй абранасьці ён мяркуе, што можа зьмяніць хаду савецкай гісторыі. Наколькі гэты ваш герой аўтабіяграфічны? І ці сапраўды ўкручаныя ў крамлёўскія колы творцы маглі на нешта там уплываць?

— У рамане дзьве, якія пераплятаюцца ў адну, сюжэтныя лініі. Адна зь іх пралягае ў 20-40-х гадах ХХ стагодзьдзя, другая — у 60-80-х. Першая зьвязаная з Янкам Купалам, другая — зь Віктарам Маргерам. Маладым паэтам, у якім (што я ня надта й хаваў) прысутнічаюць прыкметы аўтабіяграфічнасьці.

Напачатку Маргер трохі франдзёр, трохі дысыдэнт, у яго багемнае (з вучобай у літінстытуце і працай у качагарцы) жыцьцё. І выпадкова яно перасякаецца з жыцьцём Ганны, дачкі аднаго з кіраўнікоў краіны. Вось з гэтага моманту і ўзьнікаюць у ім, падагрэтым набліжэньнем да ўлады, фантазіі пра зьмены ў хадзе савецкай гісторыі. А прыходзіць ён са сваімі фантазіямі да глыбокай унутранай драмы.

Ні на што творцы, укручаныя ў крамлёўскія колы, не маглі паўплываць. Іх проста скарыстоўвалі. І пра гэта адкрыта кажа адзін з пэрсанажаў, аўтар вядомага ў тыя часы верша «Пра нацыянальнасьць» зь ягоным заключным радком «па нацыянальнасьці я савецкі»:

«— Мы з вамі клеркі, Віктар. Не паэты, а клеркі, пісцы савецкай імпэрыі».

«У найноўшай гісторыі падобных выпадкаў не зафіксавана»

— Мы прачыталі толькі траціну вашага раману і ня ведаем пакуль, ці выведзеце вы сваіх герояў у сёньняшні дзень. Але забягаючы наперад, хочацца спытацца вашу думку пра тое, ці магчымы наогул уплыў нацыянальнае творчае эліты на антынародную ўладу? Ці ёсьць у нашай гісторыі прыклады, калі дыктатар прыслухаўся да прарока ўзроўню Купалы?

— Што да сёньняшняга дня, дык нядаўна я даволі цяжка перахварэў на ковід. Амаль тыдзень быў у гарачцы, у якую прыходзілі кашмары. Такія страшныя — не ўявіць, што такія могуць быць. Але калі я ачомваўся, рэальнасьць аказвалася страшнейшай за іх. За краты кідалі праўду. Чынілі зьдзек над сьвятынямі. Гвалт над дзецьмі. На п’едэсталы ўзносілі злачынцаў. У судах апраўдвалі забойцаў і каралі забітых. І за ўсім гэтым стаяла ўлада, на якую я ў свой час, калі быў старшынёй Саюзу пісьменьнікаў, спрабаваў паўплываць.

Калі верыць Хафізу, Хаяму, Фірдаўсі, у іх часы нешта такое, падобнае да ўплыву на ўладу, было. Але ў найноўшай гісторыі падобных выпадкаў не зафіксавана. Адносіны творцы і ўладара ці такія, як у Адольфа Гітлера і Кнута Гамсуна, ці як у Францыска Франка і Гарсіі Лорка. Ці скарыстаць, ці расстраляць. А Сталін дык увогуле даводзіць Купалу, што той не нарадзіўся Купалам, а што гэта савецкая ўлада яго Купалам зрабіла. І ён мусіць быць удзячны за тое ўладзе, бо яна магла зрабіць Купалам некага іншага.

«Ня проста ўвайсьці ў будучыню, пра якую марылі і марым»

— Стаім мы перад будучыняй нашай
І ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род…

Купалава пытаньне і амаль праз восемдзесят гадоў пасьля гібелі застаецца без адказу. А ці мае яго аўтар раману пра загадкі Купалавай сьмерці і Купалавых сноў аб Беларусі? Мяркуючы на назьве твора — «Гэй бэн гіном» — якую можна перакласьці як пекла, аптымізмам вы ня надта прасякнутыя.

— Што да працытаванага вамі верша, дык у рамане яго чытае Хрыстос. На Краснай плошчы ў Маскве, на порціку маўзалея. І пакуль ён яго чытае, каля крамлёўскай сьцяны, выбраўшыся з маўзалейнага саркафага, спрабуе пахаваць сябе самога — па-людзку, у зямлі — Ленін. Але і пахаваўшыся ў зямлі, ён зноў аказваецца ў маўзалеі…

Ня проста ўвайсьці ў будучыню, пра якую марылі і марым. Але і не прасьцей выйсьці з мінулага, якога хочам пазбыцца. Пакуль што на нашым гістарычным шляху знакі ўваходу і выйсьця на адным указальніку. Таму й блытаецца шлях.

І тым ня менш…

Хрыстос чытае верш Купалы, бо верыць, што ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай. А Ён ведае болей за мяне. І нават за Купалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG