Ці ўплывае канфліктная рэчаіснасьць, а нават і турма, на іхняга лірычнага абраньніка (абраньніцу)? Як зьмянілася іхняя муза ад пачатку жнівеньскай рэвалюцыі?
Наста Кудасава: «Муза стала больш жорсткай, бескампраміснай і бясстрашнай»
— Быў пэўны час анямеласьці: першыя некалькі месяцаў, калі ня думалася пра каханьне й не пісалася. Здавалася, што больш немагчыма будзе адчуваць звычайныя чалавечыя рэчы. Але паступова жыцьцесьцьвярджальны пачатак, мабыць, усё ж узяў верх над страхам і роспаччу, і ў вершы вярнулася ўсё самае рознае.
Ёсьць адчуваньне, што сусьвет цяпер у памежным стане. Таму і кахаецца ў ім цяпер таксама больш абвострана.
Муза стала больш жорсткай, бескампраміснай і бясстрашнай. Яна навучылася бачыць ясьней і прамаўляць дакладней, як мне падаецца. Усё другаснае адвалілася, на яго ўжо шкада выдаткоўваць час і словы.
* * *
…ня вырвецца, не загалосіць,
бы немаўлё, жывое ўпотай.
у мітусьні цераспалосіц
я зьнішчыла цябе, пяшчота!
цяпер балі ў крыле дарэмным —
я не баюся твайго болю!
пустога цела абярэмак
табе не падуладны болей.
ідзі сабе, шукай дурнога,
мо недзе вэлюм твой пазвалі…
а мне пакінь спакой астрога:
я не жывая,
не жывая...
* * *
зьдзьмулі волю з дамоў і вуліц,
праўду ўціснулі ў панцыр.
хто яны, што паўсюль кіруюць?
як ад іх ратавацца?
душы іх набрынялі тлушчам,
сорам іх «madeinchina».
млосна нават вочы расплюшчваць —
боль збаўляю маўчаньнем.
дзесьці брэша вяртлявы выжал,
страх і адчай наўкола.
я — кахаю.
мне,
каб выжыць,
гэтага
дастаткова.
* * *
зьнічкай хачу плыць да цябе і не згараць…
як выжываць сярод людзей? дар мой, дарадзь!
як уначы, дзе што ні крок — спрэс гадаўё,
ты адшукаў, ты ўратаваў сэрца маё?
хто той анёл, што ў немаце ёлкай зімы
даў нам займець так наўзаем гэтае «мы»?
тут, у пустым бомканьні злых дзёўбкіх ілбоў,
мне надае моцы адно — наша любоў.
Галіна Сьвірына (Сіўчанка): «У вершах, якія нараджаюцца апошнім часам, выразна адчуваецца адна галоўная эмоцыя/тэма — боль»
— У апошнія шэсьць месяцаў вершы пра каханьне ня пішуцца, але зусім не таму, што ў нечым уяўленьні сам час — складаны, жорсткі, насычаны падзеямі, якія тычацца ўсяго грамадзтва і значна мяняюць яго, — адмаўляе паэтам у гэтай тэме. Зусім не. Каханьню і ў жыцьці, і ў паэзіі ёсьць месца ва ўсе часы, і гэтым яно перамагае зло абсалютна любога кшталту. Такія прыклады, як магаданская сустрэча Яўгеніі Гінзбург са сваім каханьнем — трэцім мужам, зьняволеным доктарам Антонам Вальтэрам, настолькі шматлікія і настолькі натхняльныя, што адразу ўсплываюць у памяці ў наш складаны час. Я не пішу пра каханьне апошнім часам таму, што менавіта цяпер хочацца насалодзіцца ім напоўніцу ў рэчаіснасьці, пакуль ёсьць магчымасьць, а не рэфлексаваць альбо шукаць адказы на пытаньні, якія яно нараджае, у тым ліку ў паэзіі.
Мая муза за гэты час не зьмянілася. Зьмянілася я, а муза дагэтуль стаіць-ходзіць побач і поруч, вершы прыходзяць, толькі не запісваюцца. Наўмысна стрымліваю сябе і не хачу запамінаць-запісваць усё, што прыходзіць цяпер да мяне, бо вельмі хачу напісаць пра тое ж, толькі праз пэўны час. Усьвядоміць, адчуць наноў. Магчыма, хіба, адну зьмену варта ўзгадаць — у вершах, якія нараджаюцца апошнім часам, выразна адчуваецца адна галоўная эмоцыя/тэма — боль. Раней такога не было, і мне ніколі не хацелася трансьляваць і множыць боль праз паэзію. Таму супраціўляюся музе цяпер.
І. С.
Восень — цудоўны час, калі толькі вы не баярын,
калі барвянасьць падлогі шукае сабе ахвяру:
у сьцяны, відавочна, яе адценьне,
далей — Кулікова поле, міжрэчча, струмені.
У небе бяз птахаў лёгка адчуць атруту
уласных словаў «даруй», «не кахаю», «крута!»,
быццам віна за шчасьце на тле найгора
ператвараецца ў шэры настрой надвор'я.
Усё будзе добра, калі моцны дождж пральецца,
бо арліцам, вядома, іншага не застаецца,
як цярпець ад зайздрасьці тых, хто ня мае крылаў
і забывае, як ты прабіваўся з пылу.
Божа, спыні хвіліну, калі заціхае рыба
ў Сьвіцязі! Калі грукае лёс у шыбу,
варта спыняцца і аслабляць пастронкі,
варта кахаць цябе. І выходзіць вонкі.
Міхал Бараноўскі: «Калі людзі кахаюць, сьвет робіцца прыгажэйшы»
— Калісьці ставілася пытаньне: «Ці магчымая паэзія пасьля Асьвенціма?» Як выявілася, — так. Больш за тое, мне падаецца, мастацтва, і паэзія ў прыватнасьці, таму і ёсьць, каб неяк адцяняць у грамадзкай сьвядомасьці ўсё тое разбуральнае, што часам кіруе намі. Таму ўмоўная муза ня можа быць адарванай ад рэальнасьці, зьмяняецца разам з творцам і праяўляецца ў тэксьце, нават не выяўляючы сябе. На ўзроўні нечага тонкага.
І калі нехта кажа, што зараз ня час для лірыкі, то я ня згодны. Для прыгожага заўжды павінна быць месца. А калі людзі кахаюць, сьвет таксама робіцца прыгажэйшы.
* * *
адчуй як дзіцёнак руку сьціскае
сяброўку сваю калыхай у абдымках
і будзе гэта сапраўднай справай
вартым заняткам дастойнага мужа
чытаю я на старых таблічках
бабілёнскае нацыяналкі
і згодны з кожным цагляным гукам
а ўнутры не знаходжу міру
* * *
жыць і
дыхаць табой
як кацейку трымаць на руках
ратаваць ад трывогі і сьмерці
і жахаў штоночных
што яшчэ я магу
растае адзінота ў вачах
калі смак тваіх вуснаў
у дарогу бяру
на парозе
жыць і
дыхаць табой
у невядомае крочыць наўсьлеп
нітка цягнецца празь лябірынты
якімі блукацьмем
што яшчэ я магу
у непрагляднай цемры начэй
лёгка так разьмінуцца
так лёгка ізноў
не спаткацца
жыць і
дыхаць табой
і хапацца за тонкую нітку
Ганна Шакель: «Паэзія не заўсёды мае простую сувязь з рэчаіснасьцю»
— Вядома, каханьне — ня першая тэма, на якую цяпер хочацца пісаць. Але я пішу. Дакладней, перапісваю. На сёньня мне ўдаецца пісаць пра каханьне на падмурку старых уражаньняў, ужо зафіксаваных у маіх вершах, і прыдумляць новыя пачуцьці, бо паэзія не заўсёды мае простую сувязь з рэчаіснасьцю.
у цягніку
няма нічога ўтульней для закаханых,
чым месцы для інвалідаў.
і тыя, і тыя бездапаможныя
ў сваёй слабасьці.
падарожная радасьць:
накрыж сьпяць шляхі
і чакаюць вакзалы.
у цябе для чаканьня няма
адмысловай залі.
холад вагона
ваду тваіх заляцаньняў
перакладае як пару.
твой нос па маёй скроні —
працяжнік паміж намі.
цягнік —
працяжнік паміж гарадамі.
крэмзаю літары на ледзяным
акне электрычкі.
мароз да іх ставіцца
дыякрытычна.
я, бязграматная і здаровая,
саступаю месца. сядай, пасажырка.
мае кантралёры
паставілі на яго
квітку кропку
і высадзілі мяне
на станцыі Раманы,
бо я не захоўваю правілы
пунктуацыі дотыкаў.
Дарʼя Бялькевіч: «Культура ня можа прадукцыйна існаваць ва ўмовах несвабоды, цэнзуры, страху, бясконцых забаронаў»
— Мая муза скаваная падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, яна рэдка да мяне прыходзіць. За паўгода я напісала сем вершаў, тры зь якіх былі ўдалымі — іх можна было паказаць. Неверагодна захапляюся тымі паэтамі, якія могуць прапусьціць празь сябе нашы падзеі, напісаць добры верш-рэакцыю і пры гэтым застацца ў нармальным псыхалягічным стане. Мне такое даецца цяжка. Таму я пішу пакрысе, запісваю асобныя радкі, якія прыходзяць, нават калі яны не складаюцца ў вершы. Культура ня можа прадукцыйна існаваць ва ўмовах несвабоды, цэнзуры, страху, бясконцых забаронаў. Зразумела, што для творчасьці пратэсту ў нас ёсьць глеба, але ўявіце, колькі песень, вершаў, карцін, напрыклад, пра каханьне, за гэты час не змаглі зрабіць творцы, і колькі яшчэ ня зробяць.
* * *
Пыл пад ложкам захоўвае сны.
Кожны раз, калі ты мне сьнісься,
я мыю падлогу.
ПАРА-СОН
Я ведаю кожную ноту
тваёй адзіноты.
Адзінота аднолькавая ва ўсіх.
Я ведаю ўсе эшафоты
тваёй самоты.
Самота сьціскае горла, паветра няма зусім.
Раскладаем партыю на галасы,
хаця прыгожа сьпяваем ва ўнісон.
Я даслухаю тваё сола
і сыду пад дождж, пакінуўшы парасон.
Прабач: мы ня разам, мы поруч,
параза і горыч,
па-за часам, прасторай, усюды — нідзе...
Твае вочы палаюць, а я
каралева залеваў,
і агонь адбіваецца ў вадзе.
Для мінулага
На полі, дзе хлопцы
ганяюць мяч,
я схавала сакрэцік.
Месца пазначыла:
чатыры гады ад брамы.
Паклала пад тонкае шкельца
ўсе твае падарункі.
З галінкай сіняга сухацьвету
я пахавала ў пяску
шчасьлівы аскепак лета.
Суровым выракам будзе лірыка:
не адданаю, не адзінаю,
як на Радаўніцу хадзіла,
намацвала гладкае шкельца,
не магла наглядзецца гадзінамі.
Пятка ў гумовых кедах
разбурыць сакрэцік —
таемнае стане яўным,
я рэжуся аб раструшчанае мінулае
і нарэшце праз павуціньне трэшчынак
бачу яго сапраўдным.
Артур Камароўскі: «Даводзіцца працаваць са складанымі эмоцыямі, страшнымі. А гэта цяжка».
— Вершы пра каханьне амаль ня пішуцца. Але я люблю іх думаць.
Наўкольная рэчаіснасьць уплывае, канечне. Бо мы ж ня ў бункеры жывём. І гэта, дарэчы, цікава — паглядзець, як і што ты можаш адказаць гэтай рэчаіснасьці. І што будзе пасьля. Але ня пішацца яшчэ і таму, што прыходзіцца працаваць са складанымі эмоцыямі, страшнымі. А гэта цяжка.
* * *
я пачаў вывучаць сваё цела
ў цемры
навобмацак
унутры цябе, мама
я плаваў у водах
твайго жыцьцядайнага мора
кранаў твае берагі
і так складаў карту скуры
пакуль што ня ведаючы
як яе роўнядзь будзе ўздымацца
узгоркамі пупышак
калі ён пальцамі будзе праводзіць
ад далоні да перадплечча
гэта будзе ўжо іншая карта
мая геаграфія
пачалася задоўга ад школьнай —
калі сталася цесна ў тваёй вадзе
я выйшаў на бераг незнаёмай краіны
і закрычаў не ад страху зямлі
а ад мовы -
я шукаў на блакітным глёбусе
нашае мора
і не знаходзіў, мама
можа таму
што цяпер яно ажывала ўва мне
а раней я пальцамі
перасоўваў яго караблі
я да сёньня ня ведаю
што азначаюць скрыжаваньні ліній далоняў
самая вялікая радзімка
краіны твару
мне ніхто не паказваў такія карты
але па ягонай скуры
як тады па тваёй
я складаю карту сусьвету
і там будзе ўсё
толькі зараз хачу запомніць
мяккасьць тваёй рукі, мама
каб заўсёды вяртацца
Ніна Лістота: «Было даволі дрэнна, а вось ты проста шчасьлівы, нягледзячы ні на што»
— Цікава, што ў сярэдзіне мінулай восені, калі сытуацыя ў краіне працягвала абвастрацца, а на душы, адпаведна, было даволі млосна, у маім жыцьці зьявіўся Чалавек. Ён нібы запаліў сьвятло. Я б сказала, што ўсё перавярнулася дагары нагамі: было даволі дрэнна, а вось ты проста шчасьлівы, нягледзячы ні на што.
Ад пачатку нашых сустрэч у мяне пачалі зьяўляцца новыя вершы. І гэтыя вершы для мяне самой сталі нечаканасьцю. Яны расстаўлялі важныя акцэнты ва ўспрыняцьці таго, што адбываецца навокал: усіх нас звонку атачыў сапраўдны сюррэалізм, але штосьці больш моцнае, больш важнае хаваецца ў сэрцы. І яно не для чужых, яго нішто ня згасіць.
Думаю, многія беларусы перажылі цэлую гаму нэгатыўных пачуцьцяў, зьвязаную з тымі, хто ім дарагі, — страх і роспач, што твайму блізкаму чалавеку — ня важна, каханы гэта ці брат, сястра, сусед, выкладчык — зробяць балюча, што ён будзе пакутаваць. У нас усё абышлося спакойна, аднак былі сытуацыі, у якіх мой сябар моцна перажываў і хваляваўся за мяне. На жаль, у бальшыні беларусаў страхі пра блізкіх спраўдзіліся.
Сьветлы мой!
Я прашу цябе, цемру сабою выцесьні.
Выплесьні смутак з маёй душы,
Выпі праз вусны і выпусьці.
Ведаеш,
Вусьцішна мне ў непраходнай цішы,
Дзе дагараюць чужыя жарсьці,
Дзе Яны мяне апякаюць.
Я зрабілася
Тонкая, быццам лёд, быццам шкло, хрумсткая.
Вецер дзьме — вось і я, падаю ніц.
Хтось крычыць — і раблюся травой,
Праглынаю гукі.
Сьветлы мой,
Сьветлы мой,
Сьветлы мой…
Ты ня міт, не фантом.
Вось, стаіш ля дзьвярэй і стукаеш.
Хто адчыніць табе, хто адчыніць…
Хто яна, тая я,
Што адчыніць каханаму.
Ганна Комар: «Можа, я гэтак апантаная цяпер рэвалюцыяй, як была б апантаная мужчынам»
— Апошнія шэсьць месяцаў вершы пра каханьне ня пішуцца, увогуле ні вершы, ні проза ня пішуцца ні пра што, акрамя падзей гэтых месяцаў. Толькі яны падаюцца вартымі маёй творчай энэргіі цяпер. Многія ранейшыя праблемы, у тым ліку няўдалыя рамантычныя стасункі, сталі зусім дробнымі на фоне таго, праз што мы праходзім. Апошняя спроба напісаць пра былое каханьне здарылася ў лістападзе, і то калі я на тры дні выехала зь Беларусі, але спроба засталася незавершанай. Пачынаўся верш так:
адгукаюцца сокам суніцы:
наступі — запяе.
журавель трапеча ў руцэ.
восень сьпяшае пазбавіцца лісьця да халадоў.
што нагадвае мне гэты горад?
цябе,
нібы да цябе не было гарадоў.
пасьля цябе жураўлёў не было…
не сэзон шкадаваць.
Нядаўна гутарылі са знаёмым пра каханьне, і я сказала, што, можа, і добра было б у гэты час закахацца. «Дзеля натхненьня?» — запытаў ён. І гэта такі стэрэатып, нават некалькі: што паэты і паэткі пішуць, толькі калі на іх натхненьне зваліцца, а другі — што каханьне толькі і выклікае гэтую лявіну. Але гэта ня так. Паэзія можа быць пасьлядоўнай дасьледчыцкай працай важных тэм і падзеяў.
У пэўным сэнсе я нават рада, што больш не зацыкленая на каханьні і сваім балючым досьведзе. Можа, я гэтак апантаная цяпер рэвалюцыяй, як была б апантаная мужчынам, але рэвалюцыя мне цяпер бліжэйшая, як і ўсё жаночае.