Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштрафаваў журналіста Рамана Васюковіча на 20 базавых за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас»


Журналіст Раман Васюковіч у судзе.
Журналіст Раман Васюковіч у судзе.

Кастрычніцкі суд Менску сёньня разгледзеў адміністрацыйную справу супраць карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча за ўвоз у Беларусь кнігі «Беларускі Данбас».

19 сакавіка Кастрычніцкі суд Менску вярнуў гэтую справу ў Менскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце «для ўхіленьня недахопаў». Сёньня суд яе разгледзеў і вынес вырак: 20 базавых велічынь, або 580 рублёў.

На журналіста склалі пратакол па ч. 1 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд або перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці) за ўвоз у Беларусь двух асобнікаў кнігі «Беларускі Данбас».

Раман Васюковіч патлумачыў у судзе, што набыў кнігі «Беларускі Данбас» у Кіеве ў звычайнай краме для сябе і ў падарунак аўтарам. «Распаўсюджваць нічога не зьбіраўся», — сказаў ён.

Кнігі ён перавозіў у звычайнай сумцы, не хаваў іх, яны былі ва ўпакоўцы, ён іх нават не разгортваў. Зьмест кнігі Раману Васюковічу быў невядомы, ён яе не чытаў.
Перад Новым годам вырашыў зрабіць падарунак аўтару.

Судзьдзя пытаўся, для чаго журналіст вёз кнігу, ці не здагадваўся пра яе зьмест?

— Як я мог здагадвацца, я ж не пасьпеў прачытаць. Я ўбачыў яе ў кнігарні, і знаёмыя прозьвішчы аўтараў. Вырашыў набыць адну сабе і другую ў падарунак.

— Толькі таму вырашылі набыць?

— Ну, і ведаў, што ў аўтараў не было гэтых кніг.

— То бок вы ведалі, што гэта за кнігі, ці ня ведалі?

— Я ведаю, што мае знаёмыя — аўтары гэтых кніг.

— Чаму вы ведалі, што ў іх яе няма?

— Тут яны не купілі, напэўна, не маглі знайсьці, тут яны не прадаюцца.

— Чаму яны тут не прадаюцца, вам вядома?

— Не, не вядома.

— Аўтары вам не расказвалі?

— Я ня ведаю, не цікавіўся. Я ведаў, што ў іх няма і ў Беларусі яны не маглі набыць.

— Хто гэта вам расказваў?

— Адзін з аўтараў.

— А каму кнігу везьлі?

— Ільяшу, бо ён у той момант быў на волі.

У чым абвінавацілі журналіста?


Раман Васюковіч 11 сьнежня мінулага году вяртаўся ў Менск з камандзіроўкі ў Кіеў. У Менскім аэрапорце мытнікі вынялі ў яго «для праверкі экстрэмізму» два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас». Матэрыялы перадалі ў аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце.

Паводле начальніка аддзелу, гэта кнігі «цёмна-зялёнага колеру з выявай пляча салдата ў вайсковай форме з эмблемай бел-чырвона-белага колеру».

Аўтары кнігі — журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш, выдадзена яна ў 2020 годзе ўкраінскім выдавецтвам «Фоліо».

З пратаколу, складзенага ў лютым на Васюковіча, вынікае, што Менская абласная экспэртная камісія 29 студзеня зрабіла заключэньне, што ў кнігах «устаноўлена наяўнасьць прыкметаў праявы экстрэмізму».

Аднак суд прызнаў «Беларускі Данбас» экстрэмісцкім матэрыялам толькі 26 сакавіка. Рамана Васюковіча выклікалі на гэтае пасяджэньне ў якасьці зацікаўленай асобы.

У канцы жніўня 2020 году журналісты тэлеканалу «Настоящее время» былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС разам з журналістамі іншых замежных СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG