Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неабходны канкрэтныя дзеяньні замест крайняй заклапочанасьці», — рэакцыі на прысуд журналісткам «Белсату»

абноўлена

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева пасьля абвяшчэньня прысуду ў 2 гады агульнага рэжыму. Менск, 18 лютага 2021
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева пасьля абвяшчэньня прысуду ў 2 гады агульнага рэжыму. Менск, 18 лютага 2021

Першыя рэакцыі на прысуд журналісткам Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай, якіх пакаралі 2 гадамі зьняволеньня за рэпартаж з акцыі пратэсту.

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску судзьдзя Натальля Бугук вынесла выракі журналісткам тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай.

Абедзьвюм журналісткам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя пазбаўленьня волі, Бугук прысудзіла залічыць час пад вартай (1 дзень як 1 дзень калёніі), забраныя нататнікі, налепкі, тканіну — зьнішчыць, апаратуру — канфіскаваць. Зьявіліся першыя рэакцыі на вырак.

Анджэй Дуда выказаў «рашучы пратэст»

У сувязі з вынясеньнем прысудаў журналісткам тэлеканалу «Белсат» прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да свабоды слова і грамадзянскіх правоў. Ён таксама заклікаў амніставаць абедзьвюх асуджаных.

Як паведаміў Інфармацыйнаму радыёагенцтву Польшчы Кшыштаф Шчэрскі з канцылярыі прэзыдэнта, Анджэй Дуда таксама папрасіў польскіх дыпляматаў перадаць свой «рашучы пратэст» супраць затрыманьня.

Дуда заклікаў краіны Эўрапейскага зьвяза «салідарна, пасьлядоўна і рашуча рэагаваць на гэтае далейшае праяўленьне падаўленьня асноўных правоў і свабодаў».

Ціханоўская: «Каця і Даша вольныя, як ніхто ў гэтай залі»

У ліку першых на прысуд зрэагавала экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Яна прапанавала паглядзець на відэа з суду і ўбачыць рэакцыю саміх журналістак на вырак.

«Яны ўсьміхаюцца і абдымаюць адна адну. І паглядзіце на рэакцыю сілавікоў. Яны хаваюць твары пад маскамі і нэрвова ўгаворваюць усіх пайсьці з залі. Дык хто зь іх у клетцы? Каця і Даша вольныя, як ніхто ў гэтай залі. Іх не ўдалося зламаць ці запалохаць».

Ціханоўская перакананая, што Беларусь даможацца праўды і свабоды — дзякуючы Кацярыне Андрэевай, Дар’і Чульцовай, усім сумленным журналістам, лекарам, праваабаронцам, валянтэрам і ўсім адважным беларусам, і «ў выніку ўсім давядзецца зьняць маскі і паглядзець адзін аднаму ў вочы».

Прадстаўнік дыпляматыі ЭЗ: «Ганебнае падаўленьне СМІ»

Прэс-сакратар Эўрапейскай дыпляматычнай службы Пэтэр Стана засудзіў вырак для журналістак «Белсату», назваўшы яго «ганебным падаўленьнем СМІ» ды нагадаў, што ЭЗ стаіць на баку беларускага народу.

Амбасада ЗША: «Улады спрабуюць прымусіць СМІ замаўчаць»

Амбасада ЗША ў Менску асудзіла працэс над журналісткамі Андрэевай і Чульцовай як палітычна матываваны.

«Гэтае судовае рашэньне зьяўляецца чарговым сьведчаньнем таго, што ўлады не імкнуцца ўсталяваць справядлівасьць, а спрабуюць прымусіць СМІ замаўчаць і тым самым абмежаваць доступ беларусаў да інфармацыі для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў, — гаворыцца ў заяве дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі. — Абвінавачаньні, выстаўленыя гэтым журналісткам, якія расказвалі пра пратэст і жорсткую рэакцыю на яго з боку міліцыі, зьяўляюцца відавочна надуманымі».

Літоўскія парлямэнтарыі заклікалі ЭЗ увесьці санкцыі супраць датычных да асуджэньня журналістак

Дэпутат літоўскага Сэйму Даля Асанавічуце і эўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус асудзілі пакараньне Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай і заклікалі Эўразьвяз уключыць асобы, зьвязаныя зь перасьледам і вынясеньнем прысуду журналісткам тэлеканалу «Белсат», у прыватнасьці судзьдзю Натальлю Бугук і пракурора Аліну Касьянчык, у санкцыйны сьпіс у межах эўрапейскай сыстэмы абароны правоў чалавека — так званага эўрапейскага акту Магніцкага«.

БАЖ: прысуд вядзе да забароны на прафэсію

Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд «палітычна матываваным», а яго мэтай — застрашыць усіх супрацоўнікаў мэдыя, каб яны не выконвалі сваіх прафэсійных абавязкаў асьвятленьня грамадзка значных падзей у краіне, што, па сутнасьці, «вядзе да забароны на прафэсію».

Міжнародная фэдэрацыя журналістаў: «Мы супраць гэтага зьдзеку са справядлівасьці»


Буйнейшая сусьветная журналісцкая арганізацыя — Міжнародная фэдэрацыя журналістаў — далучылася да заявы БАЖ і патрабуе неадкладна вызваліць журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Заява разьмешчаная на сайце МФЖ.

«Гэта рашэньне ганебнае і абсалютна неабгрунтаванае. Мы заклікаем прэзыдэнта Лукашэнку неадкладна спыніць кампанію запалохваньня прэсы і вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Сёньняшні вэрдыкт — відавочная атака на свабоду прэсы, і мы ўсе стаім разам супраць гэтага зьдзеку са справядлівасьці», — заявіў прэзыдэнт МФЖ Юнэс Мджахед.

«Гэта накіравана на запалохваньне ўсёй прафэсіі, на крымінальную адказнасьць за журналістыку. Рэпрэсіўны дрэйф рэжыму Лукашэнкі патрабуе хуткай і цьвёрдай рэакцыі міжнароднай супольнасьці. Мы яшчэ раз заклікаем Эўрапейскі Зьвяз, Раду Эўропы і АБСЭ ня быць саўдзельнікам злоўжываньняў рэжыму», — далучаецца да заявы і прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’еррэгард.

БАЖ, МФЖ і ЭФЖ патрабуюць:

  • Перагляду судовай пастановы па справе Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, журналістак каналу «Белсат»;
  • Вызваліць журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) з-пад варты;
  • Спыніць перасьлед журналістаў і мэдыяў у краіне.

Міністар інфарамцыі «Напэўна, было за што»

Міністар інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі пракамэнтаваў выракі журналісткам «Белсату»:

«Напэўна, было за што, калі суд вырашыў. Я ж не судзьдзя. Іх ня проста саджаюць, ім прад’яўляюць нейкія абвінавачаньні, праходзяць судовыя паседжаньні».

Віцэ-дырэктар «Белсату»: чорны дзень беларускай журналістыкі

Віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі палічыў прысуд «чорным днём у гісторыі беларускай журналістыкі і Беларусі». На думку Дзікавіцкага, суд нічога не даказаў, у ім наагул не прагучала ніякіх «сэнсоўных доказаў». Ён спадзяваўся на апраўдальны прысуд калегам.

«Калі б вартавыя парадку зьвярталі ўвагу на закон, тады дзяўчат трэба было вызваліць яшчэ ў першы дзень і выплаціць кампэнсацыю за незаконнае ўтрыманьне пад вартай. Цяпер вельмі істотна яшчэ раз паўтарыць імёны людзей, якія спрычыніліся да гэтага цемрашальства, да гэтага злачынства. [...] Cудзьдзя Натальля Бугук, дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык, а таксама сьледчыя, якія „расьсьледавалі“ гэту справу, — Ігар Кудзеля, Ігар Курыловіч, — гэта на вашых руках, вашымі рукамі рэжым зрабіў гэтае злачынства».

Дзікавіцкі перасьцярог гэтых службовых асоб, каб яны потым не казалі, што іх «прымусілі», бо заўсёды ёсьць выбар застацца сумленным чалавекам. Але яны «пайшлі на службовае злачынства і ня выканалі нават уласных законаў».

Віцэ-дырэктар тэлеканалу «Белсат» сказаў, што рэдакцыя зробіць усё, каб націск на рэжым Лукашэнкі ўзмацніўся.

Па словах Дзікавіцкага, «можна сьмяяцца з такой непрафэсійнасьці». Гэта было зроблена так, каб паказаць ня толькі журналістам, але ўсім беларусам, што «нават калі вы нічога не зрабілі, ня пхнулі міліцыянта, нават коса на яго не паглядзелі; калі няма аніякіх доказаў, мы ўсё адно можам вас пасадзіць, бо мы паны, а вы быдла».

Дзікавіцкі спадзяецца на тое, што гэтыя сытуацыя не задушыць незалежныя мэдыя.

Былы пасол ЗША ў Расеі: патрэбны канкрэтныя дзеяньні

Колішні амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол пасьля атрыманьня зьвесткі аб суворым прысудзе беларускім журналісткам у сваім твітэры запатрабаваў ад палітыкаў дэмакратычных дзяржаў «канкрэтных дзеяньняў» замест выказваньня «крайняй заклапочанасьці».

Саюз журналістаў Украіны: «Унікальнае судовае рашэньне»

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) выказаў салідарнасьць з засуджанымі журналісткамі тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’яй Чульцовай.

«Разам з Эўрапейскай фэдэрацыяй журналістаў працягваем ціснуць на міжнародныя інстытуцыі, каб абараніць незалежных беларускіх журналістаў. Выказваем падтрымку і салідарнасьць калегам зь „Белсату“ і БАЖ», — заявіў кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.

Паводле яго, Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова сталі паказальнымі ахвярамі беларускай улады, якая лічыць ворагамі і грамадзян, якія пратэстуюць, і журналістаў, якія асьвятляюць пратэсты.

«Унікальнае судовае рашэньне. Журналісцкі стрым, рэпартаж зь месца падзеі сёньня ў Менску прызналі «арганізацыяй» і «падбухторваньнем» пратэстаў, а дыктафоны, тэлэфоны, нататнікі — «небясьпечнай зброяй», — дадаў кіраўнік украінскай журналісцкай арганізацыі.

Уладзімер Някляеў: каб ня ўсьмешка твая, Кацярына

Вядомы паэт Уладзімер Някляеў прысьвяціў верш асуджанай Кацярыне Андрэевай.

Гнюсь пануе над краем. Што ж мусіць
З нашым краем зрабіць гэта гнюсь?
Не пакінуць жывой Беларусі,
А зьмяртвіць, зьнежывіць Беларусь!

І зьмярцвела б, быць можа, краіна,
Не жывы не стрывала б цяжар,
Каб ня ўсьмешка твая, Кацярына,
Не біблейскі — за кратамі! — твар.


Каб ня вочы, што нават у болю,
У глыбока схаваных сьлязах
Гэтак поўняцца вечнай любоўю,
Быццам сьвецяцца на абразах.

«Рэпартэры бязь межаў»: У барацьбе зь незалежнымі СМІ беларускія ўлады страцілі ўсякае пачуцьцё меры

«Рэпартэры бязь межаў» «у жаху» ад прысуду карэспандэнтам тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай, гаворыцца ў заяве нямецкага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі.

«Гэты незаконны прысуд сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады ў барацьбе зь незалежнымі СМІ страцілі ўсякае пачуцьцё меры. Мэта абсалютна зразумелая: з дапамогай запалохваньня прымусіць журналістаў замаўчаць», — заявіў кіраўнік аддзяленьня Крысьціян Мір.

«Мужныя журналісты, якія інфармуюць аб пратэстах у Беларусі, і без таго жывуць у пастаянным страху быць затрыманымі і арыштаванымі, — адзначыў Мір. — Іх вымушаюць не дакумэнтаваць крытыку ўраду з боку вялікай часткі насельніцтва з-за пэрспэктывы правесьці некалькі гадоў у турме, гэта значыць проста выконваць сваю працу, як гэта рабілі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова», — цытуе заяву БелаПАН.

Судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Натальля Бугук пагадзілася з просьбай пракурора Аліны Касьянчык прызначыць дзьвюм журналісткам па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Судзілі іх паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Андрэеву і Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку 15 лістапада. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG