Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста судзяць за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас»


Раман Васюковіч, архіўнае фота
Раман Васюковіч, архіўнае фота

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску сёньня меліся пачаць разглядаць адміністрацыйную справу супраць карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча за ўвоз у Беларусь кнігі «Беларускі Данбас».

Судзьдзя Аляксандар Рудэнка перанёс разгляд справы на 19 сакавіка.

На журналіста склалі пратакол па ч. 1 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд або перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).

Раман Васюковіч 11 сьнежня мінулага году вяртаўся ў Менск з камандзіроўкі ў Кіеў. У Менскім аэрапорце памежнікі забралі ў яго «для праверкі экстрэмізму» ноўтбук і два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас».

У лютым Васюковічу паведамілі, што ў кнізе нібыта знайшлі прыкметы экстрэмізму. 24 лютага Рамана выклікалі ў Менскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце і склалі пратакол, паведамляе Белсат. З пратаколу вынікае, што Менская абласная экспэртная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі ў сваім заключэньні ад 29 студзеня 2021 году знайшла ў кнізе «прыкметы праявы экстрэмізму», паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку адзін з аўтараў кнігі Ігар Ільяш.

Аўтары кнігі «Беларускі Данбас» — журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. 18 лютага Кацярыну Андрэеву асудзілі да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму за стрым зь месца жорсткага разгону дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў», яна прызнаная палітвязьнем.

Кніга «Беларускі Данбас», выдадзеная ўкраінскім выдавецтвам «Folio», расказвае пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Ўкраіны. Яе прэзэнтацыя адбылася ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску, паведамляла прэс-служба дыпмісіі.

Раман Васюковіч паведаміў, што на 26 сакавіка яго выклікалі ў суд Кастрычніцкага раёну ў якасьці «зацікаўленай асобы». На гэтым працэсе будзе разглядацца, ці прызнаваць кнігу «Беларускі Данбас» экстрэмісцкімі матэрыяламі.

«Кнігу плянуюць прызнаць экстрэмісцкай 26 сакавіка, а 12-га сакавіка журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за перавозку „экстрэмісцкай прадукцыі“ (гэта значыць нашай кнігі). Так, канечне, нават не юрыст здагадаецца, што парадак павінен быць адваротны: спачатку трэба прызнаць кнігу экстрэмісцкай, а потым ужо судзіць за яе перавозку. Але калі судовая сыстэма ў краіне выконвае функцыі прынтэра, усё гэта ня мае значэньня», — напісаў Ігар Ільяш у сваім фэйсбуку.

У кастрычніку МЗС Беларусі пазбавіў «Настоящее время», як і іншыя замежныя СМІ, акрэдытацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG