Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкай кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Белорусский Донбас». Пра гэта паведаміла «Эўрарадыё» са спасылкай на журналіста Рамана Васюковіча, які быў на працэсе ў якасьці зацікаўленай асобы.
Адна з аўтараў кнігі, журналістка Кацярына Андрэева, цяпер за кратамі. Яе і Дар’ю Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў» у Менску.
Рамана Васюковіча ў сьнежні 2020 году накіравалі на ўзмоцнены надгляд у менскім аэрапорце, калі ён вярнуўся ў Менск з Кіева. У яго забралі ноўтбук і два экзэмпляры названай кнігі, накіравалі іх на экспэртызу. 24 лютага на яго склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП — у кнігах знайшлі «прыкметы праяваў экстрэмізму».
Кніга «Беларускі Данбас» — журналісцкае расьсьледаваньне пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Ўкраіны, ролю беларусаў у ім і ўплыў канфлікту на Беларусь; ролю спэцслужбаў і самога Аляксандра Лукашэнкі.
Прэзэнтацыя кнігі ў Беларусі прайшла 19 лютага ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, на ёй прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.