Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Кацярыну Андрэеву паставілі ў турме на ўлік як схільную да экстрэмізму


Цяпер журналістка будзе на асаблівым кантролі з боку адміністрацыі, зь ёй будуць праводзіць прафіляктычныя гутаркі.

Асуджаную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву ў жодзінскай турме паставілі на прафіляктычны ўлік, як «схільную да экстрэмізму» Пра гэта ў сваім акаўнце на facebook напісаў муж журналісткі Ігар Ільяш.

«Прафіляктычны ўлік азначае, што цяпер яна знаходзіцца на асаблівым кантролі ў адміністрацыі турмы. У прыватнасьці, на дзвярах у яе зараз будзе вісець карычневая картка — так адзначаюцца камэры, дзе ёсьць "схільныя да экстрэмізму". У самой камэры для Каці вызначана асаблівае месца, дзе яна абавязаная знаходзіцца ў той момант, калі заходзіць наглядчык. Таксама яе цяпер пэрыядычна будуць выклікаць на прафіляктычныя гутаркі. Пры адпраўцы ў калёнію „экстрэмісцкі“ статус за ёй будзе захаваны. Дарэчы, ва ўліковай картцы Каці ёсьць пазнака — „змагарка“. Гэта значыць палітычны характар яе справы ніхто не хавае», — адзначыў Ільяш.

Ён лічыць, што рашэньне аб пастаноўцы на прафіляктычны ўлік варта расцэньваць як ціск на Андрэеву.

Паводле інфармацыі Ігара Ільяша, на прафіляктычны ўлік таксама зьбіраюцца паставіць апэратарку Дар’ю Чульцову, якую асудзілі разам з Андрэевай.

Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску).

Суд прызнаў журналістак вінаватымі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ім прысудзілі 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG