Два гады таму, 1 сакавіка 2019-га, адбылася апошняя «Вялікая размова з прэзыдэнтам», падчас якой у мяне была магчымасьць задаць Аляксандру Лукашэнку пытаньне. Я тады спытаў пра тое, ці не задумваецца ён пасьля чвэрці стагодзьдзя на пасадзе прэзыдэнта пра транзыт улады і ці не асьцерагаецца пакідаць у спадчыну такую палітычную сыстэму, якую сам пад сябе выбудаваў.
«Буду разумець, што настаў час, трэба сыходзіць»
Вось некалькі фразаў зь ягонага доўгага, больш як паўгадзіннага, адказу, якія сёньня, з вышыні пражытага і перажытага, на маю думку, набываюць новыя адценьні, сэнс і гучаньне.
- «Абяцаю вам, што на той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць».
- «Я ня першы тэрмін прэзыдэнт, я ўжо наеўся гэтага прэзыдэнцтва».
- «Я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей я ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць ім у спадчыну».
- «Я выстаўлю сваю кандыдатуру, а вы выбірайце любога, можаце за мяне не галасаваць. Гэта будзе нармальна. Але калі нешта абваліцца потым, калі вы выбралі Пятрова, а не Лукашэнку, я буду спакойны. І калі вы мяне ў нечым папракняце, я вам скажу: „Вы ж маглі за мяне прагаласаваць“».
- «Я не зьбіраюся сваё палітычнае жыцьцё падаўжаць за кошт нейкіх выкрутасаў ці канфігурацый».
- «Калі выберуць іншага, ні ў якім разе не пакрыўджуся. Буду разумець, што настаў час, трэба сыходзіць».
- «Што датычыць пэрспэктывы, у якой новая Канстытуцыя можа быць разгледжаная, — думаю, гэта ня пяць гадоў, а нашмат меней».
І вось мінула два гады. Калі б сёньня адбывалася чарговая «Вялікая размова», можна было б слова ў слова паўтарыць тое маё пытаньне пра транзыт улады і пра меркаваную канстытуцыйную рэформу. А Лукашэнка мог бы амаль даслоўна прадубляваць свае ж ранейшыя адказы: бо ні да перадачы ўлады, ні да новай Канстытуцыі Беларусь ніяк не наблізілася.
Чаго ня скажаш пра грамадзкую атмасфэру ў краіне, пра настроі людзей, пра эканамічную сытуацыю; пра тое, як сёньня ўспрымаюць Беларусь і беларусаў у сьвеце. Тут якраз зьмены калясальныя.
Гэтыя два гады канцэнтраванасьцю падзеяў і зьменаў могуць параўнацца хіба што з першымі двума гадамі прэзыдэнцтва Лукашэнкі (1994–1996), калі імкліва адбывалася згортваньне дэмакратычнай вольніцы і фармавалася аўтарытарная сыстэма.
Увогуле, за мінулую чвэрць стагодзьдзя мы звыкліся з асаблівасьцямі і характэрнымі рысамі беларускага аўтарытарызму. Ён устаяўся, усталяваўся і закаранеў. І здавалася, што далейшага ягонага руху да большага гвалту і крыві адбывацца ня будзе. Аказалася, уражаньне было падманлівае.
Мінулыя два гады — гэта імклівы рух ад параўнальна мяккага лагоднага аўтарытарызму да паўнавартаснай клясычнай дыктатуры. Пры якой гаспадыня, вывешваючы бялізну на бальконе, мусіць думаць, каб камбінацыя колераў вывешаных кашуль ня выклікала сумневу ў яе палітычнай добранадзейнасьці; пры якой журналіст, ідучы асьвятляць акцыю пратэсту, адмаўляецца надзяваць накідку з надпісам «Прэса», бо ведае, што яна шматкроць павялічыць імавернасьць затрыманьня, арышту, а то і пабіцьця; пры якой сьведчыць супраць цябе ў судзе можа чалавек з выдуманымі прозьвішчам і адрасам і закрытым балаклавай тварам, а судзьдзя бязь ценю сумневу будзе ўлічваць толькі гэтыя сьведчаньні, не зважаючы ні на якія іншыя, бо ў краіне «часам не да законаў».
Два гады таму гэта немагчыма было ўявіць нават у Беларусі, дзе і раней здаралася рознае, але да такога ўсё ж не даходзіла.
Зьдзеклівы помнік дыктатару ад удзячнага народу
Калі б «Вялікая размова з прэзыдэнтам» адбывалася сёньня, я, бадай, болей не пытаўся б пра канстытуцыйныя зьмены.
Неяк зацікавіўшыся гісторыяй лацінаамэрыканскіх дыктатур, высьветліў, што рознага кшталту перагляд канстытуцый — традыцыйная цырымонія для таталітарных рэжымаў. Вось, напрыклад, Альфрэда Стрэснэр — адзін з самых вядомых дыктатараў-рэкардсмэнаў (35 гадоў аднаасобна кіраваў Парагваем, 1954–1989). Таксама пасьля 13 гадоў пры ўладзе задумаў перагледзець канстытуцыю — нібыта ў бок лібэралізацыі і большага падзелу паўнамоцтваў.
Канстытуцыю ў 1967 годзе зьмянілі. Фармальна пашырылі паўнамоцтвы парлямэнту, дазволілі ўдзел апазыцыйных партый. Але пры гэтым самому Стрэснэру канстытуцыя дазваляла заставацца пры ўладзе неабмежаваны час. І што ж? Стрэснэр абвяшчаў пра свае трыюмфальныя перамогі на «выбарах» у 1968, 1973, 1978, 1983 і 1988 гадах. Кожны раз «перамога» вымяралася 70-90 адсоткамі. Рэальныя палітычныя канкурэнты адсякаліся яшчэ на далёкіх подступах да выбарчай кампаніі. Знаёмая беларусам гісторыя.
Новая Канстытуцыя можа быць такой жа імітацыяй, як і любыя іншыя нібыта дэмакратычныя інстытуцыі ва ўмовах аўтарытарызму — парлямэнт, суд, мясцовае самакіраваньне. І тое, што ў ёй можа зьявіцца магчымасьць галасаваць паводле партыйных сьпісаў, ня значыць абсалютна нічога.
Пры камуністычным рэжыме ў Польшчы, ГДР, Баўгарыі было па некалькі палітычных партый (акрамя камуністычнай). Яны нібыта ўдзельнічалі ў выбарах, атрымлівалі месцы ва ўрадах і сваёй наяўнасьцю сьведчылі пра «шматпартыйную народную дэмакратыю». У сапраўднасьці гэта былі марыянэткавыя структуры, якія кроку ня сьмелі ступіць без узгадненьня з кампартыйным кіраўніцтвам.
Альфрэда Стрэснэр гатовы быў кіраваць Парагваем і пасьля 35 гадоў прэзыдэнцтва (здароўе дазваляла). Ды найбліжэйшае атачэньне зрабіла пераварот. Давялося ўцякаць у суседнюю Бразылію. Там ён пражыў яшчэ 17 гадоў. Часта гуляў сам з сабой у шахматы і вудзіў рыбу. Шмат разоў прасіў дазволу вярнуцца, каб памерці на радзіме, але новыя ўлады краіны дазволу на гэта яму не далі.
Парагвайцы зрабілі з 35 гадоў дыктатуры свае высновы.
Стрэснэр, як і многія іншыя дыктатары, разьлічваў на асаблівае месца ў нацыянальнай гісторыі. Помнік сабе любімаму паставіў у сталіцы Асунсьёне яшчэ пры жыцьці. Нашчадкі распарадзіліся ім своеасаблівым чынам. Бронзавую статую дыктатара раздушылі бэтоннымі блёкамі — так, што з-пад бэтону відаць расплюшчаны твар і рукі, якія нібыта спрабуюць выкараскацца з-пад цяжкага прысуду гісторыі. На зьдзеклівым помніку надпіс: «Ніколі больш!»
У Парагваі пасьля дыктатуры Стрэснэра быць прэзыдэнтам даўжэй за адзін пяцігадовы тэрмін забаронена — без усялякіх выключэньняў.
Задаваць Лукашэнку непрыемныя пытаньні вочы ў вочы больш няма каму
Адкладзеная размова Наступная «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якую плянавалі на 12 сакавіка 2020 году, была перанесеная «на няпэўны тэрмін». Натальля Эйсмант тады запэўнівала, што «справа ня толькі і ня столькі ў каранавірусе», колькі ў загружанасьці Лукашэнкі: замежных візытах, графіку сустрэч, падрыхтоўцы пасланьня ды іншым.
Яшчэ праз год, напярэдадні сакавіка 2021-га, ніхто пра чарговую «Вялікую размову» нават ня згадвае. (Хоць колькасьць замежных візытэраў у Менск за гэты час катастрафічна зьменшылася, а сьпіс замежных візытаў кіраўніка дзяржавы скараціўся фактычна да аднаго кірунку).
Нават калі нешта падобнае і адбудзецца, гэта ўжо будзе зусім іншая размова з зусім іншым падборам удзельнікаў. Тыя нешматлікія незалежныя і замежныя журналісты і экспэрты, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы 1 сакавіка 2019-га, хто пазбаўлены акрэдытацыі, хто вымушаны быў зьехаць з краіны, хто змагаецца за выжываньне сваіх загнаных у кут выданьняў.
Задаваць Лукашэнку непрыемныя пытаньні вочы ў вочы больш няма каму. Праўда, гэта не азначае, што такія пытаньні не гучаць у іншых месцах — на вуліцах, плошчах, у дварах.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.