У індзейцаў гуарані ёсьць такая легенда. Калі бог Тупа стварыў Парагвай, ён паглядзеў на плён рук сваіх і задумаўся. Усё тут было прыгожа і цудоўна, усяго было досыць: былі густыя лясы, у якіх вадзілася розная зьвярына, паўнаводная рака, дзе хапала рыбы, узгоркі, урадлівая глеба, птаства, цёплы клімат, бавоўна, тапіёка, тапіры і брамнік Чылавэрт, карацей: рай на зямлі, жыві-не-хачу. І падумаў бог Тупа: нешта я перабаршчыў. І, каб неяк зраўняць парагвайцаў зь іншымі народамі, даў ён ім самае паганае ў сьвеце начальства...
Уначы 3 лютага 1989 году амбітны парагвайскі генэрал Радрыгес, пакрыўджаны на тое, што надоечы яго сабраліся адхіліць ад пасады, павёў свае дывізіі на прэзыдэнцкі палац. Так скончылася амаль 35-гадовае кіраваньне дыктатара Парагваю Альфрэда Стрэснэра. Напалову немец, напалову парагваец, ён любіў радзіму, як самога сябе, але сябе ўсё ж крышачку больш. Тая крышачка імгненна вырасла да памераў жалезнага каўпака, які ад сярэдзіны пяцідзясятых накрыў парагвайцаў так, што сьвежае паветра звонку да іх папросту перастала даходзіць. Зьдзейсьніўшы дзяржаўны пераварот, Стрэснэр пачаў распараджацца краінай так, быццам гэта яго ваенная здабыча. Ён арганізаваў у Парагваі некалькі дзясяткаў канцлягераў і фактычна легалізаваў гандаль рабамі. Ён называў сваім імем усё, што трапіцца пад руку. Ён...
На гэтым адрозьненьні ад Беларусі канчаюцца і пачынаюцца аналёгіі.
Лёзунгі, як і дыктатуры, рэдка бываюць арыгінальныя. Каб разьвесіць паўсюль плякаты «За Парагвай!» і «Квітней, Парагвай!», вялікага розуму не патрабуецца. «Бацька Альфрэда. Мір і прагрэс» — такія словы суправаджалі кожнага парагвайца, куды б ён ні накіраваўся. Што да міру, то, здавалася б, доля праўды тут была: Стрэснэр парушыў старую парагвайскую традыцыю, якая з часоў сьмерці прэзідэнта Франсія патрабавала кожны дзень ладзіць хаця б невялічкі дзяржаўны пераварот. Што лепш — дзяржаўны пераварот ці такая вось стабільнасьць а-ля Стрэснэр, сказаць цяжка. Пры гэтым уладар Парагваю ня гідзіўся вайсковых апэрацый на чужой тэрыторыі і ахвотна ўлазіў у ваенныя блёкі, калі яму гэта было выгодна.
Асаблівага прагрэсу таксама не заўважалася. Прынамсі, ніхто не прыгадвае часы Стрэснэра з каўбаснай настальгіяй і сьлязой па бясплатнай адукацыі і мэдыцыне. Парагвай быў адной з самых бедных краін Лацінскай Амэрыкі, дый цяпер значна прайграе ў параўнаньні з суседнімі Бразыліяй і Ўругваем.
Ніхто мяне ня любіць... Ня маючы іншых прыяцеляў, ён сябраваў са сваімі калегамі-душагубцамі, Піначэтам і паўднёваафрыканскімі расістамі. Маўляў, я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду. І не павёў.
Ён абвясьціў кантрабанду галіной дзяржаўнай эканомікі, і гэта таксама нешта падазрона нагадвае.
Ён хаваў у Парагваі нацыстаў і іншых злачынцаў. Зусім як у нас, дзе, здаецца, для кожнага кандыдата ў Гаагу гатовы і стол, і дом.
Ён завёў сабе ручны парлямант, які паслухмяна прымаў выгодныя яму законы, умеў браць ношку і стаяць на задніх лапках. Трыццаць пяць гадоў гэтая «палатка» стварала ілюзію, што яна ёсьць, і зьнікла разам са Стрэснэрам.
У адрозьненьне ад сталінскай і гітлераўскай дыктатур, якія стварылі пэўную прывабную эстэтыку, што эфэктыўна дапамагала дурыць маладыя галовы, большасьць дыктатураў у сьвеце ў гэтым сэнсе абсалютна бяздарныя і невыносна пошлыя. «Сябрам усё, ворагам закон» — гэта была ўлюбёная прымаўка Стрэснэра, а на гэтым эстэтыкі не пабудуеш. Як і на дажынках, «застабільнасьці» і дробнай помсьлівасьці і калгасным мадэрнізме беларускай улады.
Ён арганізаваў сапраўдны генацыд індзейцаў гуарані. Беларускамоўная меншасьць у РБ пакуль што не пачуваецца ахвяраю генацыду, але што такое бяспраўе, яна ведае дастаткова добра. Ды і трыццаціпяцігадовага стажу тутэйшы Стрэснэр яшчэ не дасягнуў.
Ён лічыў, што дзяржава — гэта ён. Ну, і ягоныя дзеці.
Ён памёр у бразыльскім выгнаньні, на самоце, усімі пракляты і забыты. І мусіў радавацца, што памірае ад пнэўманіі ва ўласным доме, а не ў турме.