Крама нацыянальных сувэніраў і сымболікі «Князь Вітаўт», якая працавала ад 1 траўня 2017 году, зачыняецца 28 лютага 2021. Як паведамляюць яе ўласьнікі, гэта зьвязана з ціскам сілавых і катрольных органаў.
У заключны дзень працы крама анансавала акцыі і распродаж тавару.
11 лютага прайшоў другі суд у справе крамы. Па выніках праверкі, праведзенай Аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, краме налічылі штрафаў за парушэньні амаль на 80 тысяч рублёў. Пасьля аспрэчваньняў сума скарацілася да 23 тысячаў.
Да судоў крама некалькі разоў зачынялася праз ператрусы і візыты сілавікоў з рознымі мэтамі. Асноўныя прэтэнзіі падатковай інспэкцыі, на падставе якіх судзілі краму, зьвязаныя з транспартаваньнем тавару: у некаторых накладных былі няправільныя адрасы разгрузкі.
Уладальнік крамы Алег Чапараў назваў выяўленыя дзяржаўнымі органамі парушэньні зусім нязначнымі, на якія звычайна ніхто не зьвяртае ўвагі, бо з-за іх ніхто і ня церпіць.
Ператрусы і праверкі адбываліся ў краме і ў папярэднія гады. Калісьці сілавікам не спадабаліся цішоткі з выявай аўтазаку і надпісам «Welcome to Belarus».
Штрафы і сталі прычынай закрыцьця крамы. Раней «Князь Вітаўт» існаваў і ў Віцебску як філія берасьцейскай крамы, аднак праіснаваў зусім нядоўга праз эканамічныя праблемы.